Прэзідэнт, зручны для ўсіх. Ці чакаць Беларусі чагосьці ад Трампа?

Увесь свет з заміраннем сачыў за выбарамі ў ЗША. Здавалася б, што нам ад тых выбараў за акіянам? Але чамусьці мы надаём гэтаму глабальную ўвагу. І перамога Дональда Трампа, здаецца, нікога не пакінула абыякавым.

Фота з media.radaronline.com

Фота з media.radaronline.com

Цяпер усе варожаць, чым гэта абернецца для нашага рэгіёну. Многія ў гэтым плане расчараваныя вынікам выбару амерыканцаў. Але насамрэч расчароўвацца няма чаго. Таму што Трамп — прэзідэнт-папуліст. Ён кажа адно, а робіць іншае.

Здавалася б, ад пераабрання Трампа павінна выйграць Расія. Але не факт, што ёй ад Трампа будзе добра. Як паказаў аналіз санкцый, праведзены РБК, Трамп наклаў на Расію санкцый ці не больш, чым Байдэн. Санкцыі Трампа тычыліся чаго заўгодна: умяшання ў выбары ў ЗША, «справы Скрыпалёў», парушэнняў правоў чалавека... А санкцыі Байдэна, як правіла, дублявалі ўжо маючыя абмежаванні.

Таму, калі кажуць, што Трамп «прарасійскі» — трэба глядзець на справы, а не на рыторыку.

Шмат у каго таксама выклікае асцярогі план Трампа «скончыць вайну ва Украіне». Трамп у сваёй пераможнай прамове паабяцаў ЗША новы «залаты век» і заявіў, што мае намер «не развязваць войны, а пакласці ім канец». Wall Street Journal падзялілася гэтым планам, які дарадцы прапануюць Дональду Трампу. Выданне сцвярджае, што ён уключае ў сябе замарожванне цяперашняй лініі фронту і абвяшчэнне дэмілітарызаванай зоны ўздоўж яе. Пры гэтым газета кажа, што не ясна, хто будзе забяспечваць бяспеку гэтай лініі, бо адна з крыніц выключыла выкарыстанне амерыканскіх войскаў, кантынгентаў ААН і іншых фінансуемых ЗША арганізацый. Украіна пры гэтым адмовіцца ад планаў уступлення ў NATO мінімум на 20 гадоў, а ЗША працягнуць забяспечваць Украіну ўзбраеннямі. 

Паводле інфармацыі выдання, Трамп атрымаў розныя прапановы дарадцаў, але не ўхваліў канкрэтны план. 

Так, сапраўды, у Трампа, магчыма, ёсць такія планы, і яны могуць аказаць істотны ўплыў на наш рэгіён. Але ці залежыць заканчэнне вайны ад кіраўніка ЗША? Як правільна напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», гэты план упіраецца ў адну маленькую проблемку — Расія гэтую вайну заканчваць не збіраецца.

Акрамя таго, што азначае фраза «замарозка цяперашняй лініі фронту»? Ці кажа яна пра тое, што Украіне адыдзе частка Курскай вобласці Расіі? Наўрад ці на такое пагодзіцца Пуцін, ці не праўда?

Таму «мірнае ўрэгуляванне» Трампа, хутчэй за ўсё, так і застанецца перадвыбарным лозунгам. Дасведчаныя асобы гэта разумеюць, і не ставяць заканчэнне вайны ва Украіне ў залежнасць ад новага-старога прэзідэнта Штатаў. Як паведаміў у сацсетцы x еўрапейскі рэдактар RFE/RL Рыкард Ёзвяк, вайсковая вучэбная місія Еўрасаюза для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў (EUMAM Ukraine) падоўжаная на два гады.

Ваенная вучэбная місія была створана ў кастрычніку 2022 года. Яе мэтай называецца ўмацаванне патэнцыялу ўкраінскіх узброеных сіл для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Фактычна гэта азначае, што вайскоўцы Еўропы не спадзяецца на «мірны план Трампа» і мяркуюць, што вайна ва Украіне працягнецца яшчэ не менш за два гады.

