Тэлеканал «Дождж»: Лукашэнку стала блага ў Астане

Расійская тэлекампанія «Дождж» у вячэрнім пятнічным выпуску паведаміла, што стан Аляксандра Лукашэнкі падчас візіту на саміт ШАС у Астане рэзка пагоршыўся. Тэлеканал спасылаецца на ўласныя крыніцы.

eccf666b_d23d_3533_ae25_c4aeb9d6d9f9_850.jpg

Паводле звестак «Дажджу», праблемы са здароўем у Лукашэнкі пачаліся 3 ліпеня праз некалькі гадзін пасля прылёту ў Астану.

«Паводле нашых звестак, праз паўтары-дзве гадзіны (пасля прылёту ў Астану) яго стан стаў рэзка пагаршацца на вачах ва ўдзельнікаў саміту. На наступны дзень, у чацвер, ён выступаў на саміце, сустракаўся з кіраўнікамі дзяржаў, але відаць, што ён выглядае горш, чым два дні таму, і напярэдадні, калі ў ваенным кіцелі прымаў парад у Мінску. Твар бледны, блішчыць, гаворка не вельмі ўпэўненая», — апісаў сітуацыю вядучы Міхаіл Фішман, якога цытуе reform.news.

Далей тэлевізійны сюжэт быў прысвечаны іншым выпадкам недамаганняў беларускага кіраўніка, якія сталі здабыткам грамадскасці. Ніякіх падрабязнасцяў тэлеканал не прыводзіць, акрамя спасылкі на яшчэ адну ананімную крыніцу, якая сцвярджае, што Лукашэнка «вельмі цяжка хварэе і вельмі цяжка пераносіць сваю хваробу».

Інфармацыю расійскага тэлеканала ўскосна пацвярджае фрагмент падчас размовы ў Астане Лукашэнкі і прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Яны сустрэліся на палях саміту ШАС і турэцкі палітык сказаў, звяртаючыся да суразмоўцы: «Я бачу вы ў добрай форме».

Відэа з перамоваў апублікаваў лукашэнкаўскі тэлеграм-канал «Пул Першага».

«Стараюся. Нам іншага не застаецца. Сітуацыю ведаеце вакол», — адказаў Лукашэнка і пры гэтым паабяцаў, шт,о можа быць, раскажа пра гэта больш падрабязна.

Нагадаем, год таму чуткі аб цяжкай хваробе Лукашэнка запусціў Валерый Цапкала. Ён сцвярджаў, што беларускі кіраўнік быў дастаўлены ў бальніцу ў Маскве ў крытычным стане пасля закрытай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Інфармацыя шырока разышлася па сусветных СМІ, але ў далейшым не пацвердзілася.

Разам з тым летась 9 траўня падчас святкавання Дня Перамогі Лукашэнка сапраўды выглядаў як чалавек, які мае вялікія праблемы са здароўем. У Маскве ён тады паныла сядзей на трыбуне с павязкай на руцэ (як мяркуецца, ад катэтэра), а каб ускласці вянок ля Магілы невядомага салдата, яго перавозілі на электракары. У той жа вечар ён вярнуўся ў Мінск, дзе нават не змог выступіць з прамовай да 9 траўня. Замест яго тэкст з паперкі зачытаў міністр абароны Віктар Хрэнін. Пасля гэтага Лукашэнка амаль на тыдзень знік з публічнай прасторы.