«Каб Байдэн здох, і Зяленскі». Праваабаронцы перадалі ў Гаагу звесткі пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь
Украінскія і беларускія праваабаронцы і актывісты перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе новыя дакументы аб дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і іншых людзей з улады да незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных абласцей Украіны ў Беларусь. 4 кастрычніка ў Варшаве прэзентавалі даклад «Скрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ідэнтычнасць украінскіх дзяцей праз перамяшчэнне, перавыхаванне і мілітарызацыю».
«Медыязона» азнаёмілася з
дакументам і распавядае, што ўдалося высветліць праваабаронцам.
Даклад быў падрыхтаваны арганізацыямі: Freedom House, Цэнтр па правах чалавека ZMINA, «Рэгіянальны цэнтр па правах чалавека», праваабарончы цэнтр «Вясна» і BELPOL.
Больш за дзве тысячы дзяцей
Аўтары дакладу сцвярджаюць, што з 2021 года ў Беларусь з акупаваных Расіяй абласцей Украіны былі вывезеныя 2219 дзяцей. Усё пачалося з таго, што ў верасні 2021 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне «Аб арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей Данбаса». Менавіта тады ў Беларусь прывезлі першыя групы: 150 дзяцей з дзіцячых дамоў акупаванага Данецка размясцілі ў лагеры «Зубраня».
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе дзяцей сталі прывозіць часцей. Групы па некалькі дзясяткаў і нават сотняў чалавек размяшчалі ў лагеры «Дуброва» пад Салігорскам, санаторыі «Волма» ў Мінскай вобласці, рэабілітацыйным цэнтры ў Астрашыцкім гарадку, санаторыі «Залатыя Пескі» ў Гомельскім раёне, рэабілітацыйным цэнтры імя Якуба Коласа ў Кобрыне, санаторыі «Дубровенка» пад Магілёвам, аздараўленчым цэнтры «Лясная паляна» ў Гродзенскай вобласці.
«Каб Байдэн здох, каб Зяленскі таксама». Што адбываецца з дзецьмі ў Беларусі
Аўтары дакладу сцвярджаюць, што пад выглядам лячэння і рэабілітацыі ўкраінскім дзецям у Беларусі распавядаюць пра ідэі «рускага свету», іх перавыхоўваюць і мілітарызуюць. Дзецям ладзяць сустрэчы з вайскоўцамі, сілавікамі і прапагандыстамі.
Заняткі з імі праводзяць на расійскай мове, транслюючы прапагандысцкія наратывы, распавядаюць пра «калабарантаў-украінцаў» падчас Другой сусветнай вайны, пытаюцца, ці ўважаюць яны сябе за расійскіх грамадзян.
У 2022 годзе дзяцей з Данецка і Марыупаля, якія жывуць у санаторыі «Волма», вазілі ў вайсковую частку спецназа УС РБ №3214. Там для дзяцей правялі канцэрт на пляцы. На фота з мерапрыемства яны трымаюць у руках зброю, а некаторыя стаяць у футболках з літарай Z, якая стала знакам падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны.
Дзецям ладзяць сустрэчы з праўладнымі артыстамі і актывістамі, ваеннымі і міліцыянтамі — напрыклад, супрацоўнікамі ГУБАЗіК або інспектарамі па справах непаўналетніх. У студзені 2023 года на такой сустрэчы былі дзеці з акупаваных Горлаўкі і Лісічанска.
«Праграма такіх мерапрыемстваў звычайна вельмі падобная: службовыя асобы праводзяць для дзяцей экскурсію, паказваюць ім зброю і навучаюць іх карыстацца ёй», — пішуць аўтары дакладу.
У кастрычніку 2022 года ў «Дуброве» перад дзецьмі выступалі сёстры Груздзевы.
«І дай Гасподзь сілы і магчымасці хутчэй вырашыць гэтую сітуацыю. Каб мы жылі ў міры. Каб Байдэн здох, Госпадзе, прабач мяне, каб Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў, і ўзяў кантроль над усёй Украінай», — сказала адна з сясцёр.
У красавіку 2023-га да дзяцей прыязджаў праўладны палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі, а разам з ім — першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук'янаў і ўдзельнікі салігорскага ваенна-патрыятычнага клуба «Крыніца».
З дзецьмі сустракалася інфаказачка Вольга Бондарава і прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі. Мяркуючы па публікацыях Бондаравай, з падлеткамі, якія прыехалі на «рэабілітацыю» казалі пра «ЦІПСА», «рэферэндумы ў ЛДНР» і тое, «чым жывуць новыя рэгіёны Расіі».
У 2024 годзе перад дзецьмі з Украіны, якія павінны былі праходзіць лячэнне ў рэабілітацыйным цэнтры ў Астрашыцкім гарадку, выступаў асабісты склад цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС.
Сярод тых, хто праводзіць час з дзецьмі, ёсць і іх аднагодкі з акупаваных тэрыторый, якіх «расійскія ўлады ўжо падвергнулі мілітарызацыі». Праваабаронцы мяркуюць, што яны могуць аказваць на дзяцей дадатковы ўплыў. Напрыклад, восенню 2022 года ў санаторыі «Дуброва» адпачывала 15-гадовая дзяўчынка з Данецкай вобласці, удзельніца расійскай юнацкай вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Юнармія», а ў Наваполацку — 17-гадовая ўдзельніца прапуцінскага «Руху першых».
