Прадстаўніца ЗША: Мы заклікаем беларускія ўлады перастаць ставіцца да сваіх грамадзянаў як да праціўнікаў
Выканаўца абавязкаў намесніка кіраўніка Місіі ЗША Элізабэт Разэнсток-Сілер на пасяджэнні Пастаяннага савета ў Вене 16 красавіка зазначыла, што «ў той час, калі ў працы Пастаяннага савета быў зроблены перапынак, на жаль, не адбылося перапынку ў рэпрэсіях у Беларусі».
— Мы асабліва занепакоеныя правакацыйнымі, палітычна матываванымі арыштамі ўладамі членаў беларуска-польскай абшчыны. Гэтыя арышты суправаджаліся яшчэ больш лютай антыпольскай прапагандай па беларускім дзяржаўным тэлебачанні, а таксама ціскам на школы польскай мовы з мэтай атрымання падрабязнай інфармацыі аб іх настаўніках і вучнях (у тым ліку аб непаўналетніх).
Мы нагадваем нашым беларускім калегам, што іх грамадзяне, у тым ліку і польскага паходжання, не з’яўляюцца іх ворагамі. Мы заклікаем беларускія ўлады перастаць ставіцца да сваіх грамадзянаў як да праціўнікаў, але замест гэтага паважаць іх правы чалавека і асноўныя свабоды. Гэтыя рэпрэсіі, якія падтрымліваюцца дзяржавай, супраць членаў польскай абшчыны суправаджаюцца больш шырокімі рэпрэсіямі супраць ажыццяўлення правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і аб’яднанняў у Беларусі. Мы падтрымліваем намаганні Міжнароднай платформы падсправаздачнасці па Беларусі па зборы доказаў катаваннняў і рэпрэсій з мэтай прыцягнення вінаватых да адказнасці, — сказала Элізабэт Разэнсток-Сілер.