Эскалацыя істэрыі

Танкі падступнага NATO рухаюцца да нашай мяжы — навошта? Мы, беларусы, мірныя людзі, але, калі трэба, уломім ім так, што мала не пакажацца. Але спачатку мы павінны ўдосталь абмеркаваць і разабрацца, за што і каму наваляем.

Фота udf.by

Фота udf.by

Прыкладна так можна распавесці пра істэрыю ў беларускім афіцыёзе з нагоды прыбыцця ў Літву кантынгенту арміі ЗША. Адразу адзначу, што пра разгортванне амерыканскіх вайскоўцаў непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы было вядома даволі даўно — прынамсі з канца верасня. Больш за месяц таму мы ведалі нават пра склад гэтай групоўкі: 1-ы танкавы батальён 9-га палка 1-й дывізіі арміі ЗША, 30 танкаў «Абрамс», 25 баявых машын пяхоты «Брэдлі», 70 ваенных грузавікоў. Тады паведамлялася, што амерыканскі батальён будзе размяшчацца ў Літве да вясны 2020 года.

Прычым, з вясны 2014 года ў Літве ўжо было разгорнута больш за дзесяць ратацый сухапутных войскаў ЗША, апошняя з якіх была ў балтыйскай рэспубліцы ў 2017 годзе. І нікога гэта, па вялікім рахунку, не турбавала. Але зараз нечакана ў дзяржпрапаганды пачалася нейкая істэрыя. Дня не праходзіць, каб пра танкі NATO хто-небудзь не згадаў. Іх абмяркоўваў нават «Клуб рэдактараў» на БТ.

У прынцыпе, даволі слушна сказаў пра гэтую групоўку і беларускі кіраўнік. Па яго словах, 30 танкаў — смешна для нашага войска, і падобны кантынгент нават асаблівай увагі не патрабуе.

Больш турботна, напэўна, для Беларусі тое, што ў наступным годзе ў Еўропе чакаюцца вялікія вайсковыя вучэнні NATO Defender Europe. Яны пройдуць на тэрыторыі дзесяці еўрапейскіх краін, уключаючы Польшчу, Літву і Латвію. У манеўрах прымуць удзел вайскоўцы з 18 дзяржаў у колькасці ад 37 да 40 тысяч. Мажліва, гэта напружыла беларускія ўлады?

Насамрэч, наўрад ці. Адно з адрозненняў вучэнняў NATO — гэта іх адкрытасць. Прынамсі, ужо зараз мы ведаем, колькі вайскоўцаў будзе ў іх удзельнічаць, і дзе яны будуць праходзіць — у адрозненне, напрыклад, ад нашых з Расіяй вучэнняў «Захад–2017». Ці не ў апошні момант мы даведаліся пра «Вейшнорыю», а пра тое, што яна з’яўляецца толькі складнікам агульнарасійскіх вучэнняў «Захад» — і пагатоў толькі ў час аперацыі. Зазначым таксама, што ў час тых мерапрыемстваў, па некаторых звестках, адпрацоўваўся ядзерны ўдар па Літве і Польшчы. Таму зусім не дзіўна, што NATO вырашыла неяк падрыхтавацца.

Да таго ж, не дзіўна, што Паўночнаатлантычны альянс разам з саюзнікамі праводзіць вучэнні ў нашым рэгіёне. Бо «тэатр ваенных дзеянняў» (патэнцыйных, канешне) значна змяніўся. І звязана гэта з пабудовай атамнай станцыі ў Астраўцы. Вядома, вайскоўцы як з «таго», так і з «іншага» боку павінны гэты фактар улічваць. То-бок, у нечым высадку амерыканскага кантынгенту ў Літве мы справакавалі самі.

Але ўсё ж паўстае пытанне: каму выгадная гэтая істэрыка з «танкамі NATO»? 30 танкаў Альянсу — зусім не праблема для адной рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч», якая на адной загрузцы ператварае ў пустэчу 60 гектараў (а такіх установак у беларускім войску аж 40). Дык навошта з камара каня рабіць?

Можа быць, нехта перад прэзідэнцкімі выбарамі зноў вырашыў разыграць козыр «абы не было вайны»? Дык пасля Украіны гэта наўрад ці спрацуе. Там, усё ж, рэальныя вайсковыя дзеянні, а не вучэнні — і на Беларусі не адбілася. Мабыць, нехта ў чарговы раз вырашыў пахваліцца сваёй «міратворчасцю»? Таксама не пракатвае, тады лепей было б гэтыя танкі не заўважаць.

Падобна, справа ў тым, што на амерыканскія войскі ў Літве моцна ўзбудзіліся ў Расіі. Як заўважыў, напрыклад, ваенны эксперт Леанід Спаткай, размяшчэнне кантынгенту ЗША на мяжы з Беларуссю было ацэненае ў расійскай прапагандзе адназначна: без вайсковай падтрымкі Расіі Беларусі — канец, а таму трэба тэрмінова размяшчаць у Сінявокай ужо расійскую ваенную базу. Пра што размовы ходзяць даволі даўно, але беспаспяхова.

Беларускае ж кіраўніцтва ад «саюзных» войскаў адхрышчваецца як можа і як не можа. А вось беларускія сродкі масавай прапаганды…

Міжволі ўзгадваецца цікавы маніторынг наяўнасці ў беларускіх дзяржаўных СМІ прарасійскай прапаганды, які ў лютым гэтага года прадставіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Па выніках даследавання васьмі тэлеканалаў, якія ўключаныя ў абавязковы для трансляцыі пакет праграм, атрымалася, што пад 50% іх праграм так ці інакш транслююць расійскую прапаганду і расійскія каштоўнасці. А той жа маніторынг «галоўнай газеты краіны» — «СБ — Беларусь сегодня» — паказаў, што амаль у кожным з яе нумароў з’яўляўся матэрыял, які прасоўваў прарасійскую тэматыку альбо пазіцыю.

У гэтай сітуацыі дзяржаўныя СМІ не маглі не падхапіць расійскі «істэрычны вірус». Але ж з маленечкай папраўкай: яны не могуць «пайсці супраць бацькі» і, па расійскаму прыкладу, агітаваць за расійскую ваенную прысутнасць у Беларусі. А таму падхопленая імі істэрыка выглядае нягегла. Гэтая сітуацыя чарговым разам дае падставы задацца пытаннем: на якую дзяржаву працуюць беларускія дзяржаўныя СМІ?