Міліцыя арыштавала Яўгена Афнагеля і Леаніда Кулакова
Сёння раніцай, 23 сакавіка, арыштавалі аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля. Дом палітыка спрабавалі штурмаваць з выкарыстаннем спецсродкаў.
Пра гэта Charter97.org паведаміла жонка палітыка Кацярына Людвіг.
«Дом быў у аблозе ўжо некалькі дзён, з кожнага боку дзяжурыла па адным «бусіку» з АМАПам, у машыне чалавек шэсць, плюс легкавушкі часам з'яўляліся. АМАП патруляваў усе суседнія вуліцы, ноччу таксама дзяжурылі, разводзілі вогнішчы. Як толькі я выязджала на машыне, за мной адразу ехалі, правяралі, ці няма Жэні, на дарозе да дома дзяжурылі ДАІшнікі.
Сёння раніцай амапаўцы падышлі да дома і сказалі, што ёсць загад на затрыманне ў любым выпадку, нават калі не выйдзе з дома да 26 сакавіка. Сказалі, што будуць браць дом штурмам, выкарыстоўваць спецсродкі, пыталіся, ці ёсць маленькія дзеці ў доме, сказалі, што выломліваць будуць нават міжпакаёвыя дзверы, біць шкло. Пасля таго, як пачалі сцякацца да дома з усіх бакоў, стукаць у дзверы і пагражаць выламаць, Жэня вырашыў выйсці. Сёння будзе суд, ніякіх «даўгоў» па старых акцыях у яго няма», — распавяла жонка палітыка.
Сёння раніцай таксама арыштавалі актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Леаніда Кулакова. Пра гэта ён сам паведаміў у Фэйсбуку.
Нагадаем, што 21 сакавіка ўлады арыштавалі лідараў БНК Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка.
Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзіміра Някляева — на 5 сутак.