Мастацтва выдумвання пагроз

Дзяржаўная бяспека каштуе грошай. Да змагання за права іх асвойваць і зводзіцца палітычнае жыццё ва ўладнай «вертыкалі».

Надышоў час карыстацца словам «інавацыя» (англ. innovation — новаўвядзенне). У якасці пацверджання, што гэта сапраўды так, спашлюся на статыстыку. У 1996 годзе ў тэксце дакладу, агучанага з трыбуны першага Усебеларускага народнага сходу, гэта слова адсутнічала. У 2001-м, на другім «усенародным вечы», яно прагучала двойчы, на трэцім — ужо сем разоў, на чацвёртым — дванаццаць!



e3b21256183cf7c2c7a66be163579d37.jpg

Дзяржаўная бяспека каштуе грошай. Да змагання за права іх асвойваць і зводзіцца палітычнае жыццё ва ўладнай «вертыкалі».
Надышоў час карыстацца словам «інавацыя» (англ. innovation — новаўвядзенне). У якасці пацверджання, што гэта сапраўды так, спашлюся на статыстыку. У 1996 годзе ў тэксце дакладу, агучанага з трыбуны першага Усебеларускага народнага сходу, гэта слова адсутнічала. У 2001-м, на другім «усенародным вечы», яно прагучала двойчы, на трэцім — ужо сем разоў, на чацвёртым — дванаццаць!
Прагрэс відавочны. Але, што цікава, усе даклады «адзінага палітыка» (АП) складаюцца з дзвюх частак: першыя напісаны спічрайтарамі, другія — чыстая імправізацыя дакладчыка. Дык вось, слова «інавацыя» сустракаецца толькі ў першых частках дакладаў. У маёй кампутарнай бібліятэцы ёсць папка «Лук», а ў ёй, як у матрошцы, папка «2010» з файламі мінулагодніх дакладаў АП, а таксама з файлам «Цытаты» аб’ёмам у 31 старонку. У апошнім сабраны асобныя выказванні АП. Вы будзеце здзіўлены, але ў файле «Цытаты» запаветнае слова адсутнічае.
1–4 і 2–3
Усіх сабак, як сцвярджае кітайская прыказка, можна падзяліць на тых, якія гэту дарогу пераходзілі, і на тых, якія гэту дарогу не пераходзілі. Скарыстаюся мудрасцю старажытнага народа і злучу першыя прэзідэнцкія выбары з чацвёртымі, а другія — з трэцімі. А зараз паспрабую растлумачыць логіку такога камбінавання.
Выбары 1994 года я адношу да шэрагу лёсавызначальных. Яны адкрылі дарогу для структурных пераўтварэнняў. «Вертыкаль» улады, «беларуская эканамічная мадэль» і няздольная жыць без дзяржаўнай апекі «большасць» — галоўныя вынікі лёсавызначальных выбараў. Другія і трэція выбары ў гэтым сэнсе сталіся прахаднымі. Нацыяналісты больш не пагражалі стабільнасці, мэты былі пастаўлены, задачы вызначаныя. Заставалася толькі працаваць у звыклым рытме.
Бяда прыйшла, адкуль не чакалі. У студзені 2007 года Расія падвоіла кошт на газ. Увосень 2008-га выспу стабільнасці ў геаграфічным цэнтры Еўропы накрыла хваля сусветнага крызісу. Быццё, як вядома, вызначае свядомасць, у тым ліку і свядомасць АП. Параўнаеце два выказванні. «Мы не разбазарили народное достояние, не нахватались иностранных займов, не влезли в долги, отдавать которые пришлось бы детям и внукам». «У нас не хватает денег, мы готовы бы купить, но не хватает денег. Вот поэтому я заимствовал, заимствовал и заимствовал».
