Павел Клімкін: Ядзерная зброя і «Вагнер» ніколі не стануць беларускімі
Былы міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін разважае пра тое, чаму Пуцін і Лукашэнка зноў загаварылі пра жаданне Польшчы атрымаць частку Украіны і ў чым тут інтарэс Лукашэнкі.
— Пуцін і Лукашэнка зноў працягнулі спяваць песню пра нібыта жаданне Польшчы атрымаць частку ўкраінскіх тэрыторый, — піша Клімкін у сябе ў Фэйсбуку. — Гэта не новы «куплет», але і не апошні выхад дуэтам.
Пуціну важна з'яднаць унутраную аўдыторыю, якая, як вядома, лічыць Польшчу і палякаў ворагамі. Ён таксама разумее, што Украіна і Польшча будуць ядром новай стратэгіі стрымлівання РФ — пры любых абставінах.
Дзеля спробы ўкінуць яшчэ адну «чорную котку» паміж нашымі краінамі ён будзе паўтараць гэта зноў і зноў. Тым больш напярэдадні выбараў у Польшчы і тым больш на фоне рашэнняў па ўкраінскім збожжы.
Ну і ў расійскай гісторыі ўжо ўсе для яго злодзеі: «Ленін стварыў Украіну», а «Сталін аддаў частку беларускіх тэрыторый Польшчы», і гэтак далей. У гэтым ён парадаксальна мае рацыю: расійская гісторыя — гэта гісторыя злодзеяў ва ўладзе.
З Лукашэнкам цікавей, ён змагаецца за захаванне ўлады і гарантыі для сябе. Тактычная ядзерная зброя і «Вагнер» на тэрыторыі Беларусі, на думку многіх, нават значна ўмацавалі яго пазіцыі. Хоць вонкава ў Беларусі ўсё больш расійскіх атрыбутаў, бо ядзерная зброя і «Вагнер» ніколі не стануць беларускімі, яны заўсёды будуць заставацца расійскімі.
Лаяльнасць многіх беларусаў асабіста да Лукашэнкі таксама пад пытаннем. У нейкі момант будзе дастаткова толькі змяніць сцяг на флагштоку на расійскі — і Беларусь можа стаць новай федэральнай акругай РФ. Што нам (Украіне), вядома, ніяк не падыходзіць.
І не проста так Лукашэнка пачаў размову пра важнасць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Відавочна, што ён не клапоціцца пра нас, а кажа пра сябе.
А войскі нашых саюзнікаў на тэрыторыі Украіны – хоць і не гарантыя нашай бяспекі, але кардынальна яе ўмацуюць на перыяд да ўступлення ў НАТА. Гэта як пераключыць «хуткасць бяспекі».
Крамлю гэта зусім не падабаецца, таму і новы куплет гэтай песні.