Памёр палітвязень, знакаміты мастак Алесь Пушкін

Пра трагедыю паведаміла яго жонка на старонцы ў фэйсбуку.

Алесь Пушкін. Фота: Павел Хадзінскі

Алесь Пушкін. Фота: Павел Хадзінскі

Паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі, палітвязень памёр пры нявысветленых абставінах у рэанімацыі.

Алесь — вядомы беларускі мастак, быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Прысуд яму вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 года пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў гродзенскую турму №1, дзе ён і знаходзіўся да смерці.

Сцэна страшнага суда з абраза аўтарства Алеся Пушкіна.

Сцэна страшнага суда з абраза аўтарства Алеся Пушкіна.

Сутнасць абвінавачання

Затрыманню папярэднічала завядзенне 26 сакавіка пракуратурай Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы «Цэнтр гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі і іншых асоб «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму», па ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне варажнечы»). Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-кольвек абвінавачанняў.

Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для завядзення крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы «Цэнтр гарадскога жыцця» 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін «характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні».

У канцы лістапада 2021 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.

Напрыканцы мінулага года было выстаўлена канчатковае абвінавачанне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 («Наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асоб») і арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). 12 студзеня 2022 года справа была перададзена ў суд.

Падчас аднаго з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка, Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот у знак пратэсту супраць уласнага зняволення і 5 тыс. палітычных крымінальных спраў, а таксама патрабаваў вызваліць палітвязняў.

За гэта яго кінулі на 13 дзён у карцар.