Новы пасол Расіі хоча прыехаць у Мінск у канцы траўня
На пытанне, калі плануецца пасяджэнне калегіі МЗС і запыт агрэмана ў Мінска, у прыёмнай Дзмітрыя Мезенцава адказаць не змаглі.
Палітык удакладніў, што плануе прысутнічаць на пасяджэнні камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы 21 траўня. Паводле яго слоў, пытанне спынення паўнамоцтваў сенатара можа быць разгледжана 22 траўня.
1 траўня кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД Леанід Калашнікаў заявіў журналістам, што прызначэнне новага амбасадара ў Беларусі праходзіла з парушэннем працэдуры. Паводле яго слоў, перад прызначэннем пасла прадугледжаны кансультацыі з парламентарыямі па кандыдатуры. Публікацыя ўказа прэзідэнта да абмеркавання ў парламенце — гэта «парушэнне працэдуры», заявіў Калашнікаў.
Паводле інфармацыі расійскіх крыніц, перад прызначэннем Пуціным Мезенцава МЗС Расіі не запытваў у Мінска агрэман, гэтаму павінна папярэднічаць пасяджэнне калегіі Міністэрства замежных спраў, якога яшчэ не было.
30 красавіка Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў амбасадара Расіі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.
Дзмітрый Мезенцаў — кандыдат псіхалагічных навук, член Саюза журналістаў Расіі. Абараніў дысертацыю «Псіхалогія ўплыву СМІ на фарміраванне палітычных установак асобы». Былы генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (2013-2015) і губернатар Іркуцкай вобласці (2009-2012).
naviny.by