«Вялікая размова» як ілюстрацыя да бестселера «Чаму адны краіны заможныя, а другія бедныя»
Забяспечваць устойлівы эканамічны рост беларуская мадэль не здольная. Аднак не маюць рацыі тыя, хто яе за гэта асуджае, — не для таго яна будавалася.
Праблема эканамічнага росту — цэнтральная ў эканамічнай навуцы. Дзе рост, там і матэрыяльны дабрабыт. На жаль, беларускай мадэлі ў гэтым сэнсе даўно ўжо няма чым выхваляцца. Яе «залаты век» прыйшоўся на нулявыя гады. Але шчасце аказалася нядоўгім, і ў 2010-я тэмпы росту спікіравалі з 7,4 да 1%.
Натуральна, узнікаюць два класічныя пытанні: «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?». Натуральна, на афіцыйным узроўні ў дзяржаве для народа ніхто на іх адказы не даваў і даваць не збіраецца, што чарговым разам і пацвердзілася падчас «Вялікай размовы».
У каго што баліць, той пра гэта і гаворыць. За восем гадзін, калі меркаваць па афіцыйнай стэнаграме, слова «заточки» было згадана чатыры разы. З дапамогай гэтага няхітрага інвентару, кіраваныя заходнімі лялькаводамі мясцовыя калабаранты, пераапранутыя ў жаночыя белыя сукенкі, спрабавалі сцерці беларускую дзяржаўнасць. Але ўзброеныя да зубоў прафесіяналы з КДБ, МУС, Савета Бяспекі і Дзяржпамежкамітэта не вагаліся. Яны выстаялі, «як нашы дзяды ў пераможным 1945-м».
Ці да эканомікі тут, да адказнасці за яе вартыя жалю вынікі, калі свет імкліва змяняецца — і не на нашу карысць? Здавалася б, яшчэ ўчора ў нас былі ўсе падставы прэтэндаваць на ролю донара еўрапейскай стабільнасці. Бяры, не хачу. А сёння — мы фарпост, мы «ключ да ўсёй постсавецкай прасторы».
Ні для каго не сакрэт, што рухае лялькаводамі і калабарацыяністамі, але я дазволю сабе нагадаць: «Матэрыяльны інтарэс — падзяліць і распрадаць народную, дзяржаўную ўласнасць. І глыбока напляваць ім на тое, што ў многіх беларусаў жыццёвы ўзровень значна ўпадзе. Яны пра гэта не думаюць».
Цікавыя лічбы
Не стану аспрэчваць меркаванні тых спецыялістаў, хто лічыць працу амерыканскіх эканамістаў Дарона Аджэмоглу і Джэймса Робінсана «Чаму адны краіны заможныя, а іншыя бедныя» самай важнай з папулярных кніг па эканоміцы ў XXI стагоддзі.
Аўтары спрабуюць даць адказ на пытанне «чаму» з дапамогай прыметнікаў «экстрактыўны» (атрыманы шляхам здабывання, экстрагавання) і «інклюзіўны» (які прадугледжвае ўключэнне каго-небудзь, чаго-небудзь у агульную карціну, у нейкае мноства).
Для цікаўных растлумачу мудрагелістыя тэрміны — і працытую прафесара гісторыі культуры ў Кембрыджы Аляксандра Эдкінда: «У экстрактыўнай дзяржаве ваенна-адміністрацыйная эліта і працоўнае насельніцтва падзеленыя культурнымі бар’ерамі. У ёй няма мабільнасці. Эліта збірае свае даходы з працоўнага насельніцтва, руцінна ўжываючы гвалт і з дапамогай гвалту ахоўваючы сябе ад зрынання ўласным насельніцтвам(выдзелена. — С. Н.).
У інклюзіўнай дзяржаве падобных межаў няма. Эліты фарміруюцца на аснове мерытакратыі (улада, заснаваная на заслугах) — гэта ключавое паняцце. Эліта ўключае ў сябе лепшых, а тыя забяспечваюць пасільную працу ўсіх астатніх. Але, вядома, — гэта ідэал, ні ў адным грамадстве пакуль не атрымалася яго дасягнуць. Разам з тым розныя грамадствы набліжаюцца да яго разнастайнымі спосабамі».
Дзесьці набліжаюцца, а дзесьці — аддаляюцца, прычым імкліва. Дастаткова прыгадаць «нашу Расію», якая сфарміравала за адно пакаленне «новае дваранства».
Тэарэтычная канструкцыя амерыканскіх эканамістаў пацвярджаецца практыкай: толькі інклюзіўныя дзяржавы забяспечваюць доўгачасовы эканамічны рост. Аднаўленчы рост, як гэта дэманстравала беларуская мадэль на раннім этапе свайго існавання, не павінен уводзіць у зман. Адна справа — «скакаць» ад нізкай базы, выкарыстоўваючы пры гэтым працоўныя і матэрыяльныя рэсурсы дакрызіснага перыяду, і зусім іншая — расці ў канкурэнтным асяроддзі за кошт інвестыцый. А толькі такі рост у наш час можа быць устойлівым.
Крыху афіцыйнай статыстыкі. Інвестыцыі ў асноўны капітал за першае паўгоддзе 2021 года скараціліся на 7,2% (за першае паўгоддзе 2020-га — на 1,4%). Доля ж інвестыцый у ВУП склала 16,6%. Гэта не проста мала. Гэта вельмі мала. Сусветная практыка сведчыць, што пры значэнні гэтага паказчыка ніжэй за 25% на ўстойлівы рост разлічваць не прыходзіцца.
