Шуневіч нервова адрэагаваў на пытанне аб затрыманнях цыганаў

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаўся з нагоды масавых затрыманняў ромскай дыяспары ў магілёўскім пасёлку Чапаеўка, якія адбыліся пасля трагічнага здарэння з супрацоўнікам ДАІ. "У міністра няма ні прычын, ні нагоды прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?", — так адказаў ён на пытанне Еўрарадыё, ці не варта папрасіць прабачэння ў шматлікіх затрыманых.

nch_001_12.jpg

"Я ацэньваю дзеянні сваіх падначаленых абсалютна абгрунтаванымі і адпавядаючымі тым абставінам, у якіх праводзілася раскрыццё дадзенага асабліва цяжкага злачынства, — кажа Шуневіч. — Для гэтага былі падставы. Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на падставе атрыманых на той час доказаў. Крыніцай гэтых доказаў была інфармацыя ад ахвяры. Таму на той момант нейкіх сумненняў у сапраўднасці ў нас не было. Мы былі абавязаныя праверыць усе версіі. У тым ліку і тую версію, дзе трэба было праверыць некаторую дыяспаральную частку нашых грамадзян. Ацэнку законнасці нашых дзеянняў дасць пракуратура. Калі будзе ўстаноўлена парушэнне, то ўсе, і міністр у тым ліку, адкажуць перад законам".
Як вядома, следства заявіла, што асноўная версія смерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёўскім раёне — суіцыд.
"Вы не баіцеся, што вас абвінавацяць у ксенафобіі?" — запыталіся ў Шуневіча. "Гэта не раз спрабавалі зрабіць, — адказаў міністр. — Гэта не мае сэнсу. Я разглядаю любое сваё выказванне з пункту гледжання выканання сваіх функцыянальных абавязкаў".