Назірай — не назірай

Гледзячы па ўсім, беларускі Цэнтрвыбаркам не збіраецца адмаўляцца ад засвоенага за 20 гадоў рэпертуара. Пра гэта сведчаць выказванні нязменнай кіраўнічкі ЦВК Лідзіі Ярмошынай, зробленыя ёю ў аўторак у Мінску.

dosrochnoe_golosovanie_29151006_phsl_zam_tutby_002.jpg


Ярмошына, як відаць, сама вырашае, хто варты назіраць за парламенцкімі выбарамі ў нашай краіне, а хто — не.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі — гэта чыноўнік, які, паводле заканадаўства і дэмакратычнай логікі,  з’яўляцца толькі “народным наймітам”, прызначаным, каб забяспечваць празрыстае і свабоднае воевыяўленне грамадзян падчас выбарчых кампаній. Але гэта не пра нас. Ярмошына, якая ўжо мазоль на языку, відаць, нацёрла выказваннямі, што з’яўляецца “чалавекам каманды прэзідэнта”, чарговым разам пацвердзіла, што нічога істотнага падчас наступнай электаральнай кампаніі не зменіцца.

17 мая яна закранула ў тым ліку і тэму назірання за выбарамі. Ярмошына паведаміла, што і сёлета будуць запрошаны міжнародныя назіральнікі. У ліку за прошаных будуць АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрапарламент, які, паводле кіраўнічкі ЦВК, ужо выказаў жаданне назіраць за парламенцкімі выбарамі. А вось, “псеўдаміжнародным структурам” у назіранні будзе адмоўлена.

Намі будуць запрошаны аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, якія афіцыйна зарэгістраваны (цікава, што Ярмошына ў дадзеным выпадку мае на ўвазе пад рэгістрацыяй? — аўт.), меркаванне якіх мае вагу ў сусветнай супольнасці. Гэта АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрапарламент. Але ёсць шмат так званых псеўдаміжнародных арганізацый, якія нідзе не зарэгістраваныя, але маюць гучныя імёны. Мы не адносім такія арганізацыі да ліку міжнародных”, — заявіла галава ЦВК.

Можна здагадвацца, што гэтым разам камень высокапастаўленая чыноўніца шпурнула ў гарод праваабарончых ды іншых міжнародных структур, якія займаюцца назіраннем за выбарамі практычна ва ўсім свеце, але не з’яўляюцца аўтарытэтам для афіцыйнага Мінска і шматгадовай “гаранткі” вынікаў электаральных кампаній у Беларусі. Відаць, для яе не з’яўляюцца “міжнароднмі арганізацыямі”, у тым ліку, і  Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), іншыя структуры, якія прызнаныя ва ўсім свеце, але толькі не ў Беларусі.

І пра якую рэгістрацыю вядзецца гаворка? Калі FIDH не зарэгістравана ў Мінюсце Беларусі, то гэта не значыць, што такая арганізацыя не існуе ўвогуле ці дзейнічае нелегальная. Варта нагадаць, што пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе Праваабарончы цэнтр “Вясна” з’яўляецца сябрам згаданай Федэрацыі, а кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзідэнтам гэтай паважанай у цывілізаваным свеце арганізацыі.

Але гэта не ёсць аргументам для такіх дзеячоў, як Лідзія Ярмошына. Калі адысці ад тэмы незалежнага назірання, то старшыня Цэнтрвыбаркама ўжо дала зразумець, што ніякіх істотных зменаў у працэдуры і арганізацыі выбараў не будзе, за выключэннем некаторых касметычных. Выбарчы кодэкс не зведае паправак, улада абмяжуецца толькі некаторымі рэкамендацыямі ў інструкцыі выбарчым камісіям і выканаўчым уладам, кшталту “не прымаць драконаўскія захады падчас агітацыйный кампаніі пры вызначэнні месцаў сустрэч кандыдатаў з выбарцамі”. Але такія рэкамендацыі ЦВК, як сведчыць шматгадовая практыка, як зайцу стоп-сігнал.

Так што абяцанкі ды ўсмешкі “галоўнай па выбарах” у бок еўрапейцаў ды іншых заходнікаў — толькі чарговыя порцыі локшынаў на іх часам занадта наіўныя і даверлівыя вушы. Бо да варажыхі не хадзі — нічога прынцыпова новага падчас правядзення чарговай кампаніі з боку ўладаў мы не ўбачым. Бо сама ўлада гэтага не жадае, а прымусіць яе нешта змяніць няма каму. З прычыны адсутнасці рэальнай альтэрнатывы і супрацьвагі.