Нарвегія цяпер афіцыйна называе нашу краіну Беларусь

Пра гэта паведамляецца на сайце ўрада краіны.

photo_2022_05_29_11_53_53.jpg

З сённяшняга дня Нарвегія афіцыйна мяняе назву нашай краіны з «Hviterussland» (перакладаецца як «Белая Расія») на Belarus, правільную назву будзе выкарыстоўваць і МЗС Нарвегіі, паведамляецца на сайце ўрада гэтай краіны.
Учора, 28 траўня, кіраўнік МЗС Нарвегіі Аннікен Хюітфельд асабіста патэлефанавала Святлане Ціханоўскай і паведаміла ёй пра гэта. Адзначым, што змена назвы адбываецца ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, а раней прыняць правільную назву нашай краіны заклікала Святлана Ціханоўская.
«Мы лічым правільным змяніць назву краіны ў знак салідарнасці з беларускім дэмакратычным рухам», — кажа прэм'ер-міністр Ёнас Гар Стэрэ.
На сайце ўрада сказана, што акцэнт на тым, што назвы «Беларусь» і «беларусы» рэзка адрозніваюцца ад назваў «Расія» і «рускія», з'яўляецца важным сімвалічным пытаннем для беларускага дэмакратычнага руху, які сутыкаецца з усё больш складанымі ўмовамі. Блізкасць да зыходнай мовы з'яўляецца важным фактарам пры вызначэнні замежных тапонімаў на нарвежскай мове. Хаця існуюць гістарычныя і лінгвістычныя аргументы на карысць напісання “Hviterussland” ці “Kviterussland”, але ў канчатковым рахунку гэта палітычнае пытанне.
Цяпер назва Беларусі ў Нарвегіі адпавядае ёй у Швецыі і Даніі, якія змянілі яе ў сваіх мовах у 2019 і 2021 гадах адпаведна.