Камітэт літоўскага сейма падтрымаў падаўжэнне ВНЖ для беларусаў да трох гадоў
Святлана Ціханоўская 14 снежня выступіла перад Камітэтам па замежных справах літоўскага сейма. Гаворка ішла пра становішча беларусаў у гэтай краіне, адзначае прэс-служба дэмакратычнай лідаркі.
Адзначаецца, што слуханні ў камітэце прайшлі з ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай. У іх удзельнічалі старшыня камітэта Жыгіс Павільёніс і яго намеснікі, а таксама чальцы групы «За дэмакратычную Беларусь». З беларускага боку ўдзельнічалі дарадца па міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і прадстаўнікі беларускіх палітычных партый — АГП, Руху «За Свабоду», «Грамады» і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Беларуская лідарка выступіла з прамовай перад Камітэтам і заклікала літоўскі бок устрымацца ад абмежаванняў супраць беларусаў: «Я прашу вас падоўжыць тэрмін дзеяння віз, відаў на жыхарства — і ўстрымацца ад непрапарцыйных абмежаванняў па прыкмеце беларускай нацыянальнасці. Не кладзіце нас у адзін кошык з расіянамі. Бо гэта менавіта тое, чаго хочуць дыктатары».
«Сёння ў Літве жыве да 70 тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну пасля 2020 года, — дадала Ціханоўская. — Яны працуюць, плацяць падаткі і інтэгруюцца ў літоўскае грамадства. Большасць з іх жадае вярнуцца дамоў. Шмат якія прадпрыемствы пераехалі, таму што не хочуць плаціць падаткі Лукашэнку. Большасць з іх працуе з рынкамі ЕС і ЗША. Агулам яны прыносяць больш за 490 мільёнаў еўра за год. Гэта істотны ўклад у літоўскую эканоміку».
Таксама Ціханоўская выказала меркаванне, што ў 2024 годзе колькасць тых, хто прыязджае ў Літву, не будзе настолькі вялікай.
Паведамляецца, што па выніках сустрэчы камітэт пагадзіўся падтрымаць прапанову аб падаўжэнні відаў на жыхарства да трох гадоў. Але каб рашэнне было прынята, яго мусіць падтрымаць сейм.
Слуханні былі анансаваны 5 снежня Анатолем Лябедзькам, які пракаментаваў ініцыятыву шэрагу літоўскіх парламентарыяў абмежаваць выдачу беларусам часовага віду на жыхарства.
На думку палітыка, перад прэзідэнцкімі выбарамі і выбарамі ў сейм Літвы, а таксама ў Еўрапарламент, запланаванымі на 2024 год, ідзе «змаганне за кожны голас», ёсць месца «папулізму, жаданню спадабацца выбаршчыку, арыентацыі на грамадскія трэкі, трэнды».
У той жа час, паводле слоў Лябедзькі, у Офісе Ціханоўскай не збіраюцца «сядзець і чакаць, калі будуць прыняты нейкія канчатковыя рашэнні».
Паводле яго слоў, слуханні ў камітэце па замежных справах — штогадовае мерапрыемства, але сёлета яго тэму вызначае «сітуацыя з выбарамі і адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі», таму Офісу Святланы Ціханоўскай неабходна «засяродзіцца на абмеркаванні становішча беларусаў у прававым полі Літвы».
Паводле слоў Лябедзькі, прыхільнікамі больш строгіх
падыходаў да беларусаў з’яўляюцца сілавыя структуры і меншая частка дэпутатаў
сейма. Супраць гэтага выступаюць прэм’ер-міністр, спікер і
значная частка дэпутатаў парламента.