Кажуць, Пуціну няма сэнсу прыбіраць Лукашэнку. А калі ён сам плануе сыходзіць?
Пра транзіт улады ў Беларусі гавораць усё часцей. Інтрыгі дадае сам Лукашэнка, які то ў калядным храме раптам пачне казаць пра выбары, то зноў хваравіта трасе галавой. Пры гэтым відавочна, што трансфармацыя ў Мінску немагчымая без адмашкі Крамля. А якія настроі там?
У Расіі, уласна, набліжаецца сваё электаральнае вяселле. Называць яго выбарамі можна з той жа крывой усмешкай, што і ў Беларусі. Але гэта не адмяняе таго простага факту, што сёлета 15-17 сакавіка Уладзімір Пуцін элегантна падоўжыць свае царскія паўнамоцтвы.
Кіруючы РФ ужо чвэрць стагоддзя, ён ужо вылучыў сваю кандыдатуру. Цэнтральнай выбарчай камісіі засталося толькі вырашыць, колькі галасоў яму намаляваць. У раёне 80%, як у Лукашэнкі ў 2020-м? Ці «сціплыя» 76%, як у 2018-м? А, можа, адважыцца на 90%, бо вайна ж, грамадству трэба гуртавацца вакол нацыянальнага лідара?
Да ашаламляльнага пуцінскага трыумфу застаецца крыху больш за два месяцы, і ў Мінску могуць толькі пазайздросціць, як спраўна тут робіцца справа. У 2020 годзе задоўга да дня галасавання лукашэнкаўскаму рэжыму ўжо прыйшлося раскручваць махавік рэпрэсій. Кідаць у турмы патэнцыйных кандыдатаў, якія мелі нахабства заявіць аб прэзідэнцкіх амбіцыях. Арыштоўваць апазіцыйных палітыкаў, што ўзвышалі свае галасы за перамены. Хапаць блогераў, актывістаў, глушыць першыя хвалі масавых пратэстаў.
Не дапамагло — вядома, што было далей. Фігуральна кажучы, трэмар у Лукашэнкі пачаўся менавіта тады і працягваецца дагэтуль. І наўрад ці ўжо спыніцца.
У Расіі нічога такога і блізка няма. Усё спакойна, кантралявана. Спарынг-партнёры ўзгодненыя і трымаюцца сваіх вальераў. Імітаваць палітычную канкурэнцыю гэтым разам даручана камуністу Мікалаю Харытонаву, «жырыноўцу» Леаніду Слуцкаму і Уладзіславу Даванкову з партыі «Новыя людзі». Усе свае людзі — дзеючыя дэпутаты Дзярждумы, падтрымліваюць вайну ва Украіне, пагалоўна пад заходнімі санкцыямі. Верныя пуцінцы, канешне ж, чаго і не хаваюць.
Напрыканцы снежня, напрыклад, у Слуцкага спыталі, ці марыць ён перамагчы Пуціна на выбарах. «Мару перамагчы ў спецыяльнай ваеннай аперацыі, — не разгубіўся лідар ЛДПР. — А перамагчы Пуціна — не, не мару. Навошта? Пуцін самы ўплывовы палітык на планеце».
Час яшчэ ёсць — магчыма, зарэгіструюць яшчэ каго з імітатараў. Таго ж Барыса Надзеждзіна, які мусіць закрыць ліберальную частку палітычнага спектру. Дакументы ў ЦВК ён падаў, і іх прынялі. Відавочна, што не надта аўтарытэтным, «сістэмным» лібералам рухае Крэмль, то, цалкам магчыма, яго прозвішча таксама трапіць у бюлетэнь.
«Несістэмных» да выбараў не дапусцяць на адлегласць гарматнага стрэлу — гэта ясна як белы дзень. Ужо не дапусцілі. Памкнулася было балатавацца нікому невядомая журналістка, шматдзетная маці Кацярына Дунцова, то ў яе дакументах чыноўнікі ЦВК знайшлі прорву недаравальных памылак. І ва ўстаноўленым парадку сказалі: да пабачэння, прыходзьце ў наступны раз. Харошыя людзі, бо маглі б як з Аляксеем Навальным — палітзняволенага апазіцыянера перавялі ў калонію за Палярным кругам, каб у яго знікла нават містычная сувязь з грамадствам.
Карацей, усё паводле сцэнара. І менавіта так, як будзе ў Беларусі ў 2025-м, калі Лукашэнка пойдзе на сёмы тэрмін.
У іх з Пуціным увогуле ўсё цяпер сінхронна атрымліваецца. У Расіі прэзідэнцкі тэрмін складае шэсць гадоў, то бок далейшыя выбары павінны адбыцца ў 2030-м і 2036-м. У Беларусі кадэнцыя пяцігадовая, адпаведна пасля 2025-га напружвацца прыйдзецца ў 2030-м і 2035-м. Плюс-мінус, вядома, бо за кошт месячных ваганняў магчымыя невялікі зрухі.
Што важна: і Пуціну, і Лукашэнку, паводле канстытуцый, можна ўладарыць яшчэ двойчы. Прычым папраўкі аб гэтым прынятыя ў расійскае і беларускае заканадаўствы адносна нядаўна. І яўна не для таго, каб потым нешта зноў мяняць. Усё ж гэтым «моцным бадзёрым лідарам» на дваіх ужо амаль 150 гадоў.
Дык вось: эксперты часта і слушна кажуць, што ў Крамлі наўрад ці плануюць «сыходзіць» Лукашэнку, бо ён іх цалкам задавальняе. Сапраўды, адносіны паміж маскоўскім і мінскім фюрэрамі зараз цалкам гарманічныя як у Болека і Лёлека. Бываюць часам пэўныя рознагалоссі, але тое толькі цешыць. Іншая справа, што два пенсіянеры могуць расчапіць сінія пальцы прыкладна ў адзін час. Як будзе, напрыклад, сыходзіць Пуцін, то і Лукашэнку ён дакладна пацягне за сабой. Таму што такое іх дыктатарскае камільфо. Калі інтэгравацца, то ва ўсім.
У беларускага кіраўніка тут усё падрыхтавана. Дарожная карта дакладна паказвае на кіруючае крэсла ў так званым Усебеларускім народным сходзе. Перасаджвайся туды, абірай сабе пераемніка ды кіруй далей ужо ў статусе аяталы. Вось кажа нехта, што ў Казахстане такая мадэль не спрацавала, і пасля сыходу Назарбаева яго культ хутка развянчалі. Пакінулі на волі, і тое добра. Цяпер ён просты казахстанскі пенсіянер.
Але ёсць розныя ўладкаванні, і ў тым жа Іране — такім блізкім сёння і Маскве, і Мінску — усё працуе як гадзіннік. Ёсць прэзідэнты, і яны нават змяняюцца ва ўмовах ненулявой палітычнай канкурэнцыі. А над імі, недзе ў аблоках, сядзіць аятала ў чалме, духоўны лідар, і ўсё кантралюе.
Свайго «ўсерасійскага сходу» ў Пуціна няма, але яшчэ не позна яго стварыць. Можна таксама вярнуцца да ранейшых наладаў: колькі гадоў таму абмяркоўвалася наданне шырокіх надурадавых паўнамоцтваў асобнай структуры, Дзяржаўнай радзе, якую сёння непрыкметна ўзначальвае менавіта былы палкоўнік КДБ з дрэздэнскім досведам. Розныя могуць быць варыянты, і знайсці цёплае месца для расійскага аяталы праблемы не ўяўляе.
Калі пойдзе транзіт у РФ і РБ, сказаць складана. Тут відавочны ўплыў розных чыннікаў. Гэта і вайна ва Украіне, не скончыўшы якую, сыходзіць нельга. Гэта і міжнародная абстаноўка, якая зараз неспакойная і патрабуе штодзённага маніторынгу. Гэта і ўнутраная сітуацыя, гайкі яшчэ закручаныя не да канца і застаюцца жадаючыя разгойдваць човен. Гэта і здароўе, стан якога з гадамі не паляпшаецца і бывае непрадказальным.
Таму дакладна пакуль нічога невядома, але агульны курс можа быць ужо акрэсленым. Іншых шляхоў тут прыдумаць цяжка, бо законы часу і прыроды распаўсюджваюцца не толькі на простых смяротных, але і на дыктатараў. Магчыма, дэталі сумеснага плану яны і абмяркоўваюць падчас частых асабістых сустрэч за зачыненымі дзвярыма.