У Менску адбываецца «Кангрэс патрыятычных сілаў» – хто прыехаў?

Пакуль мы з вамі думаем як вызваліць Беларусь, у сталіцы нашай краіны адбываецца цэлы Кангрэс, у якім бяруць удзел пралукашэнкаўскія дзеячы, акрамя гэтага – эўрапейскія і нават украінскія прадстаўнікі. Прысутнасьць віцэ-сьпікера сэрбскага парлямэнту, здаецца, не нясе нічога добрага для Андрэя Гнёта. Што там адбываецца?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Павал Хадзінскі

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Павал Хадзінскі

Ішла вайна народная

Як ні саромеюцца арганізатары, стартавала імпрэза з паказу кадраў хронікі Вялікай Айчыннай (кадраў Другой Сусьветнай напэўна не паказвалі, напрыклад тыя кадры, дзе ў 1939 годзе ў Берасьці нацысты і камуністы праводзілі сумесны парад пасьля сумеснага захопу польскай тэрыторыі), каб наглядна прадэманстраваць прысутным: «Беларусь добра памятае, што такое вайна, і сёньня наша галоўная мэта — не дапусьціць паўтарэньня тых страшэнных падзеяў. Нашую краіну і суседнія дзяржавы наўмысна правакуюць на ваенны канфлікт. Амэрыканцам не патрэбная моцная Эўропа, таму яны спрабуюць акунуць нас у хаос»,  — сказаў Але Гайдукевіч, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. «Наша мэта — паказаць эўрапейскім партнэрам, што мы ня хочам вайны».

Тамада сьмешны і конкурсы цікавыя.

Арганізатарам гэтага форуму выступіў Алег Гайдукевіч, ужо ў другім пакаленьні спарынг-партнэр Лукашэнкі, які некалі служыў у сталічным РАУС, а сёньня ажно так званы віцэ-сьпікер так званай палаты прадстаўнікоў.

«У нас сёньня знаходзяцца ў гэтай залі прадстаўнікі Сэрбіі, Славаччыны, Балгарыі, Польшчы, нашыя сябры з Нямеччыны, Аўстрыі, Украіны, Расеі. І ўсім ім мы хочам заявіць: мы ведаем, што такое вайна. Міт аб ізаляцыі Беларусі праваліўся даўно. Мы ўжо бачым, Кітай, Блізкі Ўсход, візіты прэзідэнта, адносіны з многімі краінамі сьвету. Але сёньня мы паказваем, што Эўропа з намі. Мэта кангрэса — за мір і разьвіцьцё. Мы сёньня раскажам гэтым людзям, якія прыехалі з Эўропы, што мы нікому не пагражаем, што гэта Эўропу хочуць увесьці ў хаос вайны».  

Сэрбскія матывы

Сэрбска-беларуская шэрань

Сэрбска-беларуская шэрань

Як паведамляюць пралукашэнкаўскія каналы, «у Палаце прадстаўнікоў праходзіць сустрэча намесьніка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзіма Іпатава з віцэ-сьпікерам Парлямэнту Рэспублікі Сэрбія Ёванам Янічам. Сустрэча праходзіць у рамках Кангрэса патрыятычных сілаў "За мір і разьвіцьцё" па запрашэньні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, прымеркаванага да 80-годзьдзя вызваленьня Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Нагадаем, фактычна толькі наўпроставае рашэньне міністра юстыцыі Сэрбіі можа выратаваць беларускага актывіста Андрэя Гнёта ад экстрадыцыі ў лукашэнкаўскія засьценкі.

Адзін з кіраўнікоў Сэрбіі прысутнічае на «зьлёце недабітых» у Менску, і можна толькі дзякаваць Богу, што ён з сабою не прывез патэнцыйную ахвяру антынароднага рэжыму ў Беларусі.

Хто такі Ёван Яніч? Ён прадстаўнік папулісцкай партыі «Мы – голас народа». У сэрбскім парлямэнце на выбарах 2023 года яны атрымалі 6 з 250 месцаў.

