Павел Мацукевіч: У «дзяржаве для рэжыму» дыяспара ператвараецца ў галаўны боль

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» тлумачыць, што азначаюць апошнія новаўвядзенні рэжыму, датычныя консульскіх паслуг за мяжой.

Карыкатура dw.com

Карыкатура dw.com

Дублікат абясцэненага грузу

Тэма навеяная скандальнымі нарматыўна-прававымі абнаўленнямі, устаноўленымі на гэтым тыдні ў дзяржаве для народа. Яны стварылі для народа такія пазбаўленні і нязручнасці, як немагчымасць атрымаць, абмяняць або падоўжыць свой пашпарт у пасольствах і генконсульствах Беларусі, аформіць там даверанасць або атрымаць апастыль на дакументы. За ўсім гэтым з гэтага часу трэба адпраўляцца дадому, у царства ГУБАЗіКа.

Не ва ўсіх беларусаў атрымлівалася абмяняць пашпарт у пасольствах і да гэтага, але такія выпадкі насілі адзінкавы характар.

Саджаюць у Беларусі (пакуль) не ўсіх запар, інакш аўтобусы і аўтамабілі, якія курсуюць штодня туды-сюды праз мяжу, перавозілі б паветра, а не пасажыраў. Пры гэтым гарантыі бяспекі няма ні для каго. Паездка дадому — як латарэя, у якой нельга выйграць, але можна шмат прайграць, удала змяніўшы ўклад жыцця на турэмны. 

У тых выпадках, калі латарэя не страшыць і калі месца жыхарства не па суседстве з «Сінявокай», узнікае іншая праблема: як даехаць.

У Беларусь не лятаюць самалёты і не ходзяць цягнікі, не лічачы ўласных і расійскіх, а таму дабрацца туды можа быць справай надзвычай праблемнай і дарагой, калі казаць пра беларусаў, якія пражываюць за далёкімі морамі і акіянамі. Трэба моцна любіць прыгоды, каб у такіх умовах адправіцца ў Беларусь, напрыклад, дзеля новага пашпарта серыі «РР».

Мэты пашпартных навэл у палітыцы ўладаў аналізаваць бессэнсоўна, яны ў характары рэжыму, а недахопу ўяўлення па частцы стварэння праблем у яго няма. Працяг напэўна будзе. Пытанне толькі, які, дзе і калі.


Глядзіце таксама

Наогул гэта бяда для краіны, калі ад яе пашпарта пачынаюць адмаўляцца ўласныя грамадзяне. Улады Беларусі, свядома ці не, робяць усё, каб гэтая з'ява стала масавай. Рэжым проста не пакідае пэўнай частцы беларускіх грамадзян іншага выбару. 

Дзяржава павінна наадварот ствараць матывацыю для грамадзян, трымацца за свой пашпарт, нават у тых выпадках, калі адбываецца пераезд у іншую краіну.

Сіла пашпарта вызначаецца колькасцю краін, якія па ім можна наведаць бесперашкодна. Беларускі да ліку моцных не адносіцца ў прынцыпе. Грамадзянам Беларусі віза патрабуецца ў 106 краінах, а зусім не патрабуецца толькі ў 45. Саўдзел рэжыму ў агрэсіі Крамля супраць Украіны ператварыў беларускі пашпарт і зусім у праблемны, калі ўспомніць, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся нашы грамадзяне за мяжой у першыя месяцы вайны. 

Замежным попытам беларускі пашпарт таксама асабліва не карыстаецца. Міграцыйны баланс на «астраўку стабільнасці» трымаецца на сумленным слове Белстата.

Дзеянні рэжыму падарылі другое дыханне і вялікія надзеі ідэі пашпарта новай Беларусі. Між тым, яго нараджэнне менавіта як пашпарта, а не замежнага праязнога дакумента пад кодам іншай дзяржавы, наўрад ці можа адбыцца раней, чым спыніць сваё існаванне старая Беларусь і яе прызнаны ўсімі краінамі пашпарт.

Тапорны метад барацьбы з галаўным болем

Скарачэнне пераліку консульскіх паслуг у сітуацыі, калі акрамя консульскіх паслуг нішто іншае практычна немагчыма, ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць дыпламатычнай і консульскай прысутнасці Беларусі ў асобных рэгіёнах.

