Колькасць апазіцыі ва ўчастковых камісіях знізілася ў 2-3 разы

Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва ўчастковых выбарчых камісіях падчас цяперашняй парламенцкай кампаніі склала 21 чалавек, ці 0,033% ад агульнага складу членаў УВК, што ў два-тры разы менш чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2008, 2012 па і 2016 гадоў.

1040860106.jpg

2 кастрычніка завяршылася фарміраванне УВК, якія непасрэдна ажыццяўляюць арганізацыю галасавання і падлік галасоў. Усяго было створана 5.785 УВК, у іх склад увайшло 63 646 чалавек, адзначаецца ў аналітыцы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Як адзначаецца ў аналітычнай справаздачы праваабаронцаў, пры фарміраванні УВК быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: з 495 вылучаных у склад УВК увайшлі толькі 21 чалавек (4,2% ад вылучаных), у той час як з 3.884 вылучаных праўладнымі партыямі, у склад УВК увайшлі 3.763 чалавек (96,9% ад вылучаных), а ад пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб'яднанняў — БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Беларускі фонд міру і прафсаюзаў ФПБ было вылучана 28.980 чалавек, з якімі х у склад камісій увайшлі 27.790 чалавек (95,9% ад вылучаных).
Усе назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мелі магчымасць бесперашкодна прысутнічаць на паседжаннях органаў, якія ўтвараюць УВК. Назіранне ажыццяўлялася на 41 пасяджэнні органаў (райвыканкамаў і адміністрацый у гарадах), якія ўтваралі УВК.
«У большасці выпадкаў (77,5%) абмеркавання вылучаных у склад прэтэндэнтаў не адбывалася і галасаванне праходзіла па загадзя вызначаных спісах прэтэндэнтаў без абмеркавання кандыдатур (52,5% выпадкаў). У асноўным гэта тычылася УВК, у якіх не было конкурсу і ўсе вылучаныя асобы былі ўключаныя ў камісіі», — гаворыцца ў справаздачы.
Пры гэтым у шэрагу выпадкаў назіральнікі паведамляюць, што прэтэндэнты былі загадзя адабраныя спецыяльна створанымі выканкамамі «працоўнымі групамі».
У большасці выпадкаў назіральнікі адзначаюць «вытворчы прынцып» фарміравання выбарчых камісій, калі сябры камісіі ўяўляюць адзін і той жа працоўны калектыў, а іх непасрэдныя начальнікі з'яўляюцца старшынямі гэты выбарчых камісій. Склад УВК, паводле ацэнак назіральнікаў, не выявіў значных змен з моманту правядзення папярэдніх выбарчых кампаній.
«Адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб'ектамі, якія бяруць удзел у выбарах, як і раней, робяць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў», — канстатуюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Міжнародныя і незалежныя назіральнікі неаднаразова звярталі ўвагу на праблему адсутнасці ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі. Камісіі, якія сфармаваныя толькі з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый, не могуць забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай кампаніі, заяўлялі яны.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада. З 8 верасня ў краіне праходзіць працэс вылучэння кандыдатаў ад партый, працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў. Пачатак агітацыйнага перыяду кампаніі прызначана на 8 кастрычніка.
naviny.by