Абодва выказванні прагучалі з трыбун Усебеларускага народнага сходу, але з затрымкай у дзевяць гадоў. За гэты невялікі па гістарычных мерках адрэзак часу свет змяніўся, і гэтае змяненне не засталося незаўважаным з вяршыні ўладнай «вертыкалі». Падмацую сказанае цытатай з «Советской Белоруссии»: «Прэзідэнт падрабязна спыніўся на першачарговых задачах, якія павінен вырашыць урад. У ліку найбольш істотных — правядзенне структурнай перабудовы эканомікі. Яна павінна быць накіравана як на карэнную мадэрнізацыю дзейных прадпрыемстваў з мэтай падвышэння іх канкурэнтаздольнасці, так і на стварэнне прынцыпова новых вытворчасцяў і сектараў эканомікі…»
У прыведзенай цытаце ключавое слова — «перабудова». На абяцаннях разгрэбці завалы гарбачоўскай перабудовы наш герой заехаў у вялікую палітыку. На працягу трох прэзідэнцкіх тэрмінаў ён запэўніваў сябе і іншых у тым, што абраны ім курс развіцця Беларусі з’яўляецца правільным. Ён і сёння ад сваіх слоў не адмаўляецца, як не адмаўляліся ад сваіх слоў яго папярэднікі — генеральныя сакратары ЦК КПСС. Тыя абяцалі за 20 гадоў пабудаваць матэрыяльна-тэхнічную базу камунізму. Замест камунізму атрымалася маскоўская алімпіяда, але ж атрымалася!
Рэсурс, згенераваны структурнай перабудовай пачатку 90-х, выпрацаваны амаль цалкам, таму я і аб’ядноўваю чацвёртыя прэзідэнцкія выбары з першымі. Для чарговага рыўка краіне неабходныя інавацыі. Па паперцы гэта слова нам ужо зачытваюць…
Прэм’ер-кантралёр
27 студзеня парламент зацвердзіў на пасадзе прэм’ер-міністра чалавека, дасведчанага «что такое нано-, био-, лазерные, фармакологические, космические и другие передовые технологии». Менавіта такі прэм’ер-міністр і патрэбны краіне, якая «переходит на инновационный путь развития». Галоўная праблема любой мадэрнізацыі, у тым ліку заснаванай на інавацыях, — гэта праблема суб’екта.
У чарговы раз звярнуся па дапамогу да слоўніка замежных слоў: суб’ект (лац. subjektum) — чалавек, які спазнае навакольны свет (аб’ект) і ўздзейнічае на яго ў сваёй практычнай дзейнасці.
Досвед краін, паспяховых у інавацыйным сэнсе, падказвае, што ўзначальваць спіс асобаў, адказных за спасціжэнне свету, павінны навукоўцы, а за эфектыўнае на яго ўздзеянне — бізнэсмэны. Беларусь і ў гэтым пытанні ідзе сваім шляхам. Праілюструю сказанае на прыкладзе сельскай гаспадаркі: «Техники хватает. И к этому, конечно, государство приложилось. Машинные дворы привели в порядок. Сейчас возьмемся за обслуживание (вы слышали, что я поручил ГАИ), в марте-апреле мы встряхнем губернаторов, председателей райисполкомов, руководителей хозяйств и спросим их, посмотрим на их ответственность за эту технику».
Звярніце ўвагу: «Техники хватает». Яна апынулася на машынных дварах не дзякуючы клопатам руплівых гаспадароў, а таму што «дзяржава прыклалася». Зараз самы час прыступіць да яе абслугоўвання. ДАІ адпаведныя ўказанні на гэты конт ужо атрымала. Вясной далучацца і вышэйшыя звёны ўладнай «вертыкалі». Прыведзеную вышэй цытату я запазычыў з дакладу на VI з’ездзе ФПБ. Ён утрымлівае цэлы букет прапаноў, закліканых забяспечыць «повышение конкурентоспособности в мире не только белорусской продукции, но и всей нашей страны в целом».
У стройным шэрагу наменклатурных барацьбітоў за падвышэнне канкурэнтаздольнасці краіны ёсць сваё месца і ў адмыслоўца ў галіне нана-, бія- і іншых тэхналогій. «Премьер-министр, — на думку АП, — должен прежде всего контролировать выполнение стратегических задач, определенных в программе социально-экономического развития Беларуси на пятилетку».
Сацыялізм — гэта ўлік і кантроль. Гэта ленінская формула актуальная і ў сучаснай Беларусі. Яна актуальная ўсюды, дзе эканамічнае жыццё зводзіцца да адміністрацыйнага пераразмеркавання рэсурсаў і дзе ў якасці адзінага суб’екта пераразмеркавання выступаюць прадстаўнікі «вертыкалі» ўлады. Таму прэм’ер-кантралёр, прэм’ер-дыспетчар у такой эканоміцы глядзіцца вельмі арганічна.
Парад канцэпцый
Калі б дзве папярэднія часткі маёй «Азбукі» прачытаў расійскі сацыёлаг Сімон Кардонскі, дык ён напэўна выступіў бы ў абарону інавацыйных здольнасцяў беларускіх чыноўнікаў. Даю яму слова: «Унутраны попыт на інавацыі і інавацыйная актыўнасць у нас у краіне надзвычай вялікія, аднак не ў тэхналагічных галінах, а ў рэсурсавай гаспадарцы і статутных адносінах. Бо прэтэндэнту на частку бюджэту трэба спачатку прыдумаць пагрозу, для нейтралізацыі якой неабходны дадатковыя рэсурсы, абгрунтаваць яе і потым абараніць у канкурэнтнай барацьбе з такімі ж вынаходнікамі пагроз. А потым вывесці рэсурсы з бюджэту, распілаваць і асвоіць. Суцэльныя інавацыі».
«У нас у краіне» — гэта ў Расіі. А ў нас? Ці маюцца на Беларусі свае спецыялісты па выдумванню пагроз? У адной са студзеньскіх Азбук (гл. «Зрабіў той, каму выгадна») я выказаўся наконт гэтага пытання. Я не быў арыгінальны. Аналагічныя версіі высунулі шматлікія аналітыкі. 20 студзеня на нарадзе «па некаторых унутраных пытаннях» АП рашуча ўстаў на абарону сілавікоў і аспрэчыў чуткі пра магчымую дэзінфармацыю з іх боку: «Я попрошу в этой связи всем успокоиться и понять одну вещь: первым, кто защищает суверенитет и независимость страны и ту систему, которая функционирует, является президент. Никаких действий правоохранительные органы не предпринимали, не предпринимают и не будут предпринимать по наведению порядка в стране без санкции президента».
У тым, што рашэнне «по наведению порядка» прыняў асабіста АП, ніхто і не сумняваўся. Але рашэнні любы кіраўнік прымае на падставе інфармацыі, падрыхтаванай падначаленымі, і чым вышэй ранг кіраўніка, тым большая яго залежнасць ад свайго найбліжэйшага асяроддзя. А зараз перачытайце Кардонскага.
Мастацтва выдумвання пагрозы не ўчора нарадзілася і не заўтра памрэ. У наш час вытворчасць пагроз пастаўлена на канвеер. Набіраю ў Яндэксе «Беларусь концепция демографической безопасности» і атрымліваю 300 тысяч спасылак. Набіраю «Беларусь концепция продовольственной безопасности», атрымліваю 348 тысяч спасылак. Але гэта не мяжа: на «Беларусь концепция национальной безопасности» Яндэкс адгукнуўся 1 мільёнам спасылак.
На гэтым спіс канцэпцый бяспекі не вычарпаны. Свае бенефіцыяры ёсць і ў канцэпцыі энергетычнай бяспекі. А як наконт канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі? Адчуваеце ўзровень канкурэнцыі?
За кожнай канцэпцыяй стаяць адпаведныя бюджэты. Да барацьбы за права іх асвойваць і зводзіцца палітычнае жыццё ва ўладнай «вертыкалі». Сёння для таго, каб адэкватна рэагаваць на выклікі, неабходна ў аўральным парадку мадэрнізаваць эканоміку. Не здзіўлюся, калі хуткім часам будзе прынятая канцэпцыя тэхнічнай бяспекі.
Але не варта думаць, што інавацыйны патэнцыял сабраны выключна наверсе. Улада распрацоўвае інавацыйныя схемы па зборы падаткаў. Народ у адказ вынаходзіць спосабы іх нейтралізацыі. Вось прыхаваўся ў кустах даішнік. У руках у яго радар — гэтакі інавацыйны цуд, створаны заходнімі ўмельцамі для барацьбы з парушальнікамі на дарогах. Здавалася б, ну што здольны супрацьпаставіць радару наш аўтамабіліст? А супрацьпаставіць тэхнічнай інавацыі ён здольны інавацыю сацыяльную. Не буду яе апісваць, яна і так добра вядомая.
У рынкавай эканоміцы інавацыі накіраваныя на павелічэнне прыбытку. У эканоміцы размеркавальнай — на раскраданне бюджэтных рэсурсаў. Таму ў іх карупцыя — гэтыя дэвіянтныя паводзіны (лат. deviatio — адхіленне), а ў нас — спосаб узгаднення прыватных інтарэсаў з інтарэсамі дзяржавы. І для дасягнення падобных узгадненняў неабходныя інавацыі, але па «паняццях».