Прапагандысты дамалявалі галаву Вячоркі сербскаму міністру, але селі ў лужыну (фотафакт)
Прапагандысцкі тэлеграм-канал «ЖС Premium» паспрабаваў выдаць фэйкавую фатаграфію поціску рукі дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі і кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка за рэальную, напісаў выкрывальны тэкст, але затым выдаліў пост. Фотамантаж апынуўся занадта відавочным.
20 верасня дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сам
распавёў, што ў калідоры штаб-кватэры ААН да яго нечакана падышоў Алейнік і
паціснуў руку.
«Ён, вядома, паставіў мяне ў ступар, таму што летась дэлегацыя Макея ўцякала ад нас», – прызнаўся Вячорка.
Праз чатыры дні прапагандысты апамяталіся і паспрабавалі растлумачыць паводзіны міністра. У якасці доказу было апублікавана фота «поціску рукі».
«Першае, што кідаецца ў вочы – размова ішла ў перагаворнай, якіх у будынку ААН на час правядзення Генасамблеі ўстанавілі некалькі дзясяткаў – двухбаковых сустрэч у фармаце мерапрыемства ўсё ж такі было нямала. Ну, зусім не падобна, што міністр напаў на небараку дзесьці ў аанаўскім калідоры», — «прааналізавалі» фэйкавае фота аўтары канала, абмешваючы пост абразамі.
Праз некалькі хвілін пост быў выдалены. На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал «Успели», паведамляе Reform.by.
Фота было настолькі відавочнай падробкай, што далейшыя развагі выглядалі недарэчна. На арыгінальным фота побач з Алейнікам міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч. Фота было апублікаванае прэс-службай беларускага МЗС.