Кіраўнік МЗС Макей: Беларусь падтрымлівае дзеянні Расіі ў Сірыі
"Мы падтрымліваем дзеянні Расіі ў Сірыі з улікам таго, што яны адпавядаюць міжнароднаму праву", — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы 27 кастрычніка на пытанні журналістаў пасля сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі ў Маскве.
Паводле слоў Макея, "расійскія сябры вельмі аператыўна праінфармавалі" беларускі бок аб тым, што па просьбе прэзідэнта Сірыі Расія наносіць удары па пазіцыях тэрарыстаў
у гэтай краіне. "Дзеянні Расіі абсалютна адпавядаюць нормам міжнароднага права", — падкрэсліў Макей.
Паводле яго слоў, у Беларусі выклікае здзіўленне той факт, што Расію не запрасілі далучыцца да міжнароднай кааліцыі па барацьбе з ІДІЛ. Макей адзначыў, што тэрарызм уяўляе небяспеку для ўсяго
чалавецтва. "Нельга дзяліць тэрарыстаў на ўмераных і не ўмераных, — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. — Барацьба з тэрарызмам — адна з прыярытэтных
задач. І Расія павінна быць неад'емнай часткай гэтага працэсу".
Ваенную аперацыю ў Сірыі Расія пачала 30 верасня. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што авіяўдары наносяцца па просьбе афіцыйнага Дамаска.
Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры адзначыў, што ЗША гатовыя вітаць аперацыю Расіі ў Сірыі, але толькі ў тым выпадку, калі ўдары ВПС будуць наносіцца сапраўды па групоўцы "Ісламская
дзяржава". У Вашынгтоне звярнулі ўвагу на тое, што Масква пачала аперацыю да запланаваных кансультацый ваенных ведамстваў, хоць і праінфармавала ЗША і НАТА аб рашэнні распачаць захады супраць
тэрарыстаў.
Раней улады ЗША ахарактарызавалі дзеянні Расіі як "небяспечныя, калі яны ажыццяўляюцца без мірных перамоў у самой Сірыі".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН