Сахашчык: У Аб'яднаным пераходным кабінеце я быў валанцёрам

Адзін за адным са створанага Святланай Ціханоўскай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, які дэмсілы ганарліва называюць «протаўрадам», сыходзяць прадстаўнікі розных напрамкаў. Учора пра сваю адстаўку заявіў Валерый Сахашчык — і расказаў «Зеркалу», чаму ён сышоў.

Валерый Сахашчык. Фота: svaboda.org

Валерый Сахашчык. Фота: svaboda.org

Валерый Сахашчык сышоў з пасады прадстаўніка па нацыянальнай бяспецы і абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета. Палітык апублікаваў відэа, у якім абвінаваціў Офіс Святланы Ціханоўскай у арганізацыі кампаніі па яго дыскрэдытацыі і адыходзе ад дамоўленасцей. Што азначаюць яго заявы, як ён ацэньвае сваю працу ў Кабінеце і якім чынам, на яго думку, варта было б рэфармаваць АПК? Пра гэта «Зеркало» спытала Валерыя Сахашчыка.

«Я не веру, што такія рэчы адбываюцца выпадкова»

— Калі вы прынялі рашэнне аб адстаўцы?

— Сёння (1 жніўня. Заўв. рэд.). У нас была дамоўленасць, што я прыеду ў Вільню і буду ўдзельнічаць у канферэнцыі, я да гэтага рыхтаваўся. Але ўсё пайшло крыху не так.

— Чаму і што пайшло не так?

— Была зроблена публікацыя ў «Нашай Ніве», якую нельга назваць па-іншаму, акрамя як заказным артыкулам, у якім няма ні слова праўды. Я не веру, што такія рэчы адбываюцца выпадкова.

Валерый Сахашчык у заяве аб сыходзе сказаў: «Але, на жаль, Офіс Святланы Ціханоўскай праз падкантрольныя СМІ пачаў кампанію па маёй дыскрэдытацыі». Рэдакцыя выдання ўжо пракаментавала яго словы: Падобна, за такую "кампанію" ён палічыў артыкул "Нашай Нівы" — але ацэнка Сахашчыка непраўдзівая. "Наша Ніва" не ўзгадняе сваю інфармацыйную палітыку ні з якім беларускім бокам.

— Чаму вы лічыце, што гэта заказны артыкул? Гэта досыць сур'ёзнае абвінавачанне.

— Гэта сур'ёзнае абвінавачанне, і я гатовы даказаць, што гэта так і ёсць. Таму што ў артыкуле няма аніводнага слова праўды, прыцягнутыя за вушы нейкія незразумелыя рэчы.

Хлопцы, вы ўсе мяне ведаеце, у вас ва ўсіх ёсць мой кантакт, заўсёды можна спытаць у мяне. Я чалавек, якому праз дзесяць дзён споўніцца 60 гадоў, які ўсё жыццё нешта рабіў, прыносіў карысць грамадству. І проста на падставе нейкага слыху робіцца публікацыя.

Зрабіце гэта ў жывым эфіры, патэлефануеце мне, скажыце: «Валерый Сцяпанавіч, у нас ёсць да вас нязручныя пытанні. Як вы глядзіце, каб у жывым эфіры на іх адказаць?» І я скажу: «З задавальненнем, дзякуй, гэта будзе сумленная мужчынская размова». А так, як было зроблена, — гэта проста непрыстойна.

«Зеркало» звярнулася ў выданне «Наша Ніва» з просьбай пракаментаваць словы Валерыя Сахашчыка пра заказны матэрыял.


Глядзіце таксама

— Мы здзіўленыя такой пазіцыяй Валерыя Сахашчыка. «Наша Ніва» ніколі не друкавала, не друкуе і не будзе друкаваць заказныя артыкулы і не ўзгадняе сваю рэдакцыйную палітыку ні з якімі палітычнымі сіламі, — адказала рэдакцыя.

—Хто стаіць за гэтай, як яе назвалі, кампаніяй па вашай дыскрэдытацыі?

— Не буду я ніяк развіваць гэтую тэму. Мне здаецца, дастаткова таго, што я ўжо сказаў. Разумны чалавек зразумее, а астатнім бессэнсоўна тлумачыць.

Я пагаварыў са Святланай Ціханоўскай, яна мне паабяцала, што з іх боку ніякіх скандалаў не будзе. Я ёй сказаў, што я таксама ўсе гэтыя гады ніколі не скандаліў, ніхто ад мяне не чуў аніводнага дрэннага слова на адрас каго б там ні было з нашага дэмакратычнага руху.

І я і далей не хацеў бы гэтым займацца. Мне ёсць што рабіць у жыцці, акрамя скандалаў. Я патлумачыў Святлане прычыну адстаўкі лаканічна і даходліва.

— Вы кажаце, што накіроўвалі Святлане Ціханоўскай прапановы па рэфармаванні Аб'яднанага пераходнага кабінета. У чым яны заключаліся?

— Так, накіроўваў іх ужо не першы раз. Я вельмі добра стаўлюся да Святланы, лічу, што яна здзяйсняе асабісты подзвіг сваёй працай.

Але ўсё было б зусім па-іншаму, калі б яна была нацыянальным лідарам і выконвала прадстаўнічыя функцыі (з чым яна выдатна і спраўляецца), а Кабінетам кіраваў бы чалавек, які валодае сур'ёзнымі навыкамі адміністравання. Мы дасягнулі б несувымерна вялікіх вынікаў.

— У сваёй заяве аб сыходзе вы кажаце, што не паспелі належным чынам абмеркаваць стратэгію дзеянняў і пакласці дасягнутыя дамоўленасці на паперу. У 2022 годзе вы сталі членам АПК, не маючы ўяўлення пра тое, што будзеце рабіць?

— Мы вельмі добра ўсё прагаварылі, у тым ліку і з людзьмі з Офіса Святланы Ціханоўскай, і з ёй самой. Усе важныя рэчы былі названыя, і яна з імі пагадзілася. Таму ў мяне не было падстаў сумнявацца, што я нешта няправільна разумею ці чагосьці не ведаю. Але я дапускаю, што Святлана з прычыны сваёй вялікай загружанасці не прапусціла гэта праз мозг. Можа, нейкія іншыя прычыны былі.

Усё-ткі такія рэчы павінны класціся на паперу, гэта дакладна. Тады, я думаю, мы б не былі б там, дзе мы ёсць.

Я лічу, гэта вялікая страта — тое, што ў Кабінеце няма людзей, якія тады прысутнічалі, тады працавалі (гаворка пра 2022-гі год. Заўв. рэд.). Гэта досыць паважаныя, сур'ёзныя людзі. Але чамусьці яны засталіся за бортам (пра каго менавіта гаворка, Валерый Сахашчык не ўдакладняе. Заўв. рэд.).

«Тое, што абяцаў, я зрабіў»

— Чаму за час вашай працы не ўдалося стварыць нацыянальнае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне? Што будзе з «ротай Сахашчыка»?

— Давайце пачнем з таго, што ўкраінскай дзяржавай у асобе Галоўнай управы выведкі быў створаны полк Каліноўскага (на сайце палка Каліноўскага сказана, што 9 траўня 2022 года «беларускія добраахвотнікі заявілі пра аб'яднанне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага», на базе якога 21 траўня 2022 года быў створаны аднайменны полк.Заўв.рэд.). Гэта чыста ўкраінскі дзяржаўны праект. Калі хтосьці мне запярэчыць, хай прывядзе аргументы, але пакуль я іх не бачу.


Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, ёсць падраздзяленне, якое стварыў я. Яно 15 месяцаў ваявала без ратацыі «на перадку». Хто яшчэ з беларусаў 15 месяцаў бязвылазна прабыў «на перадку»? Я думаю, што ведаў бы, калі б яшчэ нехта так зрабіў. Думаю, такіх няма.

Мы ўпэўнена адваявалі, вельмі добра выканалі сваю задачу. Тое, што я абяцаў, я зрабіў — узброіў роту поўным камплектам стралковай зброі, найлепшай у свеце, сродкамі індывідуальнай абароны, сувязі, прыборамі выведкі і назірання, прыцэламі. Усім, што неабходна, каб людзі маглі паспяхова выконваць баявую задачу. Я падрыхтаваў і навучыў людзей, і лічу, што той факт, што мы за 15 месяцаў «на перадку» не страцілі аніводнага чалавека забітым, гаворыць сам за сябе.

Што будзе з ротай? Дазвольце мне на гэтае пытанне не адказваць. Любое слова, сказанае мною ці іншымі людзьмі на гэтыя тэмы, выліваецца потым у вялікія праблемы. Калі-небудзь беларускі народ усё даведаецца. На дадзены момант я не лічу для сябе дапушчальным абмяркоўваць такія рэчы.

— Якія яшчэ свае поспехі і дасягненні на пасадзе прадстаўніка АПК вы можаце назваць?

— Я шмат магу расказаць, што мы зрабілі. Упэўнены, што будучая армія Беларусі будзе шмат гадоў карыстацца вынікамі нашай працы. Была сабрана бібліятэка аналітычнага матэрыялу датычна баявых дзеянняў у сучаснай вайне. Такога вопыту, такім чынам абагульненага, прааналізаванага і адлюстраванага, я думаю, няма ні ў каго. І мяркую, што нават украінцы гэта не вялі. А мы вялі, і на падставе гэтага я ўпэўнены, што будуць складацца пасля праграмы баявой падрыхтоўкі для будучай беларускай арміі.

У нас ёсць вялікая колькасць вельмі добрых кантактаў з профільнымі структурамі еўрапейскіх краін. Я думаю, што будучая беларуская армія павінна сябраваць не з Туркменістанам і Паўночнай Карэяй, а з еўрапейцамі.

І яшчэ вельмі шмат усяго я зрабіў. Не думаю, што гэты каментар павінен быць вычарпальнай справаздачай аб праведзенай за два гады працы. Думаю, для гэтага патрэбны іншы фармат размовы. Але мне зусім не сорамна за працу, якую я рабіў увесь гэты час.

— Вы гатовыя зрабіць публічную справаздачу аб сваёй працы?

— Так, гэта магчыма, праблемы ніякай няма. Іншае пытанне, што, на жаль, я займаўся дзейнасцю таго кшталту, дзе любая інфармацыя, якую няма неабходнасці публікаваць, вылазіць бокам, «прылятае» па камусьці. І «прылятае» часцяком вельмі сур'ёзна.

Ці трэба яе даводзіць да агульнага ведама? Што гэта зменіць? Я думаю, для гэтай інфармацыі надыдзе свой час, і каму трэба, той яе атрымае. Я ж не ганюся за рэйтынгам, за нейкімі адабрэннямі.

Так, заяўляў, што мы зробім Беларускую вайсковую частку. Я гэта заяўляў на падставе таго, што ў мяне была дамоўленасць ні многа ні мала з самым высокім ваенным камандаваннем Украіны. І мне здавалася, што гэтага дастаткова.

Адпаведная дырэктыва была падпісаная, праца была пачатая, і ўсё ішло нармальна. Але калі палітычнае кіраўніцтва Украіны ўмяшалася ў працэс і яны дасягнулі дамоўленасці з Лукашэнкам, а не з намі, і ў адпаведнасці з гэтай дамоўленасцю заблакавалі і знішчылі гэты праект, то, прабачце, ці карэктна прад'яўляць мне прэтэнзіі?


Глядзіце таксама

— Што вы маеце на ўвазе?

— Маю на ўвазе другі інтэрнацыянальны легіён. Яго штат быў зацверджаны ні многа ні мала галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Украіны. Выдатны штат. Мы пачалі камплектаваць вайсковую частку, усё ішло добра.

Але, прабачце, я ўсяго толькі жывы чалавек — і, называючы рэчы сваімі імёнамі, я валанцёр. Таму што наш Кабінет не быў прызнаны як мінімум Украінай, якая ўстрымлівалася ад афіцыйных кантактаў.

Так, на ўзроўні асабістых сувязей у мяне было ўсё добра з украінскімі вайскоўцамі любога рангу. Але палітычнае кіраўніцтва Украіны лічыла і лічыць дагэтуль, што ім трэба сябраваць з Лукашэнкам. Як я магу на гэта паўплываць?

Пытацца з мяне — гэта лёгка, проста і, напэўна, прыемна. Але мне было б выдатна, калі б пыталіся з мяне людзі, якія што-небудзь разумеюць у гэтым і валодаюць аб'ектыўнай інфармацыяй. А яшчэ лепш, калі б яны самі нешта зрабілі.

Знайдзіце мне яшчэ аднаго беларускага палітыка, які шмат месяцаў правёў на фронце, які за свае грошы, за некалькі соцень тысяч еўра ўзброіў і ўсім забяспечыў падраздзяленне, якое само пахадзіла пад снарадамі і ракетамі. Я цалкам сумленна выконваў сваю працу, на якую падпісаўся.

Напэўна, я зрабіў усё, што было ў чалавечых сілах. Я за гэта спакойны, і сумленне мяне дакладна не мучыць. Калі хтосьці зрабіў больш, то хай пакажа. Я скажу: «Так, ты малайчына, зрабіў нашмат больш, чым я». Але пакуль я пра такіх людзей не чуў.

«Паўнамоцтвы мае былі вельмі ўмоўнымі»

— У відэа вы таксама гаворыце пра абмежаванасць фінансавых рэсурсаў, якія цяжка падзяліць на ўсіх. А цяпер вы сказалі, што былі валанцёрам.

— Я быў валанцёрам, бо я не атрымліваў ніякай заработнай платы. Ні я, ні мая каманда нічога не атрымлівалі — ні заробкаў, ні якой-небудзь іншай фінансавай дапамогі.

Паўнамоцтвы мае былі вельмі ўмоўнымі. Ва Украіне яны не значаць абсалютна нічога. Там я мог нешта вырашаць толькі таму, што валодаю пэўным жыццёвым і службовым досведам і ўмею размаўляць з людзьмі. Дзякуючы гэтаму мне ўдалося нейкія пытанні вырашыць.

Так, калі б Кабінет быў прызнаны ўрадам Украіны, то ўсё было б абсалютна па-іншаму. Урэшце, зброю я не павінен быў купляць за свае грошы, мы павінны былі яе атрымаць ад Узброеных сіл Украіны. Ну, атрымалася так, як атрымалася.

Хачу нагадаць, што я ніколі нікога не агітаваў ехаць на вайну ва Украіну, заўсёды гаварыў, што гэтая вайна не наша. Так, я зрабіў усё, што мог, каб хлопцы, якія там апынуліся з розных прычын, не загінулі. І ў частцы, якая тычыцца маёй роты, у мяне гэта атрымалася. Напэўна, гэта самы лепшы вынік нашай каманды. Толькі таму можна сказаць, што я не дарма гэтым займаўся.

— Яшчэ вы кажаце, што прынялі рашэнне засяродзіцца на развіцці канцэпцыі нацыянальнага прымірэння і грамадзянскага дыялогу. Раскажыце больш падрабязна пра яе сэнс.

— З моманту той самай канферэнцыі 2022 года, на якой я даў згоду ўвайсці ў склад Кабінета, я казаў, што ідэя ўзброенага паходу на Мінск — гэта поўная ўтопія. Чалавек, які прапануе сабраць войска і ісці на Мінск на танках, альбо не разумее, пра што ён гаворыць, альбо правакатар.

Ніякі радыкалізм ні з аднаго боку, ні з другога ні да чаго добрага не прывядзе. Дастаткова прыстойных людзей і сярод тых, хто за перамены, і з боку тых, хто прытрымліваецца іншых поглядаў.

Нельга вінаваціць людзей за тое, што яны не з'ехалі за мяжу ці хаця б не выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Там шмат прыстойных і добрасумленных людзей, патрыётаў сваёй Радзімы.

Я лічу, што нашы выйсце і выратаванне — гэта пераадоленне расколу ў грамадстве і нацыянальнае прымірэнне. Я ўпэўнены, што па гэтым сцэнары ўсё і адбудзецца. Адным з кірункаў нашай дзейнасці было пераадоленне рознагалоссяў паміж вайскоўцамі з розных бакоў.


Глядзіце таксама

— Як вы лічыце, ці патрэбна пасада прадстаўніка па нацыянальнай абароне і бяспецы ў Кабінеце? Можа, вы кагосьці бачыце сваім пераемнікам на ёй?

— Гэта ўжо не мая справа. Тое, што гэтую працу хтосьці павінен рабіць, — гэта абсалютна дакладна. Захаваюцца нашы напрацоўкі, яны пойдуць на карысць Беларусі. А ці будзе Святлана Ціханоўская кагосьці прызначаць на маё месца — гэта яе справа. Напэўна, знойдзе кагосьці. Ёсць зручныя людзі, якія не будуць задаваць ніякіх пытанняў.

Уявіце, што заўтра ў Беларусі адбываюцца дэмакратычныя перамены, а паслязаўтра прыходзіць карны экспедыцыйны корпус Расіі. А па ўсіх дакументах Расія — наш саюзнік, і з ёй ваяваць ніхто не можа. У Беларусі няма аніводнага дакумента, які дазваляе разглядаць Расію ў якасці ворага.

Ёсць маса такіх рэчаў, пра якія ніхто не думае. Ну а мы, наша каманда, пра гэта думалі і дакументы рыхтавалі, займаліся гэтым. Мы рыхтавалі новую ваенную дактрыну. Ніхто не аналізуе наступны статус Беларусі, ніхто не думае, што будзе з краінай пасля падпісання мірнага пагаднення. А мы думалі, пралічвалі і рыхтавалі ўсе дакументы на гэты конт.

Я асабіста ўпэўнены, што Беларусь павінна мець пазаблокавы статус. Так і будзе — яна будзе санітарным кардонам паміж адной цывілізацыяй і другой.

Жыццё ў пазаблокавым статусе — гэта даволі-ткі складаны варыянт, асабліва з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі. Для гэтага трэба вельмі шмат усяго, пачынаючы з асноватворных дакументаў і заканчваючы кадрамі. Мы займаліся гэтымі пытаннямі, правялі вялікую працу.