У Вярхоўнай Радзе Украіны запатрабавалі ад уладаў Кіева аднавіць мемарыял загінулым беларусам
Дэпутаты Вярхоўнай Рады назвалі частковы дэмантаж мемарыялу загінулым беларусам «рэзананснай і шакавальнай падзеяй»

Мемарыял беларусам, якія загінулі ў баявых дзеяннях за Украіну. Фота wikipedia.org
Група дэпутатаў
Вярхоўнай Рады Украіны звярнулася да кіеўскіх уладаў і ў Міністэрства адукацыі
Украіны з патрабаваннем умяшацца ў сітуацыю вакол мемарыяльнага знаку
беларусам, якія загінулі ва Украіне з 2014 года, піша Свабода.
«Просім вас неадкладна ўмяшацца ў сітуацыю, спыніць знішчэнне мемарыяльнай дошкі, якая ўшаноўвае памяць беларусаў, якія аддалі жыццё ў барацьбе за Украіну. Забяспечыць поўнае аднаўленне мемарыяльнай дошкі і не дапусціць у будучыні актаў вандалізму ў дачыненні да помніка з боку адміністрацыі ўніверсітэту», — адзначаецца ў дэпутацкім звароце, які мае ў сваім распараджэнні Свабода.
Дэпутаты назвалі частковы дэмантаж мемарыялу «рэзананснай і шакавальнай падзеяй».
Прадстаўнікі Вярхоўнай Рады Украіны падкрэслілі, што помнік усталяваны на сродкі сяброў і блізкіх загінулых, а Кіеўскі саюз ветэранаў Антытэрарыстычнай аперацыі дапамагаў прайсці ўсе інстанцыі — ад Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі да раённай рады і ўласнікаў будынку, каб атрымаць усе дазволы на ўсталяванне помніка.
Як стала вядома Свабодзе, кіраўніцтва каледжу, на сцяне якога знаходзіцца мемарыял, перамясціла знятыя герб «Пагоня» і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» у падвал навучальнай установы.

Часткова дэмантаваны мемарыял беларусам, якія загінулі ў баявых дзеяннях за Украіну. Кіеў, кастрычнік 2023 года. Фота www.facebook.com/olga.halchenko
Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», паведаміла Свабодзе, што пасля іхнага наведвання каледжу ягонае кіраўніцтва вырашыла вярнуць на месца надпіс «Слава Украіне!». Беларускі нацыянальны і ўкраінскі дзяржаўны сцягі пакуль на мемарыяле адсутнічаюць.
Ініцыятары стварэння мемарыялу звярнуліся ў Службу бяспекі Украіны і паліцыю з патрабаваннем разабрацца з дзеяннямі кіраўніцтва каледжу і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту тэхналогій і дызайну.
1 кастрычніка стала вядома, што ў Кіеве пашкодзілі памятны знак беларусам, якія загінулі за Украіну, адкрыты ў 2016 годзе на вуліцы Беларускай: з помніка зніклі надпісы «Слава Украіне», «Жыве Беларусь», герб «Пагоня» ды нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны.
Мемарыял, які ўрачыста адкрылі ў сакавіку 2016 году, ушаноўвае памяць Міхася Жызнеўскага, які загінуў у 2014 годзе падчас «Рэвалюцыі годнасці», а таксама тых беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеянняў.
Яшчэ да маштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну 24 лютага 2022 году, у баях на ўсходзе Украіны загінулі 10 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва ўкраінскіх Узброеных сілах.