Прапагандысты распытваюць дзяцей пра траўматычныя падзеі
Дзяцей з акупаваных абласцей Украіны рэгулярна паказваюць у дзяржаўных медыя. Як сказана ў дакладзе, прапагандысты задаюць дзецям на камеру пытанні пра абстрэлы, траўмы, часам даводзячы іх да слёз.
«Журналісты ў першую чаргу задаюць наводзячыя пытанні, звязаныя з траўміруючымі тэмамі: абстрэлы, пачуцці дзяцей ва ўмовах баявых дзеянняў, ці з'яўляюцца «разбітыя вокны» нормай і гэтак далей. Настойлівыя роспыты журналістаў патрабуюць дэталёвых успамінаў і аднаўлення траўміруюць падзей», — сказана ў дакладзе.
Пры гэтым дзеці ў эфіры дзяржмедыя выкарыстоўваюць тэрміналогію афіцыйных уладаў Беларусі і Расіі, называючы вайну «СВА», кажуць пра тое, што «ўкраінскія баевікі» іх абстрэльваюць і што «Марыупаль пачынае адраджацца». Беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева пыталася ў дзяцей, расійскімі ці ўкраінскімі дзецьмі яны сябе лічаць. Дзеці адказвалі, што расійскімі, пры гэтым іх словы гучалі завучана, гаворыцца ў дакладзе.
«У адным з сюжэтаў інтэрв'юер наўпрост пытаецца ўкраінскага хлопчыка на камеру, пайшоў бы ён на вайну, калі б быў старэйшы. Хлопчык адказвае, што пайшоў бы, таму што «Украіна прыйшла на маю зямлю і забівае такіх, як я», — пішуць аўтары дакладу.
З сюжэту Лебедзевай:
— Такое пытанне, калі б ты быў старэйшы, ты б пайшоў служыць? — пытаецца прапагандыстка.
— Так, — адказвае дзіця.
— А чаму?
— Ну, па-першае, Украіна ўвайшла на маю зямлю, забівае такіх жа як я.
Ці даюць згоду бацькі
Як пішуць праваабаронцы, бацькі падпісваюць згоду на вываз дзяцей выключна ў «рэабілітацыйныя лагеры або лагеры адпачынку».
«Бацькі часта спрабавалі часова абараніць сваіх дзяцей ад наступстваў ваенных дзеянняў, такіх як абстрэлы, пазбаўленне харчавання і артылерыйскі агонь, абмежаванымі магчымасцямі эвакуацыі ў прыфрантавых раёнах. Бацькі, як правіла, нават прапагандысцкім СМІ агаворвалі, што згода даецца толькі на часовае знаходжанне і адпачынак, а не на палітычную апрацоўку і мілітарызацыю. Ва ўмовах абмежаванага доступу да акупаваных тэрыторый складана вызначыць, ці была кожная згода сапраўды добраахвотнай і ўсвядомленай», — пішуць даследнікі.
У некаторых выпадках адпраўка дзяцей у лагеры ў Расіі, як сказана ў дакладзе, «адбывалася пад пагрозамі і прымусам». Аўтары дакладу прыходзяць да высновы, што «рэчаіснасць бацькоўскай згоды сумнеўная».
Хто з Беларусі датычны да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей
У дакладзе пазначаныя афіцыйныя асобы з расійскага, беларускага і ўкраінскага боку, якія, на іх думку, датычныя да вывазу дзяцей.
У першую чаргу гэта Аляксандр Лукашэнка, а таксама Аляксей Талай-беларускі паралімпійскі спартсмен, які «адыграў цэнтральную ролю ў праекце па перасяленні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь».
З беларускага боку названыя такія чыноўнікі, палітыкі і актывісты, як кіраўнік Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа і дэпутат Дзмітрый Шаўцоў, кіраўнік БЧ Дзмітрый Марозаў і іншыя людзі.
Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што вываз украінскіх дзяцей аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У 2022 і 2023 гадах на гэта было выдаткавана ў суме амаль 600 тысяч долараў. Чыноўнікі называюць выдзеленыя сродкі «гуманітарнай дапамогай».
Чаго хочуць аўтары дакладу
Праваабаронцы маюць намер дамагчыся прыцягнення да адказнасці тых, хто мае дачыненне да незаконнага перамяшчэння дзяцей. У сярэдзіне верасня аўтары дакладу перадалі дакументы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Зараз яны заклікаюць урады краін-членаў Рымскага статута таксама звярнуцца ў суд і перадаць доказы ўдзелу ўладаў Расіі і Беларусі ў перамяшчэнні дзяцей з Украіны.
«Міжнародны
крымінальны суд павінен
выдаць ордэры на арышт Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрыя Мезенцава, Міхаіла
Мішусціна і Аляксея Талая за іх ролю ў перавыхаванні і мілітарызацыі ўкраінскіх
дзяцей у дадатак да перагляду ордэраў на арышт, ужо выдадзеных Уладзіміру
Пуціну і Марыі Львовай-Бяловай. Урады таксама павінны падтрымліваць
расследаванні МКС з дапамогай разведвальнай інфармацыі і абмену данымі», —
пішуць аўтары дакладу.