Паглядзіце, як можа выглядаць пашпарт дэмакратычнай Беларусі

На канферэнцыі «Новая Беларусь» Валер Кавалеўскі прадставіў узор новага беларускага нацыянальнага пашпарта.

Узор вокладкі пашпарту

Узор вокладкі пашпарту

Пакуль што плануецца, што такія пашпарты будуць выдаваць тым беларусам, якія вымушана з'ехалі з краіны,  а ў іх інснуючых пашпартоў скончыўся тэрмін дзеяння. Таксама шмат хто з беларусаў замежжа лічыць непрымальным карыстацца пашпартам з сімваламі рэжыму і краіны-суагрэсара.

Зараз будзе весціся праца, каб міжнародная супольнасць прызнала гэтыя пашпарты на ўзроўні пашпартоў Рэспублікі Беларусь, што выдадзеныя рэжымам. 

Але не выключана, што пасля аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі такія пашпарты стануць дзейснымі для ўсіх грамадзян нашай краіны, калі большасць за іх прагаласуе.

Праца над праектам новага пашпарта вялася Геральдычнай радай. Узор новага пашпарта таксама адпавядае міжнародным стандартам. Дасягнута паразуменне з Еўрапейскай камісіяй на шляху прызнання новага пашпарта.

Альтэрнатыўны пашпарт, паводле задумы, мае пацвярджаць беларускае грамадзянства, з ім таксама можна будзе падарожнічаць. Аднак дазвол на ўезд ці пражыванне ў той ці іншай краіне ўсё адно трэба будзе атрымліваць. Але з альтэрнатыўным пашпартам можна будзе адкрываць рахунак у банку, набываць і рэгістраваць тэлефонную сім-карту.

Наступным крокам ёсць праца з нацыянальнымі ўрадамі ўсіх краін ЕС па прызнанні новых пашпартоў, а таксама з іншымі краінамі свету.

Вокладка пашпарта будзе выканана ў чырвона-срэбных колерах з выявай Пагоні, надпісы будуць зробленыя па-беларуску кірыліцай і лацінкай, а на кожнай візавай старонцы будуць выяўлены архітэктурныя перліны нашай краіны.

Магчыма, ужо напрыканцы гэтага года з'віцца фізічны (папяровы) варыянт новага пашпарта. Пры выдачы такіх пашпартоў па-за межамі Беларусі будуць выконвацца ўсе міжнародныя стандарты, у тым ліку па захаванні асабістых даных.

izobrazenie_viber_2023_08_06_17_03_26_290_logo.jpg