Пётр Рудкоўскі: «У змрочныя часы любое святло дабрыні і салідарнасці мае асаблівую моц»

Палітолаг, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі ў каментары Філіну расказаў пра галоўныя ўрокі 2022 года. І падзяліўся чаканнямі ад хуткага ўжо 2023-га.

_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


— Якім гэты год быў для Беларусі і беларусаў? Які для нас галоўны ўрок ён даў?

— Змрочны год. Год рэпрэсій — самых жорсткіх у Беларусі з часоў сталінізму. Год расійска-ўкраінскай вайны — самай кровапралітнай у Еўропе з часоў Другой сусветнай. Вайны, у якую аўтакрат уцягнуў Беларусь на баку агрэсара. Год страты выбітных беларусаў — Станіслава Шушкевіча, Адама Мальдзіса, Вітаўта Кіпеля, Алега Гулака. Год пагаршэння эканамічнага становішча.

Нягледзячы на ўвесь гэты змрок, унутры Беларусі і за яе межамі ёсць шмат людзей, якія захоўваюць у сабе дабрыню, любоў, дух салідарнасці і ўсмешку. Многія з іх самі пацярпелі, але пры гэтым захавалі пазітыў і ўменне сеяць дабро.

Гэта самы галоўны ўрок: у змрочныя часы любое святло дабрыні і салідарнасці асабліва свеціць, мае асаблівую моц. І чым больш змроку, тым часцей трэба звяртаць увагу на ўсе праявы дабра, праўды і святла.

Іншы ўрок, больш глабальны: мы ўсе на сваёй скуры моцна адчулі, да чаго прыводзіць дыктатарская ўлада. І наколькі важна пры першай магчымасці, яе пазбавіцца і ўсталяваць дэмакратычны лад, дзе кіраўнікі залежаць ад грамадзян.

— Да чаго варта рыхтавацца ў наступным годзе? Ці можна цяпер нешта прагназаваць?

— Пуцінская Расія слабее на вачах ужо цяпер, а ў наступным годзе яе слабасць стане яшчэ больш яскравай. Паслабленне або параза аўтарытарнага гегемона — гэта заўсёды шанец для краін, што знаходзяцца ў яго арбіце.

Самыя значныя хвалі дэмакратызацыі — першыя гады пасля сусветных войнаў і 90-я гады мінулага стагоддзя — адбыліся таму, што цярпелі паразу тыя ці іншыя аўтарытарныя гегемоны. Паслабленне пуцінскай Расіі адкрывае чарговы шанец для Беларусі. Не цверджу, што ён напоўніцу з’явіцца менавіта ў 2023 годзе (хоць і гэтага не выключаю), але ён ужо на гарызонце.

— Што б вы пажадалі сабе і ўсім нам у новым годзе?

— Веры ў дабрыню і добрай надзеі. Гэта нават больш важна, чым раптоўны развал рэжыму. Захаваць душэўную раўнавагу, здольнасць рухацца далей і веру ў тое, што «нас многа», нас па-ранейшаму многа.