Масавыя праверкі на мяжы і дзіўныя ацэнкі выпускнікам. Галоўнае ў Беларусі за тыдзень паводле ВВС

Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель заявіў, што ўзмоцненыя праверкі на беларускіх межах патрэбныя для выяўлення экстрэмістаў. Практыка паказвае, што выяўляюць іх праз абследаванне іх тэлефонаў, піша ВВС у аглядзе асноўных падзей за тыдзень у нашай краіне.

imgl0338__1__logo.jpg

На памежных пунктах Беларусі з усімі суседнімі краінамі, у тым ліку з Расіяй, ідуць масавыя праверкі грамадзян: у іх правяраюць тэлефоны, скануюць віды на жыхарства ў краінах Еўрасаюза. Школьнікі па ўсёй краіне здалі першы выпускны экзамен — і атрымалі зусім не тыя адзнакі, на якія разлічвалі.


Праверкі на межах

У пачатку траўня з'явіліся першыя паведамленні аб тым, што на мяжы паміж Расіяй і Беларуссю з беларускага боку сталі з'яўляцца памежныя пункты. Паводле пагаднення паміж краінамі іх прыбралі яшчэ ў 2011 годзе, і на мяжы стаялі толькі кіёскі, дзе можна было купіць аўтамабільную страхоўку.

Да сярэдзіны траўня пункты праверкі дакументаў з'явіліся на ўсіх асноўных трасах паміж Расіяй і Беларуссю. Другарадныя дарогі, уключаючы грунтавыя, улады або раскапалі або завалілі спілаванымі дрэвамі. Ніякіх каментароў пра тое, што адбываецца, улады не давалі.

У другой палове траўня пасля шматлікіх сведчанняў тых, хто перасякаў мяжу, стала зразумела, што памежная служба выконвае тую ж функцыю, што і сілавікі ўнутры самой Беларусі: прабіваюць людзей па базах, ці не былі яны затрыманыя за ўдзел у акцыях пратэсту; правяраюць месенджары ў тэлефонах наконт падпіскі на апазіцыйныя або «экстрэмісцкія» каналы.

Акрамя таго, памежнікі глядзелі, ці не пералічваў чалавек грошы апазіцыйным арганізацыям за мяжу. Выданне «Люстэрка» распавядала пра выпадкі, калі такія пераводы ў тэлефоне былі — і чалавека перадавалі для гутаркі нейкім людзям у цывільным. Яны адмаўляліся прадстаўляцца, пагражалі крымінальнай справай, а ў якасці альтэрнатывы прапаноўвалі пералічыць у дзесяць разоў большую суму, напрыклад, у дзяржаўны дзіцячы дом.

Калі грамадзянін згаджаўся, ад яго патрабавалі ўзяць у банку дакументы аб пераводзе і занесці іх у аддзяленне КДБ па месцы жыхарства.

Некалькі людзей, якія трапілі пад такія праверкі, распавялі, што да іх акаўнта ў «Тэлеграме» сілавікі падключалі чат-бот пад назвай «магніт» — і такім чынам атрымлівалі доступ да ўсіх будучых ліставанняў у рэжыме анлайн.

Адначасова з гэтым праверкі сталі больш жорсткімі і на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай, а таксама ў аэрапорце Мінска. У прыватнасці, у грамадзян сталі патрабаваць пластыкавыя карткі віду на жыхарства ў Еўропе і сканавалі іх, хоць яшчэ да сярэдзіны траўня гэты дакумент наогул не быў патрэбны пры праходжанні памежнага кантролю з беларускага боку.

І толькі 1 чэрвеня ўзмацненне жорсткасці надгляду пракаментаваў старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель. «Гэтая мера рэалізуецца цяпер па ўсім перыметры нашай мяжы. Яна накіраваная на своечасовае выяўленне і лакалізацыю дзейнасці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненні ў дачыненні да Беларусі», — цытуе Церцеля дзяржаўнае агенцтва навін «БелТА».


Праверкі на іспытах

Сёлета для таго, каб паступіць у ВНУ, школьнікі Беларусі павінны здаць два цэнтралізаваныя экзамены (першая — руская мова або Беларуская на выбар, другая — па профільным прадмеце таксама на выбар), а потым прайсці тэсціраванне.

14 траўня выпускнікі здалі першы экзамен, 29 траўня яны атрымалі вынікі — і аказалася, што многія атрымалі на 15-20 балаў ніжэй у параўнанні з рэпетыцыяй экзамену, якая прайшла ў лютым гэтага года.

З найбольшымі праблемамі сутыкнуліся выдатнікі — тыя, хто планаваў атрымаць (і атрымаў на рэпетыцыі) вышэй за 90 балаў і збіраўся паступіць у ВНУ на бясплатнай аснове. У выніку ж яны атрымалі 75-80 балаў, пры тым, што працэдуры абскарджання вынікаў няма.

Скандал давялося каментаваць Міністэрству адукацыі Беларусі, і пасля гэтага высветлілася, што дакладная методыка падліку выпускных балаў ніколі і не абнародвалася. Але, мяркуючы па ўсім, пры падліку балаў правяраючыя выкарыстоўвалі паніжальны каэфіцыент. Калі школьнік набіраў да 75 балаў і рабіў памылкі, то яны ўлічваліся па стандартнай схеме падліку. Але калі школьнік набіраў больш і рабіў нават адну памылку, яе кошт ўзрастаў — і вучань атрымліваў тыя ж 75 балаў, хоць разлічваў на 90 мінімум.

У скандал умяшаўся нават Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў разабрацца з «бучай» і з кожным асобным выпадкам незадаволенасці. Міністр адукацыі Андрэй Іванец з наступнага года паабяцаў зрабіць сістэму падліку больш празрыстай.