Расійскі «ядзерны парасон» у Беларусі — гульня на публіку ці сумная рэальнасць?

Лукашэнка ўжо называе Беларусь «ядзернай дзяржавай» — хаця заявы пра завезеную сюды расійскую ядзерную зброю выглядаюць як блеф. Дык наколькі мы «ядзерныя»? 

108935_800.jpg

Прапагандысты, дэпутаты і іншыя казённыя персанажы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі выскокваюць са штаноў, апяваючы будучае з'яўленне на беларускай зямлі пуцінскага «вундэрвафэ» — ракетнай сістэмы «Арэшнік». Пры гэтым шаблонна паўтараюць, што новая зброя-цуд астудзіць гарачыя галовы на Захадзе. Хоць самім праўладным трубадурам не грэх бы астудзіць запалёнае ўяўленне, піша на «Позірку»Аляксандр Класкоўскі.

Відавочна, што піяр-кампанія, якая апраўдвае і праслаўляе размяшчэнне «Арэшніка» ў Беларусі, зрэжысаваная, «гаворачым галовам» дадзена каманда.

У гэтым хоры прагучаў нават голас «сенатаркі» Алы Смаляк, якая ўзначальвае Гомельскую абласную арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа. Маўляў, без «Арэшніка» ніяк, паколькі нам пагражаюць амерыканскія «тамагаўкі». Карацей, міласэрнасць на маршы.

А праўладны палітолаг Вадзім Ялфімаў у парыве захаплення і зусім заявіў, што новая гіпергукавая зброя «з'яўляецца магільшчыкам NATO», «адмяняе NATO без стральбы — проста абнуляе Паўночнаатлантычны альянс яшчэ ў мірны час».

Пуцін гуляе, пасылае сігнал Вашынгтону і Берліну

Адзначым: падчас гэтай прапагандысцкай кампаніі пра «Арэшнік» у Беларусі гаворыцца як пра вырашанае пытанне. Сам Уладзімір Пуцін, маўляў, паабяцаў.

Але давайце працытуем пасаж расійскага прэзідэнта на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы ў Мінску 6 снежня: «Лічу размяшчэнне такіх комплексаў, як "Арэшнік", на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь магчымым. Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года: па меры нарошчвання серыйнага выпуску такіх комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войскаў стратэгічнага значэння».

Такім чынам, Пуцін сказаў толькі пра магчымасць. І гэта не проста асцярожнасць старога чэкіста. Гэта элемент вялікай гульні, ІПСА, накіраванай супраць Захаду.

Як адзначыў днём пазней намеснік начальніка беларускага Генштаба Сяргей Лагадзюк, «рашэнне аб размяшчэнні комплексу "Арэшнік" на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прынята ў адказ на крокі, што прымаюцца Злучанымі Штатамі і Германіяй па размяшчэнні ракет сярэдняй далёкасці ў Еўропе».

Лукашэнка 10 снежня на прадпрыемстве «Пожснаб» у Барысаве таксама падкрэсліў: «Амерыканцы заўтра з немцамі, яны пра гэта заявілі, будуць на ўзбраенне ў Еўропе ставіць такую зброю — сярэдняй далёкасці. < ... > Мы ў адказ гэта робім».

Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што рашэнне размясціць «Арэшнік» можа быць не цалкам папулярным крокам перад выбарамі.

Верагодна, кіраўнік знаёмы з лічбамі сацыялогіі, ды і ўласны палітычны нюх у яго працуе. Паводле звестак леташняга апытання «Chatham House», 75% беларусаў — супраць размяшчэння ядзернай зброі. Лагічна экстрапаляваць гэтае стаўленне і на новую крамлёўскую «вундэрвафлю», якая, дарэчы, таксама можа быць з ядзернай начыннем.

Вось беларускія дзяржСМІ радасна трубяць, што «Арэшнік» у ядзерным выкананні — гэта 45 Хірасім. Але не трэба быць вялікім экспертам, каб зразумець: пры адказе на беларускай зямлі таксама будзе 45 Хірасім, а тое і больш.

«Малодшы брат» толькі на падхопе

Такім чынам, верагоднае размяшчэнне «Арэшніка» ў Беларусі — гэта перш за ўсё пуцінскі сігнал Берліну і асабліва Вашынгтону: маўляў, узважце яшчэ раз, ці варта цягнуць у Германію новыя ракеты (гэта можа адбыцца ў 2026 годзе).

Магчыма, Крэмль разлічвае, што Дональд Трамп, уступіўшы ў паўнамоцтвы, перайграе гэтую пастанову.

То-бок, гэта вялікія дзядзькі высвятляюць паміж сабой адносіны, мераюцца боегалоўкамі, Мінск жа тут толькі на падхопе, у ролі збраяносца.


Глядзіце таксама

А каб дапамагчы «малодшаму брату» захаваць твар, крамлёўскі ўладар разыграў з ім сцэнку на нядаўнім пасяджэнні ВДС. Таксама чэкісцкая нарыхтовачка. Нібыта гэта Лукашэнка просіць «Арэшнік», а ён, Пуцін, толькі міласціва згаджаецца. Хоць вожыку зразумела, што такія пытанні экспромтам не вырашаюцца.

Лукашэнка нездарма прагаварыўся аб непапулярнасці рашэння. Аднак ён убудаваны ў гульню Пуціна. Зрэшты, гэта той выпадак, калі беларускі ўладар не ўпарціцца.

Ён думае канспіралагічна і, мяркуючы з усяго, у асноўным верыць у тыя страшылкі, якія распаўсюджвае сам, а таксама яго генералы і прапаганда. Што падступнае NATO точыць зубы на сінявокую рэспубліку, палякі хочуць адхапіць як мінімум палову яе зямлі і да т. п.

