Пра што сведчаць катаванні Бабарыкі лукашэнкаўскімі садыстамі? Тры версіі

Пайшоў пяты дзень, як былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыку трымаюць у шпіталі пад наглядам сілавікоў, інфармацыі пра яго стан бракуе, дыягназ дагэтуль невядомы. Сітуацыя застаецца трывожнай і незразумелай. Што здарылася з вядомым палітвязнем у самай страшнай беларускай калоніі? Чаму такое ўвогуле магло адбыцца? І ці ёсць у гэтай гісторыі схаваныя сэнсы?

Віктар Бабарыка. Фота ТАСС

Віктар Бабарыка. Фота ТАСС

Нагадаем, у ноч на 25 красавіка Віктар Бабарыка быў дастаўлены з наваполацкай калоніі ў мясцовую лякарню. Паводле атрыманых незалежнымі медыя звестак, палітык быў збіты, у яго лёгкіх назапасілася вадкасць, спатрэбілася тэрміновая дапамога медыка.

«НЧ» паспрабаваў разабрацца ў тым, навошта лукашэнкаўскі рэжым катуе апанентаў у зняволенні і даводзіць да таго, што яны аказваюцца на мяжы жыцця і смерці. Ёсць прынамсі тры версіі, якія могуць патлумачыць апошнія трэнды.

Версія практычная: Эксцэс карніка

Галоўны трэнд вядомы — у апошнія месяцы ціск на публічных асобаў, асуджаных паводле палітычных матываў, істотна ўзмацніўся. Ужо даўно няма ніякай інфармацыі ад Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Максіма Знака. Ад вязняў не прыходзяць лісты, абарвалася сувязь праз адвакатаў. Праваабаронцы мяркуюць, што іх наўмысна трымаюць у інфармацыйным вакууме. Той жа Лосік спрабаваў парэзаць сябе ў няволі на знак пратэсту супраць жорсткіх умоў утрымання.

Усё больш звестак пра тое, што калоніі ўвогуле пераўтвараюцца ў сапраўдныя канцлагеры. Нават у СІЗА на Валадарцы ладзяцца налёты людзей у балаклавах са збіццём «палітычных».

У гэтым кантэксце тое, што адбылося з Віктарам Бабарыкам, цалкам можа быць праявай звычайнага садызму лукашэнкаўскіх вертухаяў. Празмернага, бо сучаснаму беларускаму карніку нявыгадна даводзіць вязня да бальнічнага ложка і тым больш — як было з Вітольдам Ашуркам — да смерці. Выгадна — і, відаць, прыемна — проста мучаць, каб той пакутаваў максімальна, падрываў здароўе і сілы, але ўсё ж захоўваў прытомнасць і працаздольнасць на «промцы».

Усё гэтак, але ёсць яшчэ эксцэс выканаўцы. Садызм — справа часта некантраляваная, а межы чужога здароўя невядомыя. То падаецца найбольш верагоднай версіяй менавіта такая — Бабарыку катавалі-катавалі, дый дакатавалі да пнеўматоракса. У кіно ў такіх выпадках кажуць: перастараліся.

Калі так, то крыважэрным пеніцэнтыяршчыкам з наваполацкай калоніі цяпер важна тэрмінова вылечыць былога банкіра, дый неяк супакоіцца. Бо менавіта такія «эксцэсы» вельмі баяцца розгаласу. Нездарма, наконт Бабарыкі дагэтуль маўчыць лукашэнкаўская прапаганда.

Версія палітычная: Падвышэнне ставак

Але ж вядома і іншае — што лукашэнкаўская сістэма гранічна цэнтралізаваная, у ёй рэдка адбываецца нешта такое, што не спушчана з верху (часта з самага верху). Гледзячы на апошнія навіны ад праваабаронцаў, лёгка зрабіць выснову, што ўзмацненне ціску на палітвязняў менавіта санкцыянавана вышэйшымі інстанцыямі, ухвалена на ўзроўні кіраўніцтва.

Навошта гэта Лукашэнку? Ды якраз больш-менш зразумела, навошта.

Палітычныя зняволеныя для рэжыму — не людзі, а актыў. Тавар, які можна прадаць выгадна, з добрай прыбавачнай вартасцю. То чаму б не падвысіць цану, не падняць стаўкі?


Гэта на словах санкцыі і іншыя рашэнні Захаду лукашэнкаўцам не страшныя. Насамрэч — ёсць такое адчуванне — чым гучней яны крычаць, што санкцыі не працуюць, тым больш балюча ім ад гэтых абмежаванняў. І асабліва — перад магчымасцю новых рэстрыкцый, перад скасаваннем шляхоў абходаў санкцыйных бар’ераў. Размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі яўна паскорыць адпаведныя захады, а тут і так ВУП ніяк не хоча расці і з цэнамі ў крамах даводзіцца змагацца з дапамогай пракурорскіх праверак.
Гэта на словах Расія — братэрская дзяржава і ратавальніца ад варожага Захаду. Зноў жа: чым больш пра гэта хваліцца рэжым, тым мацней яму муляе залежнасць ад Крамля з яго паталагічнымі імперскімі памкненнямі.
Зменшыць гэтую залежнасць, выкараскацца з «сяброўскіх» абдымкаў «хаўрусніка» — хіба Лукашэнку гэтага не хочацца? І хай сабе незалежныя эксперты кажуць, што на сёння гэта амаль немагчыма, што «крамлёўскай марыянетцы» нічога не свеціць, у самой марыянеткі на гэты конт можа быць іншае меркаванне.
Магчыма, Лукашэнка ўжо гатовы вызваліць частку палітвязняў у абмен на санкцыйныя паслабленні і іншыя пернікі. Ён ад гэтага нічога не страціць, бо рэпрэсіі і арышты працягваюцца. А сімвалічны выхад на волю нейкай колькасці асуджаных можа прынесці пэўны профіт.
Вось для гэтага і варта павялічыць стаўкі. А ў дадатак — яшчэ і выбіць з вязняў «чыстасардэчныя прызнанні» і хадайніцтвы пра памілаванні. Ціскам, катаваннямі — як заўгодна. Без гэтага даць хаду ідэі немагчыма. Без гэтага пайсці на такія крокі Лукашэнку не дазволіць уласная пыха.

Версія канспіралагічная: Наспявае транзіт

Тут ужо з вобласці «хочаце, верце, хочаце — не», але некаторыя спікеры мяркуюць, што Масква, узяўшы Лукашэнку за каўнер, зусім не адмовілася ад ідэі транзіта ўлады ў Беларусі. Так лічыць палітолаг Дзмітрый Балкунец, пра гэта кажа былы б*йполавец Алег Талерчык. Дый увогуле да вайны такі дыскурс быў досыць папулярны: маўляў, Пуцін выратаваў «малодшага брата» ў 2020-м, а той яму паабяцаў памалу сысці ад стырна.
Пад гэта нібыта і рэферэндум у мінулым годзе зрабілі, і саюзныя праграмы дашліфоўваюць… І наогул, дзе тут супярэчнасці? Украіну імперская Расія хоча захапіць ваенным шляхам, Беларусь — паўзучай інкарпарацыяй праз уладкаванне сваіх людзей ва ўладзе. Лукашэнка тут, канешне, «наш сукін сын», але занадта любіць уладу, схільны да здрады, непапулярны ў беларусаў, дый наогул надакучыў са сваімі аповедамі пра «чатыры пазіцыі» і іншае. Добра было б каго іншага прызначыць. Да электаральнага 2025-га не так шмат часу засталося.
Калі ўявіць, што ўсё гэта мае дачыненне да рэальнасці, то, вядома, Мінск заклапочаны. А асабіста Лукашэнка яшчэ і апантаны старымі фобіямі з 2020-га, калі давялося хапаць і кідаць за краты залётных вагнераўцаў, бо яны ж маглі тут пашчыраваць на карысць прарасійскіх кандыдатаў.
«Прарасійскі» — гэта якраз Бабарыка. Былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» з сувязямі ў Маскве і занадта ўзважанай пазіцыяй у пытаннях БЧБ. І ён жа яшчэ не толькі «прарасійскі», але ў 2020-м і самы папулярны палітык краіны. Які дакладна адолеў бы Лукашэнку ў першым туры, калі б дапусцілі да выбараў і больш-менш палічылі галасы. Няма сумневаў, што пра гэта Лукашэнка ведаў і ў гэтым таксама бачыў «руку Крамля».
Значыць, цяпер патрэбна Бабарыку прэсаваць па максімуме. І не толькі яго, а і яго каманду — тую ж Марыю Калеснікаву, якую напрыканцы мінулага года таксама катаваннямі давялі да рэанімацыі. Ці гэта супадзенне? Канспіролагі не вераць у супадзенні.
Патрэбна прэсаваць — каб не толькі помсціць, а і цалкам пазбавіць палітычных амбіцый. Як некалі Аляксандра Казуліна, які адседзеў і выйшаў узамен на паслабленне санкцый, а потым сышоў з палітыкі.


Ну а калі ўжо транзіт, то ў такім разе лягчэй будзе падсунуць Маскве якую-небудзь кантраляваную Качанаву. А самому сядзець на чале так званага Усебеларускага сходу, грэцца на сонцы і слухаць, як растуць вусы.