Рудкоўскі: Настане момант, калі «ціхая рака» разарве дамбу
Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі ў інтэрв'ю «Свабодным навінам плюс» адказвае на пытанне, ці магчымы перазапуск «сацыяльнага кантракту» паміж рэжымам і грамадствам.
Палітолаг Пётр Рудкоўскі лічыць, што абвяшчэнне Лукашэнкам «Года міру» — гэта гульня на настроях грамадства, якое стамілася ад рэпрэсій і чакання ўступлення Беларусі ў вайну з Украінай. Гульня, якая, на думку эксперта, выглядае здзекам: «Такі вось ідэалагічна-псіхалагічны ход, сам па сабе ані кепскі, ані добры. Але, канечне, калі ён агучаны рэжымам, які тэрарызуе ўласнае грамадства і ўцягнуў Беларусь у расійскую вайну супраць Украіны, гэта выглядае як здзеклівая іронія таго самага тыпу, што і лозунг "Праца робіць свабоднымі" на браме Асвенцыма».
Сацыяльны кантракт: немагчымасць дамовіцца
— Пад «сацыяльным кантрактам» прынята разумець маўклівы кансэнсус адносна абмежавання палітычных правоў узамен за бяспеку і эканамічны рост. Ключавы момант тут — наяўнасць пазітыўнай перспектывы для грамадства, — гаворыць Рудкоўскі. — Даходы растуць, злачыннасць зніжаецца, ад усякіх войнаў Беларусь трымаецца як мага далей — вось прыклады такіх пазітыўных фактараў. У нулявыя гады рэжым, сілай спрыяльных абставінаў, меў магчымасць прапаноўваць вось такія пазітыўныя перспектывы.
Цяпер, лічыць палітолаг, сітуацыя зусім іншая, прычым яна пачала мяняцца яшчэ на пачатку пандэміі, калі рэжым не захацеў паклапаціцца пра жыцці людзей. Далейшыя падзеі, уключна з падаўленнем пратэстаў, рэпрэсіямі і падтрымкай Расіі ў вайне з Украінай, прывялі да таго, што ў рэжыму знікла мінімальная магчымасць новай дамовы з грамадствам:
— У рэжыму няма зараз магчымасці перазапусціць сацыяльны кантракт, хоць патрэба ў гэтым вострая. (Згадаць хаця б указ № 411 Лукашэнкі, у якім ён прадпісвае рост ВУП у 2023 годзе амаль на 4% — нерэалістычная задача, але само яе афармленне ў якасці «ўказа» ўскосна паказвае, наколькі вострай з’яўляецца гэта праблема і наколькі роспачна аўтакрат спрабуе яе пераадолець.)
Верагоднасць супраціву
Што датычна таго, ці здольнае беларускае грамадства супраціўляцца дзеянням рэжыму, тут у Пятра Рудкоўскага ёсць сумневы:
— Ясна, што яўнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і пастаянная пагроза вайны наўрад ці каго-кольвечы задавальняе. Іншае пытанне: якая імавернасць таго, што незадавальненне выльецца ў чарговыя пратэсты? Уявім сабе, што хтось вырашыў з дапамогай дамбы затрымаць цячэнне ракі і не прадугледзеў для гэтай ракі іншых, альтэрнатыўных, шляхоў цячэння. Ці рака «захоча» прарваць дамбу, ці «змірыцца»? Правільны адказ: гэта пытанне часу. Калі аўтар гэтай ідэі будзе інвеставаць у дамбу, увесь час яе ўмацоўваючы і ўдасканальваючы, то ёсць шанц, што рака будзе «мірыцца» адносна доўга.
Але тут ёсць дзве праблемы: па-першае, умацоўванне дамбы не адбываецца «бясплатна»: яно патрабуе ўсё болей і болей затрат, па-другое, незалежна ад таго, як шмат ты інвестуеш у дамбу, яна – усяго толькі часовае рашэнне. Калі ты своечасова не знойдзеш спосабаў каналізаваць паток ракі, то настане такі момант, калі «ціхая» рака раптам брутальна разарве дамбу і знішчыць усё на сваім шляху. Нешта падобнае і тут.
Цалкам інтэрв'ю чытайце на «Свабодных навінах плюс».