Што, зноў?! Мінабароны чарговы раз заявіла, што польскі верталёт парушыў дзяржмяжу
Міністэрства абароны заявіла ў сваім тэлеграм-канале, што польскі верталёт парушыў паветраную прастору Беларусі. Гэта не першая падобная заява беларускага ваеннага ведамства.
«Сёння ў 15.02 сродкамі радыёлакацыйнага выяўлення ВПС і войскаў СПА зафіксавана набліжэнне паветранага судна Польшчы да беларускай мяжы.
Каля 15.20 паветранае судна перасекла мяжу Рэспублікі Беларусь, паглыбіўшыся на далёкасць да паўтара кіламетра. У 16 гадзін 22 хвіліны верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўшыся на 300 метраў.
Інфармацыя пацверджана данымі аб'ектыўнага кантролю. У сувязі з гэтым падымалася дзяжурная авіяцыя», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.
Адзначаецца, што цяпер «высвятляюцца абставіны здарэння, ваенным ведамствам ва ўзаемадзеянні з МЗС рыхтуецца адпаведная нота».
Гэта не першы інцыдэнт, калі беларускі бок абвінавачвае польскі ў парушэнні паветранай прасторы. Зрэшты, здараліся і адваротныя выпадкі.
Так, 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэнне мяжы верталётамі Узброеных сіл Беларусі.
Як паведамляла ведамства суседняй краіны, над польскай вёскай Белавежа ў Падляшскім ваяводстве паблізу польска-беларускай мяжы радыёлакацыйнымі сродкамі былі заўважаны беларускія вайсковыя верталёты.
Тады ў Міністэрства замежных спраў быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі, якому была ўручана адпаведная нота. Беларускі бок адпрэчыў абвінавачванні ў парушэнні дзяржаўнай мяжы.
А 1 верасня ўжо беларускія памежнікі нібыта зафіксавалі з’яўленне польскага верталёта ў паветранай прасторы краіны. Адзначалася, што гэта адбылося ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці.
Беларускае Мінабароны заявіла, што польскі ваенны верталёт Мі-24 на гранічна малой вышыні перасёк дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню да 1200 метраў на тэрыторыю Беларусі, а затым вярнуўся.
Тым разам ужо беларускае МЗС выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Войцэха Філімонавіча. Ад дыпламата запатрабавалі тлумачэнняў і перадалі ў Варшаву ноту з патрабаваннямі тэрміновага расследавання інцыдэнту.
У адрозненне ад беларускага боку, Польшча адразу не абвергла факт парушэння мяжы, паабяцаўшы прааналізаваць сітуацыю. Гэта адбылося пазней.
У Мінску, што нетыпова, тады не сталі нагнятаць сітуацыю. Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што польскі верталёт мог перасекчы мяжу выпадкова.
Раней Лукашэнка неаднаразова казаў, што польскія ўлады
толькі і хочуць, што напасці на Беларусь (а заадно і Украіну), каб «прысабечыць»
частку суверэннай беларускай тэрыторыі. Польскія афіцыйныя асобы ледзь не
прамым тэкстам называлі такія заявы трызненнем.