У 2024 годзе гэты дзеяч быў у Расеі, дзе заявіў:

«Я жадаю паказаць, што сэрбскі народ любіць расейскі народ і спадзяецца, што гэтая любоў працягнецца. Гэта вайна цывілізацый. Пра гэта сьведчыць Аляксандар Дугін. Аб гэтым указвае Патрыярх Кірыл. Гэта бітва паміж Хрыстом і Антыхрыстам.

Гэта бітва паміж дабром і злом. Зло, якое сёньня захапіла сьвет, сутыкаецца з супрацівам дабра, на чале якога стаіць Расея»

Кіраўнік польскай партыі

Кшыштаф Талвінскі. Скрыншот прапагандысцкага канала СТБ

Кшыштаф Талвінскі. Скрыншот прапагандысцкага канала СТБ

Сярод прысутных быў Кшыштаф Талвінскі, старшыня польскай партыі «Фронт». Ён заявіў:

«Бясьпека ў Эўропе павінна абапірацца на сучасную Расею. Ніхто ня можа быць выключаны, каб мы, эўрапейцы, маглі перажыць гэтыя цяжкія перыяды, нам неабходна такое супрацоўніцтва, як сёньня тут, у Менску, патрыятычных сілаў, якія маюць сьмеласьць сказаць, што такая палітыка, якую мы праводзім, так званая англасаксонская, разбуральная, згубная для Эўропы».

Цікава, ці сустракаўся паляк са сваім калегам, шпіёнам і былым судзьдзёй Томашам Шмідтам, і ці паказалі яму, дзе павесіўся нядаўна ўцякач зь яго краіны Чэчка?

А хто ўвогуле гэты Талвінскі? Гэта фэрмер, які ўжо прынамсі трэці год прыязджае на лукашэнкаўскія імпрэзы і прамаўляе ад імя «сапраўдных палякаў і непрадажнага Захаду». Па факце – гэта маргінальная асоба, чыя ў 2023 годзе створаная партыя не маю аніякага ўплыву ў польскім грамадзтве, што пацьвярджаецца любымі выбарамі, дзе прадстаўнікі Талвінскага імкнуліся прыняць удзел.

Гэтая групоўка мае яскрава прарасейскую арыентацыю (і верагодна фінансаваньне) і заклікала спыніць пастаўкі зброі ўкраінцам і «падтрымліваць выпрацаваныя пасьля 1945 года гарантыі бясьпекі мяжы і сяброўскую палітыку з Расейскай Федэрацыяй».

Галоўны «патрыёт» Беларусі Гайдукевіч працягвае: «Вы прыехалі ў Менск, і заўтра ў вас скажуць, што вы прабеларускія і прарасейскія. А гэта не так, вы пранацыянальныя! І мы хочам, каб і ў вас патрыёты былі ва ўладзе! І каб Эўропа стала незалежнай і моцнай».

Буслы ляцяць. Фота: sb.by

Буслы ляцяць. Фота: sb.by

Ад каго незалежнай – няхай застанецца таямніцай так званага палітыка.

Апроч таго ў межах гэтага мерапрыемства ў так званай Палаце прадстаўнікоў Беларусі прайшлі сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргея Рачкова з парлямэнтарыямі Балгарыі і Славаччыны. Таксама плянуецца афіцыйнае ўручэньне пасланьняў ад кіраўніцтва сэрбскага, балгарскага і славацкага парляментаў, адрасаваных кіраўніцтву беларускай палаткі, якая з 1996 года зьяўляецца падкідышам беларускага парлямэнтарызму.

Гайдукевіч і сябры лічаць, што «Кангрэс патрыятычных сілаў з гэтага часу стане штогадовым. Чакаецца, што ў 2025-м да мерапрыемства далучыцца дэлегацыя з Францыі».

Раскапаюць напэўна якога паўжывога камуніста з Тулузы.

О, дзівосны, новы сьвет.