У Беларусі завяршаецца эпоха «прэзідэнцтва» Лукашэнкі?
2023 год стаў для беларускага кіраўніка нечакана добрым, але якім будзе 2024-ты? Пра гэта ў калонцы на «DW» разважае гісторык Аляксандр Фрыдман.
22 снежня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла папраўкі ў закон «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», якія, сярод іншага, рэгулююць статус былога кіраўніка дзяржавы. Экс-прэзідэнту і членам яго сям'і гарантуецца недатыкальнасць, а сам ён становіцца дэлегатам Усебеларускага народнага сходу і можа, пры жаданні, стаць пажыццёвым сенатарам.
Папраўкі ў закон сталі падставай для дыскусій аб будучых перастаноўках на вяршыні піраміды ўлады ў выпадку рашэння Аляксандра Лукашэнкі пакінуць прэзідэнцкую пасаду і перабрацца ў крэсла кіраўніка УНС. Эпоха «прэзідэнта Лукашэнкі» сапраўды падыходзіць да канца?
Добры год для Лукашэнкі
У канцы снежня Маскоўскі «Лявада-цэнтр» апублікаваў вынікі апытання «Галоўныя палітычныя і культурныя падзеі і героі года». У намінацыі «Чалавек 2023 года» пераканаўчую перамогу атрымаў дзеючы прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін (53%), а вось другое месца дасталася Аляксандру Лукашэнку (9%).
Апытанне адлюстроўвае ўзрослую палітычную вагу Лукашэнкі ў Расіі і стане для аўтакрата яшчэ адным прыемным успамінам пра турбулентны 2023 год — нечакана вельмі паспяховы для «нязменнага прэзідэнта» Беларусі.
Першыя месяцы 2023 года не прадвяшчалі Лукашэнку нічога добрага. У лютым Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна, і аналагічны ордэр на арышт Лукашэнкі здаваўся толькі пытаннем бліжэйшага часу. У тым жа месяцы адбылася атака беспілотнікаў на расійскі вайсковы самалёт А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам, у якой многія назіральнікі ўбачылі прадвесце будучага ўкраінскага контрнаступлення. У траўні стан здароўя Лукашэнкі прыкметна пагоршыўся, а сярод праціўнікаў рэжыму нават распаўсюдзіліся чуткі пра хуткую смерць кіраўніка.
Лукашэнка, аднак, даволі хутка аднавіўся і вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў, а далейшыя падзеі развіваліся па спрыяльным для яго сцэнары. Наступ УСУ, на які спадзяваліся дэмакратычныя сілы і якога адкрыта пабойваліся беларускія ўлады, не прывёў да карэннага змянення ходу вайны. Мінск працягвае падтрымліваць Маскву ў яе «спецыяльнай ваеннай аперацыі», але беларускія войскі не задзейнічаны на фронце, а баявыя дзеянні на тэрыторыю Беларусі не перакінуліся.
Эканамічны абвал, які прадракалі асобныя эксперты, не адбыўся, а стан эканомікі застаецца ў цэлым стабільным і нават паляпшаецца — дзякуючы маштабнай расійскай падтрымцы.
Наменклатура дэманструе лаяльнасць
Падчас чэрвеньскага вагнераўскага бунту Крэмль выкарыстаў «малодшага брата» Лукашэнку ў якасці міратворца і перагаворшчыка з Яўгенам Прыгожыным. Перадыслакацыя падраздзяленняў ПВК «Вагнер» у Беларусь, якая рушыла за мяцяжом, а таксама размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі краіны і часам міграцыйны крызіс на межах Беларусі і ЕС узмацнілі ўвагу Захаду да рэжыму Лукашэнкі.
У Вашынгтоне і еўрапейскіх сталіцах, відавочна, не адчуваюць ілюзій з нагоды самастойнасці і дамоваздольнасці афіцыйнага Мінска, але тым не менш не жадаюць падштурхоўваць беларускія ўлады да больш актыўнага супрацоўніцтва з Крамлём. У выніку новыя сур'ёзныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі ў 2023 годзе так і не былі прыняты, а Міжнародны крымінальны суд марудзіць з ордэрам на арышт Лукашэнкі — і гэта пры тым, што беларускія ўлады не хаваюць свайго ўдзелу ў вывазе ўкраінскіх дзяцей, які паслужыў падставай для крымінальнага пераследу Пуціна.
