Прэзідэнт Польшчы праводзіць міжнародныя перамовы па сітуацыі вакол польскай меншасці ў Беларусі
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што пачаў міжнародныя перамовы ў сувязі з сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі.
У прыватнасці Дуда паведаміў, што абмеркаваў пытанне з генеральным сакратаром АБСЕ Хельгай Шмід (Нямеччына), вярхоўным камісарам АБСЕ ў справах нацыянальных меншасцяў Кайратам Абдрахманавым (Казахстан), прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд, перадае Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
«Эстонія з’яўляецца нясталым чальцом Рады бяспекі ААН. Я папрасіў яе (Керсці Кальюлайд — РС) узняць гэтае пытанне ў Радзе бяспекі. Мы таксама дамовіліся, што я дадаткова напішу ліст у Раду бяспекі ААН з гэтай нагоды», — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Паводле інфармацыі прэзідэнцкай канцылярыі, у размове Дуды з генеральным сакратаром Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч (Харватыя) былі атрыманыя запэўненні, што пытанне пераследу польскай меншасці ў Беларусі будзе ўзнята на наступным тыднi на пасяджэнні Камітэту міністраў Рады Еўропы.
Аб сітуацыі, якая склалася вакол палякаў Беларусі, кіраўнік польскай дзяржавы праінфармаваў таксама вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, былога прэзідэнта Чылі Мішэль Бачэлет.
Акрамя таго, Дуда накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, у якім заявіў, што «рэжым у Мінску атакуе польскую меншасць з палітычных матываў як прадстаўнікоў беларускага грамадства, звязаных з трансатлантычнымі дэмакратычнымі інстытуцыямі». Дуда заклікаў ЗША як краіну, што старшынюе ў Радзе бяспекі ААН, тэрмінова звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед яе грамадзянскай супольнасці, уключаючы польскую меншасць, і разгледзець гэтае пытанне на адным з бліжэйшых пасяджэнняў Рады бяспекі ААН.
Прэзідэнт Польшчы адзначыў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года сітуацыя ў Беларусі стала напружанай і нестабільнай, а на рэалізацыю беларускім грамадствам фундаментальных правоў чалавека «рэжым адказаў рэпрэсіямі».
На думку польскага кіраўніка, міжнародная супольнасць павінна распачаць сур’ёзныя крокі па абароне асабістых свабодаў і правоў чалавека ў цэлым, у тым ліку нацыянальных меншасцяў у Беларусі. У лісце Байдэну ён падкрэсліў, што недахоп увагі і дзеянняў, як сведчыць гісторыя, у канчатковым выніку можа яшчэ больш пагоршыць сітуацыю.