Вайсковыя базы: паміж выгадай і небяспекай

Паведамленне пра размяшчэнне расійскіх самалётаў-знішчальнікаў у Беларусі выклікала бурныя абмеркаванні. Міністр абароны Расіі Сяргей Шойгу і Аляксандр Лукашэнка заявілі пра гэта як пра здзейснены факт.



5b46336dd59232f8e5b91e9d82f2e08d.jpg

Су–30

Быццам бы і не трэба вывучаць грамадскае меркаванне, быццам бы і не павінна гэтае пагадненне быць зацверджанае парламентамі дзвюх краін. А калі гэта ўжо «амаль факт», то і ставіцца да гэтага трэба з боку выгады Беларусі.

Першае, што варта падкрэсліць: расійскія знішчальнікі на Беларусі — гэта авіяцыя супарцьпаветранай абароны. Іншымі словамі, гэта не ўдарная авіяцыя, якая пры выпадку можа бамбіць Варшаву ці Вільню. Гэта перахопнікі, што павінны збіваць ракеты і самалёты, якія перасякаюць мяжу Беларусі. Верагодна, гэта будуць самалёты Су–30. Самалёт прызначаны для кіравання групавымі баявымі дзеяннямі знішчальнікаў пры вырашэнні задач заваёвы панавання ў паветры, забеспячэння баявых дзеянняў іншых родаў авіяцыі, прыкрыцця наземных войскаў і аб’ектаў, знішчэння дэсантаў у паветры, а таксама для вядзення паветранай разведкі і знішчэння наземных або надводных цэляў. Пагадзіцеся, паміж Су–30 і стратэгічным бамбардзіроўшчыкам ёсць вялікая розніца.

Пры размове Шайгу і Лукашэнкі казалася пра тое, што ў Беларусі асядзе цэлы полк «сушак». Ці здолее Беларусь прыняць такую колькасць самалётаў?

Як кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін, Беларусь на многае здольная, тым больш, што авіяцыйны полк Расіі, як правіла, складаецца з 24 баявых самалётаў. «Беларусь проста насычаная аэравузламі, якія засталіся нам з савецкіх часоў. Гэта Баранавічы, дзе ў нас 61-я авіябаза, гэта Бяроза, дзе базаваліся знішчальнікі, а зараз, здаецца, цэнтр беспілотнай авіяцыі, гэта Рось, дзе базаваліся бамбардзіроўшчыкі Су–24, Мачулішчы, Бабруйск, Быхаў, дзе базавалася марская авіяцыя. Пытанне толькі ў тым, які з аб’ектаў у лепшым стане», — кажа Алесін.

Паводле ягоных слоў, расійскія ваенныя зацікаўленыя ў тым, каб база была паблізу ад Баранавічаў. Па-першае, гэта не «закінуты аб’ект часоў СССР», а па-другое — побач авіярамонтны завод, дзе можна абслугоўваць і рамантаваць тэхніку.

Шматлікія апазіцыйныя колы пабачылі ў гэтых планах нейкую «расійскую агрэсію», «пагрозу незалежнасці» і гэтак далей. У Беларусі і так існуюць дзве расійскія базы. Гэта радыёлакацыйныя і сувязныя станцыі ў Ганцавічах і Вілейцы. З ваеннага пункту гледжання, менавіта яны, а не расійскі авіяполк, прадстаўляюць найбольшую пагрозу для Беларусі.

Справа ў тым, што ў выпадку ўзброенага канфлікту паміж Расіяй і Захадам, менавіта РЛС у Ганцавічах і Вілейцы будуць першыя сцёртыя з твару зямлі. Бо яны забяспечваюць супрацьпаветраную абарону Масквы (Ганцавічы) і па іх праходзяць загады да атамных падводных лодак (Вілейка). Дзе б ні размясціўся расійскі авіяполк, ён будзе базай «другога ўдару». Нават удару будуць падлягаць не самі самалёты, а інфраструктура — узлётныя палосы, склады з палівам і гэтак далей. А такога дабра ў Беларусі хапае.

Існуе, канешне, і экалагічная небяспека, бо паліва і змазка самалётаў — гэта не жартачкі. Але, на думку Алесіна, «дзякуючы» спадчыне СССР, Беларусь пад экалагічным ударам не апынецца. Проста таму, што падрыхтаваныя пляцоўкі для авіябазаў, з усімі ўзлётнымі паласамі, сховішчамі паліва і змазкі, існуюць практычна ў гатовым выглядзе: прыходзь ды забірай. Толькі ўпарадкаваннем і дробным рамонтам заняцца, канешне, будзе трэба. Дзе больш, дзе менш, але гэтыя савецкія аб’екты захаваныя.

Да таго ж, апошнім часам Беларусь значна скараціла свой «баявы авіяпарк». Беларусь вывела з эксплуатацыі 35 франтавых бамбардзіроўшчыкаў Су–24, не лятаюць 14 самалётаў Су–27 той жа 61-й авіябазы ў Баранавічах, а замяніць іх пакуль нічым не здолелі. Дэфіцыт беларускай арміі зараз — каля 50 самалётаў. Калі лятаць будуць 20 расійскіх замест 50 беларускіх, шмат шкоды экалогіі не будзе.

Самае ж вялікае пытанне — кошт авіябазы. Аналагічны аб’ект NАТO такога кшталту знаходзіцца ў Кыргызстане. Гэта база «Манас». Першапачаткова ЗША арандавалі гэта месца за 15 мільёнаў долараў у год. У маі 2006 года Курманбек Бакіеў заявіў пра намер павысіць арэндную плату за авіябазу з 15 да 207 мільёнаў долараў. У выніку доўгіх перамоваў было падпісана пагадненне аб тым, што ЗША будуць аказваць штогадовую дапамогу Кыргызстану ў памеры 60 мільёнаў долараў ЗША, уключаючы плату за арэнду авіябазы.

«Ганцавічы і Вілейка абыходзяцца Расіі па стаўцы «арэнда нуль». То бок, яна за іх не плаціць», — кажа Алесін, і плануе, што з авіяцыйнай базай будзе тое ж самае. Справа ў тым, што паміж Расіяй і Беларуссю ў вайсковым накірунку вельмі развіты «бартэр». Расія не плаціць за Вілейку, але дазваляе ў адказ беларускаму войску бясплатна карыстацца палігонам «Ашулук», дае ракеты і мішэні. Расія не плаціць за Ганцавічы, але Беларусь мае прэферэнцыі ў пастаўцы расійскіх нафтапрадуктаў, газа і гэтак далей.

«Я не выключаю таго, што з прылётам у Беларусь першага звяна расійскіх знішчальнікаў раптам вырашацца ўсе праблемы па нафтавым балансе. Прылёт авіяпалка дазволіць Беларусі на больш выгадных умовах стварыць холдынг «МАЗ — КамАЗ» альбо кааперацыю расійскіх прадпрыемстваў ВПК з Мінскім заводам колавых цягачоў. То бок, адсутнасць арэнднай платы Расія нам кампенсуе неграшовымі прэферэнцыямі. І зноў будзе бартэр», — лічыць Алесін.

Таму, калі пытанне пра базу ўжо вырашана, трэба думаць, як атрымаць ад яе максімальны даход пры мінімальных унёсках. І першыя вынікі гэтага ўжо ёсць — Расія пагадзілася паставіць у Беларусь чатыры дывізіёны ракетных комплексаў С–300. Праўда, з 2007 года Беларусь спадзяецца атрымаць комплексы С–400. Але даронаму каню ў зубы не глядзяць.