«У Еўрасаюзе змогуць развесці рукамі і сказаць: «Мы зрабілі што маглі».

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» піша пра нашумелы званок Меркель, пра шанец улад выйсці з з міграцыйнага крызісу і пра тое, чаму яны гэтага не зробяць.

1_498_1.jpg


Я ўжо трошкі стаміўся ад вандруючага вакол памежнага слупа мультыкультуралізму. Усе стаміліся, як я сабе падазраю. Я б на месцы беларускіх улад і тое стаміўся. На іх месцы, дарэчы, я б стаміўся ў першую чаргу. Таму што, чым даўжэй гэта ўсё зацягваецца, тым больш ва ўсялякіх неканструктыўна настроеных палітыкаў часу, каб уводзіць санкцыі. І, паколькі з папаўненнем мігрантаў узніклі пэўныя лагістычныя цяжкасці, у інтарэсах беларускіх улад хутчэй пазбавіцца тых, якія тут засталіся.

Вось учарашні званок Ангелы Меркель дае нядрэнную падставу, каб скончыць нарэшце «вялікае перасяленне народаў». Можна зрабіць выгляд, што мэта дасягнутая і што дзеля глыбокага маральнага задавальнення ад гэтай размовы ўсё і ладзілася. А не дзеля таго, каб... Я нават не ведаю... Каб яны адмянілі санкцыі? Ці хаця б не ўводзілі новых?

А эксперты сведчання стабільнасці ўжо адлюструюць міжнародны прарыў, як трэба. Яны ўмеюць намаляваць міжнародны прарыў нават з сустрэчы з чалавекам, які прыехаў з Украіны. А тут гутарка з сапраўдным федэральным канцлерам.

Праўда, званок падкрэслена адбыўся ўжо пасля таго, як ЕС абвясціў пра новыя ўзгодненыя санкцыі. Гэта значыць, размовы асобна, а санкцыі — асобна. Галоўнае — не змешваць. І старыя санкцыі ніхто адмяняць не збіраецца. А збіраецца зусім наадварот. Таму што да званка Меркель многія ў гэтым іх Еўрасаюзе паспелі сказаць, што санкцый трэба дадаць.

І гэтак жа падкрэслена, ужо пасля званка Меркель, кіраўнік еўрапейскай знешняй палітыкі заявіў, што ЕС не збіраецца ўпускаць бежанцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Гэта, мабыць, каб не чакалі дарма нямецкія аўтобусы, зрабіўшы са званка няправільныя высновы. Таму што размова была пра тое, як дапамагчы мігрантам, што замярзаюць у беларускім лесе, а не пра тое, як пераправіць іх на другі бок мяжы.

І нездарма для званка абралі Меркель, якая амаль пенсіянер і па гэтай простай прычыне можа гаварыць з кім захоча. Таму што, у адрозненне ад усіх астатніх, ёй няма чаго губляць. Яна можа нават у Мінск патэлефанаваць, без шкоды для свайго палітычнага здароўя, таму што на пенсіі палітычнае здароўе ёй не спатрэбіцца.

А яшчэ адна важная перавага кандыдатуры Меркель у тым, што выкананне абавязкаў канцлера ёю хутка скончыцца. І будучы канцлер не абавязаны адказваць за яе словы. Таму што ў яго ёсць уласнае меркаванне адносна беларускага пытання.

А з другога боку, Ангела Меркель — такі чалавек, якога ўсе ведаюць. Пасля размовы з ёю заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Беларускія ўлады маглі б зараз забяспечыць памежным мігрантам больш камфортнае размяшчэнне ў глыбіні беларускай тэрыторыі, з перспектывай вяртання на радзіму. І, прызнаўшы сваю паразу, выявіць яе для ўнутранага карыстання як вялікую геапалітычную перамогу.

Але, па праўдзе кажучы, я не ўпэўнены, што беларускія ўлады скарыстаюцца гэтай магчымасцю. Таму што... Ну, як... Бываюць жа людзі, якія, атрымаўшы новае карыта, думаюць, што цяпер яны могуць кіраваць морамі і «каб залатая рыбка была ў мяне на пасылках». Вось і беларускія ўлады могуць захацець чаго-небудзь узнёслага. Чаканнай манеты за кожнага мігранта або ўсееўрапейскага пакаяння. І паспрабаваць усё гэта атрымаць, дадаўшы ў гісторыю больш драматызму.

А ў Еўрасаюзе пасля гэтага змогуць развесці рукамі і з поўным правам сказаць: «Мы зрабілі што маглі».