Мінск выхваляецца «чырвонай кнопкай»

Лукашэнка і яго прапагандысты казыраюць тым, што Пуцін, маўляў, пагадзіўся, каб цэлі для «Арэшніка» ў выпадку яго размяшчэння на тэрыторыі саюзніка вызначаў беларускі бок.

У Барысаве Лукашэнка наогул нарабіў фурору заявай, што ў «Арэшніку» «ўся пускавая ўстаноўка беларуская», яе «МЗКЦ робіць». Многія СМІ разнеслі гэтую вестку ў загалоўках.

Аднак верагодна, што правадыр проста недакладна выказаўся. МЗКЦ — Мінскі завод колавых цягачоў — робіць шасі, якія ахвотна купляе РФ для сваіх рухомых грунтавых ракетных комплексаў.

Шэраг экспертаў мяркуюць, што «Арэшнік» з'яўляецца мадыфікацыяй ракетнага комплексу РС-26 «Рубеж» або скарочаным на адну прыступку ракетным комплексам «Ярс-М». Называюць нават верагодныя маркі мінскага шасі, на якое пастаўлены «Арэшнік», — МЗКЦ-79291 або МЗКЦ-79292.

Што праўда, у Беларусі і сапраўды часткова захавалася інфраструктура яшчэ ад савецкай ядзернай зброі. У прыватнасці, хованкі, у якіх некалі размяшчаліся ракеты сярэдняй далёкасці «Піянер», на думку шэрагу экспертаў, цалкам могуць спатрэбіцца і для «Арэшніка».


Глядзіце таксама

«У нас дзясяткаў з тры такія пляцоўкі», — сказаў Лукашэнка ў Барысаве. Перспектыву ён абмаляваў хітра: «Устаноўку, вядома, мы зробім для сябе самі — пускавую. Ну а ракету бясплатна расійцы нам паставяць». Гэта значыць быццам бы «Арэшнік» з падоранымі «старэйшым братам» ракетамі паступіць у распараджэнне беларускага войска. Але гэта не так.

Так, на пасяджэнні ВДС 6 снежня Пуцін сапраўды заявіў, што «вызначэнне аб'ектаў паражэння на тэрыторыі верагоднага праціўніка, безумоўна, будзе заставацца за вайскова-палітычным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь».

Аднак пры гэтым выразна прагучала, што і ў гэтым выпадку «Арэшнік» будзе ўваходзіць у комплекс Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння (РВСП) Узброеных сіл Расіі. І гэтым сказана ўсё. Ну хто паверыць, што Крэмль дазволіць Лукашэнку фактычна кіраваць ударамі расійскіх РВСП?

У дадатак да ўсяго, размяшчэнне «Арэшніка» на беларускай тэрыторыі азначае, што тут з'явяцца новыя расійскія войскі, магчыма — вайсковыя базы.

А ўсе заявы Лукашэнкі і яго генералаў пра валоданне «чырвонай кнопкай» выглядаюць як блеф.

Лукашэнка падыгрывае крамлёўскай ІПСА

Рэверансы ж Пуціна ў бок «малодшага брата», падкрэсліванне яго суб'ектнасці ў плане размяшчэння і імавернага ўжывання «Арэшнік» можна трактаваць як інсцэніроўку, частку ІПСА.

Сюжэт з размяшчэннем у Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) варта разглядаць у тым жа кантэксце. «Я сюды завёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук», — казырнуў Лукашэнка ў Барысаве. Заўважце, якая мадальнасць: не Крэмль паставіў сваю зброю, а «я завёз».

Пры гэтым паказальна, што Масква не абсякае кіраўніка Беларусі, калі той выдае сябе за гаспадара «ядзеркі» і будучыні «Арэшніка».

Сам Лукашэнка, разважаючы пра магчымае ўжыванне ТЯЗ у інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай у 2023 годзе, не без самалюбавання заявіў: «Хай ворагі, Воля, трымцяць. Шмат хто кажа: "Ну, "бацька", вы ж ведаеце, ён такі ..." Так. Я такі, калі гаворка ідзе пра мой народ, пра маю дзяржаву».


Глядзіце таксама

Карацей, трымайце мяне сямёра. Разлік на тое, што заходнія дзеячы падумаюць: ёсць у Лукашэнкі «чырвоная кнопка» ці не (а можа, і самой ТЯЗ у Беларусі няма), але лепш перастрахавацца.

Між тым, некаторыя крыніцы і сапраўды сумняваюцца, што ТЯЗ у Беларусі прысутнічае.

У чэрвені эксперты «Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру» (SIPRI) адзначылі: няма «пераканаўчых візуальных доказаў таго, што расійскія ядзерныя боегалоўкі і звязаны з імі персанал былі размешчаныя ў Беларусі». У лістападзе да такой высновы ў выніку свайго расследавання прыйшло аб'яднанне былых сілавікоў «BelPol». Днямі навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па вывучэнні праблем раззбраення Павел Подзвіг заявіў: «Няма доказаў, што ў Беларусь дастаўленыя расійскія ядзерныя боегалоўкі».

«Арэшніка» тут пакуль дакладна няма. Але нават калі ў будучым годзе Масква і Мінск заявяць, што новае «вундэрвафэ» ўжо ў Беларусі, гэта не абавязкова будзе адпавядаць рэчаіснасці.

Фірмовая манера Пуціна — браць нашармака. Лукашэнка ж яму ў гэтым падыгрывае.