«Рассельгаснагляд» чарговым разам праінспэктуе беларускіх вытворцаў

На наступным тыдні, ад 3 да 6 красавіка, экспэрты «Рассельгаснагляду» правядуць інспэкцыю беларускіх вытворцаў прадукцыі жывёльнага паходжаньня. Пра гэта са  спасылкай на сайт ведамства паведамляе Радыё Свабода

72932ab3_23a4_4a8d_a868_72949a059e07_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.jpg

Канчатковы сьпіс прадпрыемстваў узгадняецца, ня выключана, што па выніках праверкі будзе прынятае рашэньне аб зьняцьці абмежаваньняў на пастаўкі прадукцыі з шэрагу беларускіх камбінатаў.
Цяпер у чорным сьпісе «Рассельгаснагляду» больш за паўсотні беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, у адносінах да якіх дзейнічаюць розныя санкцыі — ад поўнай забароны паставак у Расею да падвышанага кантролю на пунктах праверкі.
Беларускі бок неаднаразова заяўляў пра надуманасьць расейскіх прэтэнзій, а днямі Аляксандар Лукашэнка загадаў падначаленым шукаць новыя рынкі.
«Што тычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі — калі Расея нас не разумее і разумець ня хоча, — заявіў Лукашэнка. — Як яны вырашылі нас нахіляць незразумела за што, то будзем шукаць сваё шчасьце ў іншым месцы. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець».
Дамовы па пастаўках беларускай харчовай прадукцыі ў Расею на другое паўгодзьдзе яшчэ не падпісаныя, перамовы працягваюцца.