Ініцыятыва «Вольная Беларусь» адзначыла 10-гадовы юбілей

У Варшаве адбылася святочная імпрэза, прысвечаная дзесяцігоддзю Ініцыятывы «Вольная Беларусь».

x_30e32156.jpg


Пазаўрадавая арганізацыя, найбольш вядомая па правядзенні штогадовых канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю», была заснаваная ўлетку 2006-га году.
Магда Пытлякоўска, якая ўваходзіць у кіраўніцтва арганізацыі, нагадала гісторыю ініцыятывы:
— Ініцыятыву “Вольная Беларусь” заснавалі ў 2006 годзе. Удзельнікі ініцыятывы вырашылі працаваць на карысць Беларусі. Яны зрабілі самы вялікі канцэрт падтрымкі Беларусі ў свеце. Раней гэта былі ў асноўным палякі, цяпер больш беларусаў. Упершыню старшынём нашай арганізацыі стаў беларус.
Новы старшыня аб’яднання Яўген Ціхановіч распавёў пра ўрачыстую імпрэзу, музычным госцем якой стаў Андрусь Такінданг з гурту «Рэха».
— Тое, што мы сёння будзем святкаваць дзень нараджэння, мы ведалі напачатку гэтага года. Андрусь быў госцем “Салідарныя з Беларуссю” у 2011-2012 гадах, і мне падаецца, што гэта адпаведны артыст для такіх камеральных мерапрыемстваў. Запрашалі літаральна ўсіх, чакалі, што прыйдуць людзі, якія адчуваюць сваю прывязанасць да арганізацыі. Думаю, што ўсё атрымалася. Сярод дзясяткаў гасцей юбілею была і прадстаўнік мэрыі Варшавы, якая павіншавала Ініцыятыву “Вольная Беларусь” і ўручыла памятны падарунак ад сталічнай адміністрацыі. Чарговы канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» плануецца правесці ўвосень.
Паводле «Радыё Рацыя»