Таямнічая Жанна Раманоўская: цуду не адбылося

ЦВК Беларусі падвёў вынікі па здадзеных у тэрытарыяльныя камісіі подпісах.



000020_77426_big.jpg

Увечары 21 жніўня Цэнтрвыбаркам Беларусі падвёў вынікі па здадзеных у тэрытарыяльныя камісіі подпісах, сабраных ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Як паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на БелТА, у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі здалі 1 761 145 подпісаў, Мікалая Улаховіча — 159 805 (у Гродзенскай вобласці ён не сабраў ніводнага подпісу), Сяргея Гайдукевіча — 140 735, Віктара Цярэшчанкі — 130 404 (у Мінску сабраў аж 82 тысячы), Таццяны Караткевіч — 107 299 (з іх амаль 55 тысяч сабраныя ў сталіцы). Яны і маюць шанцы стаць кандыдатамі ў прэзідэнты. Рэгістрацыя кандыдатаў запланаваная на 10 верасня.
Жанна Раманоўская здала ў тэрытарыяльныя камісіі толькі 780 подпісаў, якія былі сабраныя ў Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях. Як вядома, Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін не сабралі па 100 тысяч подпісаў. Аднак у тэрытарыльнай камісіі ў Мінскай вобласці знайшліся 48 подпісаў за Калякіна, якія былі здадзеныя яшчэ да таго, як палітык зразумеў, што не паспявае выканаць "кандыдацкую норму".