Галоўныя выклікі для рэжыму Лукашэнкі мелі ў 2023 годзе знешнюю прыроду, а вось сітуацыя ўнутры краіны заставалася стабільнай. Наменклатура дэманстравала лаяльнасць кіраўніку, махавік рэпрэсій працягваў разгойдвацца, а грамадска-палітычнае жыццё канчаткова набыло стэрыльны характар. Колькасць палітычных зняволеных за год не зменшылася, а крыху павялічылася і набліжаецца да 1500 чалавек. Шанцы на іх вызваленне выглядаюць прывідна. Заходнія краіны, на падтрымку якіх разлічваюць дэмакратычныя сілы, хоць і жорстка крытыкуюць беларускія ўлады за парушэнне правоў чалавека, але рэальных рычагоў уплыву на афіцыйны Мінск не маюць.
Сямідзесяцігоддзе Лукашэнкі і трыццацігоддзе рэжыму
У канцы лістапада Аляксандр Лукашэнка пакінуў Беларусь на два тыдні і паспеў пры гэтым паўдзельнічаць у канферэнцыі ААН па змяненні клімату ў Дубаі, здзейсніць кароткі дзяржаўны візіт у Кітай, адправіцца ў афрыканскі ваяж, наведаўшы Экватарыяльную Гвінею і Кенію, а таксама адпачыць у ААЭ.
Для кіраўніка, які рэгулярна гаворыць аб змовах заходніх спецслужбаў, асцерагаецца за сваё жыццё і ўладу і рэдка пакідае Беларусь на працяглы тэрмін, паездка насіла незвычайны характар. Яна паказвае, што Лукашэнка перакананы ў стабільнасці свайго становішча, а сваю адсутнасць выкарыстаў і для праверкі сістэмы ўлады, якая з замкнёнай на першай асобе персаналісцкай дыктатуры паступова ператвараецца ў «калектыўную мадэль» з нацыянальным лідарам у якасці вышэйшай кантралюючай інстанцыі.
Сістэма паспяхова вытрымала стрэс-тэст, і гэта дае Лукашэнку падставу з пэўным аптымізмам глядзець у будучыню.
Наступны 2024 год стане для яго асаблівым. У ліпені кіраўнік можа адсвяткаваць сваё трыццацігоддзе знаходжання ва ўладзе, а ў жніўні яму споўніцца 70 гадоў. Гэтыя дзве падзеі ставяць перад Лукашэнкам прынцыповае пытанне аб палітычнай будучыні — самае, бадай, цяжкае пытанне ягонай кар'еры: пакінуць прэзідэнцкую пасаду, перамясціўшыся ва УНС, або і далей «цягнуць лямку»?
На карысць першага варыянта кажуць шаноўны ўзрост, усё больш прыкметныя праблемы са здароўем, велізарны перыяд знаходжання ва ўладзе і абноўленая сістэма дзяржаўнага кіравання, якая дае кіраўніку УНС магчымасць захаваць поўны кантроль над палітычнымі працэсамі ў краіне. З іншага боку, Лукашэнка адрознівае несуцішная прага ўлады, а гісторыя постсавецкіх краін паказвае, што найбольш эфектыўнай мадэллю транзіту ўлады ў аўтарытарных рэжымах з'яўляецца яе перадача ў спадчыну ад бацькі да сына.
Такі варыянт у Беларусі цяпер не праглядаецца, а іншыя варыянты ўтойваюць у сабе пэўныя рызыкі. Лукашэнка з'яўляецца да таго ж закладнікам знешніх абставін. На межах Беларусі працягваецца вайна, а ў Расіі ва ўладзе застаецца рэваншыст Уладзімір Пуцін, які пашырае свой уплыў на Беларусі і не хавае сваіх імперыялістычных намераў.
У наступным годзе Аляксандру Лукашэнку давядзецца паставіць коску ў сказе «сысці з прэзідэнцкай пасады нельга застацца». Сваё рашэнне Лукашэнка яшчэ не прыняў, але магчымасць сыходу ўжо разглядае.