Тышкевіч: Каго прызначаць на месца Макея — разумнага ці адданага?
Цяпер насамрэч важна, што будзе пасля смерці Макея. Эксперт украінскага Інстытута Будучыні Ігар Тышкевіч разважае пра смерць Макея і вылучае пару тэзісаў «на праверку».
У Беларусі памёр міністр замежных спраў Уладзімір Макей. У 64 гады, без папярэдняй гісторыі «хвароб». Можна злавіць хайп, выбудоўваючы версіі, «сам ці не сам». Але па-сапраўднаму важна іншае — што гэта будзе значыць у беларускай палітыцы. Менавіта так, нягледзячы на закручванне гаек і павелічэнне залежнасці рашэнняў ад настрою адной персоны.
Прычына — ва ўплыве Макея на працэсы. Гэтага чалавека называлі «куратарам» або «лідарам» адной з груповак у атачэнні Лукашэнкі. Здольнай на досыць разумныя камбінацыі. Урэшце, калі Макей прыйшоў з АП у МЗС, гэта ўспрымалі як закручванне гаек. Замест гэтага было 2 этапы няўдалых спробаў навязаць кантакты з Захадам (2007–2010 і 2015–2019), але, з іншага боку, і тыя ж два этапы зашквара на еўрапейскім і амерыканскім кірунку (абодва пасля прэзідэнцкіх выбараў).
З пункту гледжання ўнутранай палітыкі — адзін з нямногіх, якія спрабавалі адбудаваць уласную сетку, якая ўключала не толькі бізнес, але і тыя ж НДА. Натуральна, актыўна падцягваў у кіраўніцтва сваіх землякоў і тых, каму давяраў. І, што важна, ён быў адным з тых, каго ўспрымалі як магчымага суразмоўцу як на Захадзе, так і на ўсходзе (маю на ўвазе крыху далей, чым РФ).
Былы кіраўнік МЗС быў прыхільнікам ідэі гульні на розніцы інтарэсаў дзяржаў, якія ўплываюць на Беларусь. Што да вайны ва Украіне, гэта адзін з беларускіх палітыкаў, які мог бачыць негатыў ад таго, што беларускія ўлады гразнуць на расійскай арбіце, як мухі ў гноі. Урэшце ў пазітыўных сігналах з КНР і Турцыі апошніх пары месяцаў заслуга менавіта МЗС, а не АП ці ўжо тым больш, групы беларускіх сілавікоў у атачэнні Лукашэнкі.
Дарэчы, Макея разглядалі як аднаго з магчымых пераемнікаў Лукашэнкі.
Цяпер важна, што будзе пасля.
Прынамсі:
1. Ці захаваецца ўмоўная група Макея? Гэта мы ўбачым па серыі кадравых прызначэнняў снежня 2022 — лютага 2023 гадоў. Важна, паколькі гэта група — адна з 5 ключавых, якія маюць магчымасць уплываць на палітыку.
2. Пераемнік у МЗС. Вельмі важнае прызначэнне, якое, зыходзячы з найбольш вострага дэфіцыту кадраў у атачэнні Лукашэнкі, будзе праходзіць па прынцыпе «прызначаем разумнага або вернага». Таму што для слова «і» занадта мала кандыдатаў — такіх магу назваць не больш за пяць (хто можа пацягнуць МЗС) — і ўсе яны завязаныя на важныя напрамкі (гэта значыць, пры пасадах).
Ад гэтых двух фактараў залежыць тое, ці будзе кіраўніцтва Беларусі здольна да кантактаў з ЕС і ЗША. А так жа да спробаў узмацнення кітайскага і турэцкага вектараў. Тым больш, што незалежна ад імя, МЗС РФ паспрабуе істотна ўзмацніць свой уплыў на беларускае ведамства, выкарыстоўваючы механізм сумесных калегій, які, на жаль, рэальна працуе апошнія 2 гады.
Другое: баланс сілаў у атачэнні Лукашэнкі. Там і так надзвычай узмацніліся сілавікі, якія падгрэблі пад сябе як мінімум 2 групы (з якіх адна моцная). Група Макея і частка эканамічнага блока былі здольныя вырашаць задачы гульні ў паслабленні, але гэта 2 з 5 груп, улічваючы асабісты жывёльны страх страціць уладу самога Лукашэнкі. Калі група захаваецца пасля смерці яе «лідара», то баланс больш-менш захоўваецца. Калі не — пагаршаецца ў бок яшчэ большай дзікасці і тупасці. А гэтак жа з добрым шанцам для рускіх узмацніць уплыў.
Знешняе поле. Тут найбольш цікава. У першую чаргу варта сачыць за турэцкім, кітайскім напрамкамі. Іранскі (як патэнцыйна грашовы) не так залежыць ад МЗС — гэта ўжо ў вотчыне Галоўчанкі. А вось кансультацыі на захадзе — важна. Важна, хто і з кім. Яшчэ раз. Калі будзе больш-менш адэкватная персона, частка еўрапейскіх палітыкаў могуць прынамсі паспрабаваць пагаварыць. Супраць будуць рускія (ім гэта навошта) і асяроддзе Ціханоўскай (яны гарантуюць сабе існаванне пры канчатковым знікненні фактару МЗС). Але тут пытанне ў палітычнай мэтазгоднасці.
Калі прызначэнец будзе з ліку «верных», а не «разумных», то спробы пагаварыць гарантавана скончацца яшчэ большым зашкварам. Калі разумным — размова будзе ісці пра поствайну (дакладней, яе фінал) і беларускую праблему наступнага электаральнага цыклу.