Цяперашні рост на 3,3% не павінен уводзіць у зман. Расія павялічыла пастаўкі нафты — вырас беларускі ВУП, скараціла пастаўкі, як гэта было ў мінулым годзе, — пайшоў ВУП уніз. Так што не ўсё ў руках Божых. Многае ў руках Крамля.
Яшчэ адна цікавая лічба. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў у студзені-чэрвені павялічыліся на 3,4%, а раздробны таваразварот — толькі на 0,01%! І куды ж пайшла розніца? Здагадка, што, нібы Скрудж Макдак з мульціку, беларусы панеслі грошы ў банк, не праходзіць. За другі квартал тэрміновыя банкаўскія ўклады скараціліся больш, чым на 1,6 мільярда рублёў.
Адважуся выказаць здагадку, што з банкаў грошы перавандравалі пад матрацы — у дзяржаве для народа так надзейней.
Каэфіцыент нацыянальнай своеасаблівасці
Што агульнага паміж недзяржаўнымі і дзяржаўнымі сацыялагічнымі службамі ў Беларусі? Ні першыя, ні другія не паведамляюць вынікі сваіх даследаванняў на грамадска-палітычныя тэмы. Першыя — у сувязі з забаронай на правядзенне такіх даследаванняў, другія — з мэтай прадухілення ўцягнутасці (інклюзіі) грамадзян у палітыку.Тым не менш, аднойчы пракол здарыўся. У часопісе Інстытута сацыялогіі НАН РБ «Сацыялагічны альманах» за 2013 год на старонцы 164 маецца вельмі цікавая табліца.
Хто сёння мае поспех у беларускім грамадстве? (у працэнтах ад колькасці апытаных):
- Крымінальна-мафіёзныя структуры — 74,3
- Той, хто займае высокую пасаду, знаходзіцца ва ўладзе — 61,0
- Чалавек з сувязямі — 45,1
- Прадпрымальны, дзелавы — 30,2
- Высокакваліфікаваны, таленавіты — 6,7
- Працавіты — 4,7
На думку беларусаў, вось такая яна — беларуская мадэль. І такі яе галоўны вынік у будаўніцтве нацыі. Хочаш мець поспех — кідай працу і падавайся ў мафіёзі. Гэта вам не НІСЭПД з яго вынікамі, атрыманымі на каленках, у чым добрапрыстойных грамадзян на працягу многіх гадоў пераконваў былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Ігар Катляроў. Гэта сам Катляроў у чыстым выглядзе. Мне застаецца толькі зняць перад ім бейсболку — таму што ў маім гардэробе капялюш адсутнічае.
Каб сваім дылетанцкім меркаваннем не змяніць сэнс табліцы, прывяду фрагмент аўтарскага каментара: «Значна меншая колькасць рэспандэнтаў адзначаюць ролю якасцяў, якія, згодна з класікамі сацыялагічнай навукі А. Смітам і М. Веберам, забяспечылі сацыяльна-эканамічны прагрэс заходняга, у першую чаргу англасаксонскага, грамадства».
Здзівіў, аднак! Якая нам справа да сацыяльна-эканамічнага прагрэсу! Мы ідзем сваім шляхам — і гэты шлях прагрэсу не прадугледжвае. У нас іншыя прыярытэты. Хто не згодны, хай назаве персону, якая, не трымаючыся сінімі пальцамі за ўладу, здолела ў англасаксонскім свеце перамагчы шэсць разоў запар на прэзідэнцкіх выбарах. Не можаце згадаць?
Рэкамендую яшчэ раз паглядзець на табліцу. Калі раздзяліць першы радок на апошні — дзель складае 15,8! Збяруся з сіламі і падам заяўку на зацвярджэнне ў гуманітарных навуках новага паняцця: каэфіцыент нацыянальнай своеасаблівасці. Пераплюнуць беларусаў будзе няпроста. Таму мае рацыю той, хто пераконвае нас, што пад бізуном акупантаў з NATO беларусы хадзіць не будуць. Ніякія акупанты ні з захаду, ні з усходу нам для гэтага не патрэбныя.
Хто каго эксплуатуе?
Аддаваць перавагу экстрактыўным інстытутам перад інтэрактыўнымі беларуская мадэль была схільная заўсёды. Але пасля падзей жніўня 2020-га гэта схільнасць набыла другое дыханне. Таемнае стала відавочным — і сёння з галоўнай трыбуны адкрытым тэкстам кажуць, што «выяўлена выразная заканамернасць: рост колькасці некамерцыйных арганізацый — гэта маркёр падрыхтоўкі каляровых рэвалюцый. Пад выглядам дабрачыннасці, сацыяльна значных праектаў яны адпрацоўваюць чужую палітычную замову».
Чужую — гэта ў першую чаргу англасаксонскую, тую, што згодна з Інстытутам сацыялогіі, забяспечвае сацыяльна-эканамічны прагрэс. Але ў нас — зрэшты, як і ў калегі па Саюзнай дзяржаве, — свой шлях.Вось як яго асаблівасць апісвае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі РАН Генадзь Аксёнаў:«У Расіі буржуазія эксплуатуе, вядома, працоўных, але ж саму буржуазію разам з працоўнымі эксплуатуе ўлада. У Расіі ўлада вызначае склад эканамічнай эліты, а не эканамічная і іншыя эліты вызначаюць склад улады. Вось прынцыповае адрозненне нашага шляху ад еўрапейскага. І мы боўтаемся ў гэтым балоце і пакуль не вылезлі з яго».
А хто сказаў, што мы збіраемся з яго вылезці?