Еўрасаюз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі
Еўрапейскі Саюз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання думак і свабодай прэсы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.
«Мы настойліва заклікаем UNESCO як агенцтва ААН з асаблівым
мандатам абараняць свабоду выказвання думак і свабоду друку, адрэагаваць на
далейшае пагаршэнне сітуацыі ў галіне права на свабоду выказвання думак і
свабоды друку, асабліва ў дачыненні да журналістаў і сродкаў масавай
інфармацыі, а таксама ўсіх асоб, якія жадаюць свабодна выказваць сваё
меркаванне, у Беларусі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні
2020 году», — падкрэсліваецца ў заяве.
У ёй адзначаецца, што беларускія ўлады працягваюць агрэсіўны
пераслед беларускіх і замежных журналістаў і работнікаў СМІ, якіх рэгулярна
запалохваюць і адвольна затрымліваюць.
«Мы таксама асуджаем адмову ў праве на свабоду перакананняў
і іх свабоднае выказванне і свабоду мірных сходаў як у сетцы, так і па-за ёй,
сістэматычнае і вартае шкадавання абмежаванне доступу да інфармацыі,
адключэнне інтэрнэту і ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў для незалежных
СМІ з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў заяве.
ЕС заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэнні правоў
чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ, і выконваць вяршэнства
закона. А таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх
журналістаў і работнікаў СМІ, якія ўтрымліваюцца пад вартай або адбываюць
турэмнае зняволеньне проста за выкананне сваёй працы і рэалізацыю сваіх
правоў.
ЕС працягвае падтрымліваць «законны заклік беларускага
народа паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, уключаючы свабоду
перакананняў і іх свабоднае выказванне, інфармацыі, свабоду сходаў і
асацыяцый, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі, і вітае тых, хто
працягвае адстойваць свае правы».
Адзначаецца, што ў нядаўнім лісце генеральнаму дырэктару
UNESCO Адры Азулай Еўрапейскі Саюз падкрэсліў, што арганізацыя павінна
адыгрываць сваю важную ролю ў абароне журналістаў ва ўсім свеце.
«У адпаведнасці з нядаўнім пасланнем генеральнага
дырэктара з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы мы заклікаем UNESCO
гучна і выразна выказвацца па гэтым пытанні, публічна пацвярджаючы сваю
абсалютную падтрымку свабоды выказвання думак і абароны журналістаў у
Беларусі», — падкрэсліваецца ў заяве ЕС.
UNESCO — арганізацыя пры ААН, якая адказвае за міжнароднае
супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і навукі. Створаная ў 1945 годзе,
штаб-кватэра размяшчаецца ў Парыжы. Налічвае 193 дзяржавы-члены, дзьве
дзяржавы-назіральніцы і дзесяць асацыяваных членаў.
Мэты — садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі за кошт
пашырэння супрацоўніцтва дзяржаў і народаў у галіне адукацыі, навукі і
культуры; забеспячэнне справядлівасці і захавання законнасці, усеагульнай
павагі правоў і асноўных свабод чалавека, абвешчаных у Статуце ААН, для ўсіх
народаў, без адрознення расы, полу, мовы, арыентацыі або рэлігіі.