Пасля вызвалення Статкевіча нямецкія сацыял-дэмакраты чакаюць ад Мінска далейшых крокаў для актывізацыі адносін Беларусі і ЕС
Вызваленне Мікалая Статкевіча і яшчэ пяці палітзняволеных з'яўляецца важным крокам у правільным кірунку, заявіў віцэ-спікер Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі па пытаннях знешняй палітыкі ў бундэстагу Франц Цёнес.
Франц Цёнес
Пасля кастрычніцкіх прэзідэнцкіх выбараў стане зразумела, ці быў гэта "толькі маленькі, але важны жэст", адзначаецца ў распаўсюджанай 25 жніўня заяве. "Павінны адбыцца далейшыя крокі, каб запусціць працэс паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, свабодай СМІ і сходаў, а таксама руху ў напрамку прававой дзяржавы, — падкрэсліў Цёнес. — Гэта зрабіла б лягчэйшым шлях да актывізацыі адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам".
Паводле слоў Цёнеса, звесткі аб вызваленні Статкевіча і іншых палітзняволеных нямецкія сацыял-дэмакраты сустрэлі з вялікай радасцю і аблягчэннем. Палітык нагадаў, што СДПГ раней крытыкавала
турэмнае зняволенне Статкевіча і ўмовы яго ўтрымання.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН