Карбалевіч: «Лукашэнка пачаў «ваенную аперацыю» супраць сваіх апанентаў»

Палітолаг — аб прэсінгу ў дачыненні да мацнейшых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

katok.jpg

У экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» Валер Карбалевіч патлумачыў, як агрэсіўныя дзеянні ўладаў адаб'юцца на ходзе выбарчай кампаніі ў Беларусі.
На яго думку, ператрус у «Белгазпрамбанку», у якім раней працаваў Віктар Бабарыка, а таксама магчымая цікавасць сілавікоў да Валерыя Цапкала, сведчаць пра тое, што «ўлады ўзялі курс на брутальную мадэль правядзення выбараў».
— Справа ідзе да таго, каб завесці крымінальную справу ў дачыненні да галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі. Не выключаю, што да рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты яны могуць стаць не толькі падазраванымі, але і арыштаванымі. Услед за Ціханоўскім, так цалкам могуць паступіць з Бабарыкам і Цапкала.
Гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка вырашыў не чакаць не толькі 9 жніўня, а нават даты рэгістрацыі кандыдатаў. І пачаў «ваенную аперацыю» супраць сваіх апанентаў, — лічыць Валерый Карбалевіч.
Нягледзячы на ​​тое, што такая тактыка ідзе насуперак з практыкай папярэдніх выбараў, варыянт са здыманнем з гонкі двух асноўных канкурэнтаў Лукашэнкі можна лічыць рэалістычным, лічыць палітолаг.
 Чаму было прынята такое рашэнне? Таму што сітуацыя рэзка пагоршылася. На папярэдніх выбарах не было варыянту, калі канкурэнт меў бы лепшы электаральны рэйтынг, чым Лукашэнка. Таму ён мог спакойна рэгістраваць усіх сваіх апанентаў, будучы упэўненым, што нават у электаральным сэнсе ён іх перамагае.
А зараз сітуацыя рэзка памянялася. Грамадства прыйшло ў рух, стала адкідаць страх і відавочна дэманстраваць усім, што яно супраць Лукашэнкі. Гэта паказалі тыя самыя вялізныя чэргі з жадаючых падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Фактычна адбылася нейкая «падпісная рэвалюцыя».
Менавіта таму Лукашэнка не стаў чакаць даты рэгістрацыі: калі на коне пытанне ўлады, тут ужо не да сантыментаў і захавання нейкіх элементарных правілаў, — адзначае Карбалевіч.
Адной з апошніх кропель, якая перапоўніла чашу цярпення Лукашэнкм, магло стаць рэкордная колькасць подпісаў, сабраных Віктарам Бабарыкам (па дадзеных на 11 чэрвеня, ён сабраў 285 тысяч подпісаў).
Валерый Карбалевіч не выключае, што гэта магло стаць дадаткам да ўсіх астатніх фактараў, аб якіх ідзе гаворка вышэй.
 Трэба было знайсці падставу, якая б тлумачыла, што гэтыя подпісы былі няправільна сабраныя. І вось падстава і знайшлася. Нібыта нейкія прыватныя кампаніі прымушаюць падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў ці ледзь не пад пагрозай звальнення.
Гэта можа быць выкарыстана ў якасці падставы, каб не прызнаць гэтыя подпісы. Хоць сама ж Ярмошына потым прагаварылася, што, аказваецца толькі адна заява паступіла, прычым ананімная. І на гэтай падставе могуць зняць кандыдата ў прэзідэнты.
Гэта смешна, але, на жаль, гэта беларуская рэальнасць, — падсумаваў суразмоўца.
Паводле Салідарнасці