ЕС заклікае вызваліць усіх затрыманых на акцыях пратэсту
Еўрасаюз заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас акцый пратэсту. Пра гэта заявіла БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч, каментуючы сітуацыю з затрыманнямі і арыштамі ў краіне.
"Затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі, — адзначыла яна. — Еўрапейскі саюз застаецца прыхільным стабільнай, дэмакратычнай і паспяховай будучыні Беларусі на карысць яе народа і працягне сваю працу над гэтай мэтай. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых".
Акцыі супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" праводзяцца ў розных гарадах Беларусі з лютага.
9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў вулічных акцый супраць дэкрэта № 3. "Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупываць гэтых правакатараў", — сказаў ён. "Працаваць трэба на папярэджанне, я кажу гэта публічна. І ўсе тыя, якіх мы выпусцілі з засценкаў за мінулыя дзеянні, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад", — заявіў Лукашэнка.
10 сакавіка пасля акцыі ў Маладзечне былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі.
Нягледзячы на іх арышты, 11 і 12 сакавіка акцыі супраць дэкрэта "аб дармаедстве" прайшлі ў пяці гарадах Беларусі — Пінску, Бабруйску, Брэсце, Оршы і Рагачове. У Бабруйску і Оршы акцыі былі найбольш масавымі, на кожную з іх сабралася прыблізна тысяча чалавек. У гэтых гарадах зафіксаваныя масавыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў, а таксама вобыскі і прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў. У ліку затрыманых апынуліся 19 журналістаў і блогераў, якія асвятлялі акцыі.
Паводле звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі было затрымана больш за 70 чалавек.
13 сакавіка ў судах Оршы, Брэста і Бабруйска праходзяць працэсы над затрыманымі.
Афіцыйных каментараў уладаў з нагоды затрыманняў пакуль не было.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН