Ігар Лосік учыніў спробу суіцыду за кратамі? Што вядома на гэты час

Палітвязень Ігар Лосік у ШІЗА наваполацкай калоніі доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Прынамсі, праваабаронцы паведамляюць, што такую інфармацыю яны атрымалі з некалькіх крыніц.

Палітвязень Ігар Лосік

Палітвязень Ігар Лосік

Былога блогера, журналіста і фрылансера-кансультанта «Радыё Св*бода» Ігара Лосіка выратавалі і адправілі ў медсанчастку. 

Яго адвакат і бацька зараз збіраюцца тэрмінова ехаць у калонію, адзначае «Св*бода».

Цяпер, паводле інфармацыі праваабаронцаў «В*сны», Ігар знаходзіцца ў медсанчастцы пасля спробы суіцыду ў ШЫЗА.

«Св*бодзе» стала вядома, што бацькі Ігара Лосіка ўжо месяц не атрымліваюць лісты ад сына. Маці Ігара паведамляла, што шмат лістоў ад бацькоў ён не атрымліваў, ім таксама даходзілі не ўсе лісты ад сына. Апошні раз адвакат бачыў Ігара ў калоніі ў сярэдзіне лютага.


10 дзён таму адваката да Лосіка не дапусцілі

10 сакавіка ў наваполацкую калонію паехаў адвакат Ігара. Абаронцу ў выніку не дазволілі сустрэцца з Ігарам Лосікам. Прычынай назвалі тое, што палітвязень не напісаў загадзя заявы на сустрэчу з адвакатам, а ў той момант нібыта знаходзіўся на працы і адрываць ад яе зняволеных нельга.

Адвакату паведамілі, што Ігар працуе, з ім усё ў парадку, яму перададуць, каб пісаў лісты бацькам: «маўляў, Ігар хутка напіша».

Пасля абвяшчэння прысуду Дар’і Лосік сужэнцам нібыта дазволілі перапіску. Ігар напісаў Дашы больш за 20 лістоў. Дар’я таксама яму шмат пісала, аднак да Ігара пасля прысуду Дар’і дайшоў толькі адзін ліст ад жонкі.


Ігар вельмі засмуціўся, што не зможа сустрэцца з дачкой Паўлінай на спатканні

У канцы сакавіка бацькі палітвязня збіраюцца на даўгатэрміновае спатканне з Ігарам — «палітычным» дазваляюць спатканне толькі на адны суткі (а не на двое, як звычайным зняволеным). Ігар Лосік раней у лістах вельмі прасіў прывезці на спатканне 4-гадовую дачку Паўлінку. Аднак праз бюракратычныя перашкоды бацькі Ігара з сабой на спатканне Паўліну ўзяць не могуць — яны не з’яўляюцца апекунамі дзяўчынкі. Апякунства афіцыйна аформлена на іншых бабулю і дзядулю — бацькоў Дар’і. Ігар з дакорам напісаў у адным з ранейшых лістоў, што, мабыць, «пабачыць дачку, калі яна школу скончыць».

Бацькі Ігара дапускалі, што ён стамляецца на працы, працуе па 6 дзён на тыдзень на сарціроўцы на нейкім сховішчы. Пасля папярэдняй галадоўкі ў яго пагоршылася здароўе — вынайшлі гіпертанію другой ступені і нават перавялі з лесапілкі на больш лёгкую працу. Да таго ж у Лосіка бываюць перапады настрою.

Як высветлілі праваабаронцы, Ігар Лосік знаходзіўся ў ШІЗА наваполацкай калоніі. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Ігара пасля гэтага здарэння выратавалі, і цяпер ён знаходзіцца ў медсанчастцы.

Бацька Ігара Лосіка Аляксандр зараз тэрмінова звязваецца з адвакатам, разам яны збіраюцца паехаць у наваполацкую калонію, каб на месцы высветліць усе абставіны здарэння. Аляксандр Лосік спадзяецца, што яму дазволяць сустрэцца з сынам у медсанчастцы, як дазволілі бацьку Марыі Калеснікавай некалі сустрэцца ў шпіталі з дачкой.

21 сакавіка спаўняецца роўна 1000 дзён, як Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі. У гэты ж дзень у Вярхоўным Судзе ў Мінску будуць разглядаць апеляцыю на прысуд Дар’і Лосік. 

Ігар і Дар'я Лосікі. Фота з сямейнага архіва

Ігар і Дар'я Лосікі. Фота з сямейнага архіва

Крымінальны пераслед Ігара і Дар'і Лосікаў

  • На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта «Радыё Св*бода» Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
  • Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаны 167 тысяч чалавек.
  • Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
  • 15 снежня пасля выстаўлення другога абвінавачання Ігар Лосік абвясціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
  • 11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачанне. У знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясце на вачах у адваката і следчага, а таксама абвясціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка змясцілі ў карцар следчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку.
  • 14 снежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 у Гомелі суддзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зняволення,

Арцёму Сакаву — 16 гадоў,

Міколу Статкевічу — 14 гадоў,

Дзмітрыю Папову — 16 гадоў,

Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,

Уладзіміру Цыгановічу — 15 гадоў зняволення.

  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса) за інтэрв’ю пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачання, «пазіцыянавала сябе як жонка палітвязня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 года суддзя Брэсцкага абласнога суда Мікалай Грыгаровіч.