Па вялікім рахунку, гэта тычыцца практычна ўсіх замежных устаноў у заходніх краінах, з якімі ў Беларусі санкцыйны рэжым. У Еўропе 28 беларускіх замежных устаноў у 22 краінах. Палітычнага дыялогу там няма — за асобнымі выключэннямі або калі не лічыць ім выклік дыпламатаў «на дыван» у МЗС для агучвання пратэсту. Эканамічныя адносіны загінаюцца па незалежных ад дыпламатаў прычынах.

Апошнім часам беларуская дыпламатыя магла патроху растапляць лёд ва ўзаемаадносінах з дыяспарай ветлівай прапановай запатрабаваных консульскіх паслуг, за якімі тая вымушана звярталася. Цяпер і гэтая місія невыканальная, паколькі найважнейшыя паслугі канфіскаваныя з дыпламатычнага абароту.


Глядзіце таксама

Сёе-тое з функцый засталося — як, напрыклад, рэгістрацыя шлюбаў, выдача сведчанняў на вяртанне ў Беларусь тым, хто страцілі дакументы. Цалкам магчыма, каб апраўдаць замежнае існаванне. 

Сэнс і праца, якія не бачныя звонку, лёгка прыдумляюцца ўнутры. Капаць адсюль і да абеду можна і ў дыпламатыі: даваць справаздачу аб справаздачах, уносіць прапановы аб мерах на контрмеры, распрацоўваць планы эвакуацыі, ператварыць дні інфармавання ў тыдні і месяцы і гэтак далей. 

Пра глабальнае закрыццё пасольстваў і консульстваў на Захадзе пакуль весці гаворку заўчасна. Гэта будзе апошнім крокам, што апярэджвае або афармляе «жалезную заслону». Да таго ж, такая радыкальная мера не вырашыць аніводнай злабадзённай задачы для беларускага грамадства, каб пра яе меў сэнс марыць. Не даводзіцца сумнявацца, што рэжым пойдзе і на згортванне сваёй дыппрысутнасці, калі палічыць патрэбным. Пакуль жа не выключана некаторае скарачэнне штатаў, магчыма, асобных консульскіх кропак, якое ўлады называюць «аптымізацыяй», хоць і гэта неабавязкова. Беларускія замежныя ўстановы ў еўрапейскіх краінах дык і без таго вельмі малалікія па складзе. 

Паміж функцыяй, якія цяпер выконваюць амбасады і консульствы, і той, якую яны павінны выконваць, утварылася прорва. Прыкладна як паміж «дзяржавай для народа» і тым, чым гэтая дзяржава з'яўляецца ў рэчаіснасці. Па сутнасці, паміж імі няма нічога агульнага. У «дзяржаве для народа» нічога як у людзей.

Асноўная задача ўсёй сеткі дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў заключаецца ў тым, каб быць лабістам і абаронцам інтарэсаў беларусаў, незалежна ад месца іх пражывання або знаходжання. Сетка замежных устаноў якраз павінна ўлічваць гэтыя асаблівасці і гнутка падладжвацца пад турыстычныя або міграцыйныя мэты беларусаў прапановай запатрабаваных консульскіх паслуг на месцах.


Глядзіце таксама

З 2020 года адбываецца значны адток беларусаў з краіны, і рэакцыяй на гэты працэс павінна быць пераразмеркаванне дыпламатычных рэсурсаў Беларусі за мяжой. На практыцы гэта азначае неабходнасць узмацнення консульскай прысутнасці ў Літве, Польшчы, Грузіі і ўсіх іншых краінах, куды масава накіраваліся беларусы, з тым, каб аператыўна задавальняць узрослы попыт на консульскія паслугі і своечасова і эфектыўна дапамагаць у надзвычайных сітуацыях. 

Функцыя дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў — быць побач з беларусамі, каб забяспечваць іх абарону і інтарэсы. Такая лінія паводзін гуляе на імідж краіны і можа добра акупляцца, таму што дыяспара — гэта сур'ёзны рэсурс для прасоўвання інтарэсаў за мяжой. Гэта ў выпадку дзяржавы для народа, а ў выпадку дзяржавы для рэжыму дыяспара ператвараецца ў галаўны боль, з якім той змагаецца сякерай.