Майскаму рэферэндуму 1995 года — 20 гадоў

14 мая 1995 года па ініцыятыве ўладаў быў праведзены рэферэндум, па выніках якога, акрамя іншага, руская мова атрымала такі ж статус, як і беларуская. З гэтага часу пачаўся зваротны адлік.



refierendum1.jpg

Да гэтага яна фактычна панавала ў нас, і рэальны статус яе быў намнога вышэйшы, чым беларускай мовы, якая па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года з’яўлялася адзінай дзяржаўнай.

Рэферэндум, як планавалі ўлады, дазволіў ім зрабіць рускую мову дзяржаўнай і юрыдычна. Па розных прычынах такога ў моўным заканадаўстве пакуль што не назіраецца ні ў адной са створаных на постсавецкай прасторы дзяржаве, нягледзячы на ўсе старанні Масквы, асабліва ў дачыненні да Украіны.

Трэба аддаць належнае палітычнаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь: яно зрабіла ўсё, што неабходна было, каб толькі руская мова заняла панавальнае становішча ў абслугоўванні ўсіх сфераў дзейнасці чалавека.

Паслярэферэндумнае дваццацігоддзе для рускай мовы сталася па-сапраўднаму залатым. За такі прамежак часу для павышэння сацыяльнай ролі рускай мовы ў нашым краі не маглі столькі зрабіць ні царскія, ні савецкія ўлады. Праўда, у гэтым трыумфальным шэсці рускай мовы былі і ёсць істотныя мінусы: любое ўмацаванне яе пазіцый у грамадскім ужытку забяспечвалася за кошт свядомага, мэтанакіраванага недапушчэння сюды беларускай мовы, у выніку чаго на сваёй этнічнай, гістарычнай тэрыторыі яна зараз выконвае празмерна мізэрны ў параўнанні з рускай мовай аб’ём сацыяльных функцый.

2_lean_d_lich.jpg

Леанід Лыч

 

Калі народ вялі на рэферэндум, улады абяцалі яму забяспечыць поўны парытэт у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моваў у афіцыйным жыцці. З гэтым нічога не атрымалася: у выніку чаго беларуская мова ледзь не цалкам перастала служыць і спрадвечным сродкам зносін паміж самімі людзьмі, што рэальна пагражае ёй поўнай стратай, беззваротным знікненнем. Гэта не ў інтарэсах не толькі Бацькаўшчыны, але і ўсяго цывілізаванага свету, бо збедніць яго культурна-моўную разнастайнасць.

Не дапусціць такой, больш чым нацыянальнай, катастрофы — святы абавязак і гаранта Канстытуцыі РБ, і дзяржавы, і народа. Усім нам неабходна зрабіць чарговае дваццацігоддзе па-сапраўднаму трыумфальным для беларускай мовы, не спыняючыся нават перад свядомым уразаннем сацыяльных функцый рускай мовы, бо іншага варыянту надзяліць імі беларускую мову ў нас проста няма, не існуе ў самой прыродзе.

Вельмі пажадана, каб з нагоды дваццацігоддзя майскага рэферэндуму ў першую чаргу прэзідэнт краіны, падначалены яму дзяржаўны чыноўніцкі апарат, а таксама само грамадства знайшлі час і жаданне глыбока прааналізаваць надзвычай няпростую моўную праблему і неадкладна, пакуль яшчэ не позна, пастараліся адшукаць надзейныя шляхі яе вырашэння.

3_sav_ck_.jpg

Мікола Савіцкі

Маем цвёрдае перакананне, што сёння ў ідэалагічнага апарату прэзідэнцкай вертыкалі няма больш надзённага, актуальнага і ў той жа час ганаровага абавязку, як паказаць грамадству, што за 20 гадоў пасля правядзення рэферэндуму атрымалі ад яго беларуская мова, нацыянальна-культурнае Адраджэнне ўвогуле.

Будзем бясконца рады, калі сваёй публікацыяй нам удалося абудзіць занепакоенасць палітыкаў усіх рангаў, інтэлектуальныя эліты і грамадзян Беларусі трагічным лёсам свайго роднага беларускага слова, паспрыяць іх жаданню ўзяць непасрэдны ўдзел у выратаванні ад рэальнай пагібелі гэтага непараўнальнага ні з чым духоўнага багацця нашай Бацькаўшчыны — роднай беларускай мовы.