Лукашэнка: прагрэс у перамовах з Захадам выклікае раздражненне ў Маскве
Прагрэс у перамовах з Захадам выклікае раздражненне ў Маскве і наадварот. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка. 5 лютага беларускі кіраўнік праводзіць нараду, прысвечаную пытанням удзелу ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтву з еўрапейскімі арганізацыямі.
"Нам трэба больш актыўна пераадольваць холад блокавага супрацьстаяння прасоўваннем ідэі "інтэграцыі інтэграцый", — цытуе словы ЛукашэнкіБЕЛТА. — Унікальнае становішча на стыку ЕАЭС і ЕС абавязана прыносіць Беларусі карысць. У ідэале заходні і ўсходні вектары беларускай знешняй палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што такі баланс можа быць дасягнуты толькі тады, калі рынак Еўрасаюза стане для Беларусі рэальнай альтэрнатывай расійскаму: "Не на паперы, а на справе, па канкрэтных выніках".
Таксама Лукашэнка гаварыў на нарадзе пра неабходнасць наладжваць узаемапаважныя дачыненні з NATO, пра "нездаровую сітуацыю" у АДКБ, у якой ніяк не зацвердзяць кандытатуру старшыні — прадстаўніка нашай краіны. Кіраўнік дзяржавы адзначыў адсутнасць прагрэсу ў еўразійскай інтэграцыі. Паводле яго слоў, асноўны прынцып саюзнага праекту Беларусі і Расіі — гэта стварэнне роўных умоў.
Паводле euroradio.fm