Мікалай Статкевіч за апошнія месяцы пяць разоў быў у ШІЗА, пазбаўлены пасылкі і спатканняў

Марына Адамовіч атрымала адказ на свой запыт. І цяпер хаця б ведае, што адбывалася з Мікалаем апошнія месяцы. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

_dsc4283_logo_1_logo_1.jpg


«Якія дзіўныя радасці здараюцца ў жыцці,  — напісала Марына. — Аказваецца, нават не вельмі вясёлыя, але ж навіны могуць радаваць. Сёння атрымала адказ з калоніі на свае запыты. Усяго толькі праз 95 дзён поўнай невядомасці.

Безумоўна, гэта не ліст ад Мікалая і вясёлага мала ў гэтым адказе, але... Той, хто нічога не ведае пра сваіх родных, мяне зразумее.

36 спагнанняў, з іх 14 — ШІЗА (5 — за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Зараз, верагодна, у ШІЗА таксама альбо толькі выйшаў.

Чарговы раз пакараны знаходжаннем на працягу паўгода ў той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у «звычайнай» калоніі. (Мінулыя паўгода расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што калі не ў ШІЗА, то кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень.

Пазбавілі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе.

Лістоў, па-ранейшаму, няма. Зрэшты, мне адказалі, што мае лісты «апрацоўваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны». І?.. Пра лісты Мікалая ўвогуле прамаўчалі. «Перапіска не забаронена».

Мне страшна думаць, што падобнае адбываецца нават з жанчынамі.

Тым не менш, нешта памянялася ў Сусвеце. Кола нашых лёсаў пачынае пераварочвацца».