Хронікі рэпрэсій за 15 траўня

Навіны пра новыя затрыманні і суды. Палітычны пераслед у Беларусі ў імёнах і лічбах.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


***

Сёння роўна 2,5 гады з дня арышту Кацярыны Андрэевай. 30 месяцаў, або 911 дзён, яна знаходзіцца за кратамі. Яе муж журналіст Ігар Ільяш апублікаваў з гэтай нагоды адзін з урыўкаў з ліста Кацярыны.

«Што ж да гэтага часу ўтрымлівае мяне "на плаву"? Каханне? Пачуццё гумару? Нейкая неспатольная прага жыцця? Мабыць, усе гэтыя фактары разам.

Ісціна ў тым, што, як мне здаецца, я належу да тыпу людзей, здольных перажыць амаль усё. Не без выдаткаў — і я сама ўсведамляю і прызнаю, якога роду дапамога мне патрэбная. Але яшчэ ведаю, што ўсё роўна спраўлюся. Гэткая бабуля ў калье ад "Ціфані", якая затуляе маршчыністыя запясці элегантнай сукенкай, каб лічбы падцёртыя не кідаліся ў вочы гасцям, пакуль ўнукі наліваюць віно ў келіхі на чарговы Песах. "Дзе яно ўсё? Усё адышло... А я — вось яна!" І ўсміхаецца усмешкай Джаконды».

***

У Мінску пачалі судзіць адваката Аляксея Бародку, якога абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці»). Суддзя па справе — Таццяна Фалькоўская. Адвакат быў затрыманы напрыканцы студзеня і знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Пасля затрымання яго профіль выдалілі з сайта Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Пазней стала вядома, што 21 красавіка яго пазбавілі ліцэнзіі.

Пасля 2020-га да 300 адвакатаў сышлі з прафесіі, не жадаючы працягваць практыку ў рэпрэсіўных умовах. Яшчэ сотню права на прафесію пазбавілі на загад уладаў. Паводле звестак праекта «Права на абарону», з 2020 года рэпрэсіям падвергліся 111 адвакатаў, з крымінальным пераследам сутыкнулася 11 з іх. За кратамі ўтрымліваюць Максіма Знака, Аляксандра Даніловіча, Віталя Брагінца, Насту Лазарэнка, Міхаіла Макарава, Аляксея Бародку, Юлію Юргілевіч.

57 адвакатаў пазбавілі права на прафесію атэстацыйныя камісіі. У васьмярых адмянілі ліцэнзіі за нібыта дзеянні, несумяшчальныя са званнем адваката. Яшчэ 35 адвакатаў былі выключаныя з адвакацкай калегіі.

***

Затрыманы жыхар Брэстчыны, які нібыта перасылаў фота вайсковай тэхнікі «экстрэмісцкаму фарміраванню» і браў удзел у пратэстах у 2020 годзе. За гэта яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі па арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сам мужчына ў «пакаяльным відэа» кажа, што затрыманы за адпраўку тэлеграм-каналу «Р*альная Беларусь» фота перамяшчэння беларускай вайсковай калоны.

***

Таксама за ўдзел у пратэстах затрыманы трансгендарны мужчына Алег Заяц. Паведамляецца, што затрыманне адбылося 29 сакавіка, у кватэры быў праведзены ператрус супрацоўнікамі КДБ. Алег спачатку знаходзіўся некалькі тыдняў у СІЗА КДБ, затым — на экспертызе ў РНПЦ псіхічнага здароўя, цяпер пераведзены ў СІЗА-1. Раней Алег неаднаразова затрымліваўся паводле палітычных артыкулаў і ва ўсіх выпадках на знак пратэсту ён аб’яўляў і трымаў сухую галадоўку. Ён мае захворванне страўніка, а таксама праблемы з апорна-рухальным апаратам (ампутаваныя пальцы на нагах).

***

Сілавікі затрымалі мінскага відэографа Максіма Хякалу. Хлопец прафесійна займаецца стварэннем відэа і фотаздымкай — сярод яго кліентаў быў футбольны клуб «Крумкачы» (але ён там не працуе). Таксама Максім мае бізнес па арэндзе касцюма панды для вечарынак і іншых мерапрыемстваў, але час ад часу праводзіць з ім і дабрачынныя мерапрыемствы — да прыкладу, для дзіцячых дамоў.

Таксама вядома, што Хякалу затрымлівалі падчас «Маршу адзінства» 6 верасня 2020 года.

***

Стала вядомая дата апеляцыі па справе Святланы Ціханоўскай. Крымінальная справа прызначаная да слухання ў апеляцыйнай інстанцыі ў памяшканні Вярхоўнага суда Беларусі на 9:30 20 чэрвеня. Ціханоўская — адзіная з фігурантаў справы, хто не пагадзіўся з рашэннем суда першай інстанцыі.

У сакавіку Мінскі гарадскі суд прысудзіў Святлану Ціханоўскую да 15 гадоў калоніі, Паўла Латушку — да 18 гадоў, а Сяргея Дылеўскага, Вольгу Кавалькову і Марыю Мароз — да 12 гадоў.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у беларускіх турмах утрымліваюцца 1483 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1770 чалавек. Сярод іх — 200 жанчын і 7 непаўнагадовых. 16 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.