Глядзіце таксама

А Трамп можа абяцаць усё, што заўгодна. Прыкладна як наш Раман Галоўчанка, які на пасяджэнні саюзнага Саўміна прапанаваў кіраўніку расійскага ўрада Міхаілу Мішусціну разгледзець пытанні роўмінгу і чыгуначных тарыфаў. Таго самага роўмінгу, які павінен быў быць адменены ўжо некалькі (прыкладна больш за дзясятак) разоў.

І цяпер гэты роўмінг трэба «разгледзець»

Дарэчы, хто-небудзь памятае пра такую з'яву, як «дарожныя карты інтэграцыі Беларусі і Расіі»? Колькі коп’яў было зламана вакол іх у 2020-2021 гадах! Спачатку іх было 28, потым была інфармацыя пра 30, 26, 31... Напачатку 2022 года тэлерадыёкампанія Саюзнай дзяржавы паведамляла, што Мінск і Масква прасунуліся прыкладна на 30% у выкананні 28 інтэграцыйных карт. А тагачасны пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка казаў, што «мы сапраўды, рэальна створым адзіную эканамічную прастору, адзіную платформу, < ... > якая павінна быць створаная да 1 студзеня 2024 года».

У лістападзе 2024 года, калі ўжо 10 месяцаў павінна працаваць «адзіная эканамічная прастора», расійскі прэм'ер Мішусцін на сустрэчы з калегам Галоўчанкам кажа, што «ў бягучым і ў наступныя два гады важна сканцэнтравацца на паглыбленні інтэграцыі ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, а таксама ў энергетыцы, лагістыцы, у падатковай і мытнай сферах, у навуцы, адукацыі, культуры і іншых галінах. Для дасягнення сумесных мэтаў зацверджаны 31 план мерапрыемстваў. Яны ўтрымліваюць звыш 300 задач. Прыкладна шостая частка ўжо выканана...»

Вось што агульнага ў Мішусціна, Галоўчанкі, Лукашэнкі і Трампа? У іх агульнае роўна адное — усе яны папулісты. Усе яны кажуць адно, а робяць іншае. Ва ўсіх у іх «імідж — нішто, прага — усё». І іх вобраз, які ўкараніўся ў масавай свядомасці, ну ніяк не адпавядае іх справам і ўчынкам.

Напачатку гэтага тэксту мы казалі, што Расія радуецца абранню Трампа. Але гэтак жа радуецца і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які паведаміў, што паразмаўляў з Трампам па тэлефоне, павіншаваў яго і яны «дамовіліся падтрымліваць цесны дыялог і развіваць наша супрацоўніцтва».

І вось тут зразумееш, што Трамп — нейкім чынам презідэнт, які зручны для ўсіх. На словах. А як будзе на справе?

Што ж да беларускіх рэалій і ўплыву на іх асобы прэзідэнта ЗША... «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — закон, які падтрымлівае дэмакратычныя памкненні РБ, канстатуе яе суверэнітэт і незалежнасць, і вызначае некаторыя санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва краіны за парушэнні правоў чалавека — абнаўляецца ў ЗША кожны год. Ён абнаўляўся і пры Абаме, і пры Трампе, і пры Байдэне, і зноў будзе абнаўляцца пры Трампе.

Так што наўрад ці новы тэрмін Трампа нешта зменіць для беларускага кіраўніцтва ў лепшы бок. Нягледзячы нават на тое, што Лукашэнка паабяцаў вылучыць Трампа на Нобелеўскую прэмію міру (хоць у нашай краіне лаўрэат гэтай жа прэміі сядзіць у турме). А вось горш стаць можа. Таму што палітыку ў дачыненні да Беларусі наўрад ці вызначае асабіста Трамп.