«Чырвонай кнопкі» ў Лукашэнкі няма. Але ёсць яе імітацыя
Масква і Мінск палохаюць Еўропу ядзерным ударам, але няма пацверджаных даных, што тактычныя ядзерная зброя завезеная ў Беларусь. У такім выпадку мы становімся проста мішэнню для ўдару ў адказ з боку Захаду.

Фота мае ілюстрацыйны характар
На пасяджэнні пастаяннай нарады Савета бяспекі па ядзерным стрымліванні Уладзімір Пуцін заявіў пра тое, што Масква пакідае за сабой права на прымяненне ядзернай зброі ў выпадку агрэсіі супраць Расіі і Беларусі.
«З беларускім бокам усе гэтыя пытанні ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту», — сказаў Пуцін.
У сваю чаргу, беларускі дыктатар нагадаў, што на так званым «патрыятычным форуме», які праходзіў 17 верасня ў Мінску, ён заявіў прысутным, што напад на Рэспубліку Беларусь будзе азначаць пачатак Трэцяй сусветнай вайны. «Дзякуй, нядаўна Пуцін гэта пацвердзіў, уносячы папраўкі ў ядзерную дактрыну, што напад на Расію і Беларусь — мы ўжываем ядзерную зброю. Ён пацвердзіў мае словы. У гэтым сутнасць была маёй заявы. Як толькі яны нападаюць на нас (NATO ёсць NATO. Амерыканцы і палякі — яны ўжо сталі ўздоўж мяжы, асабліва польскай. Ведаем, што кіраўніцтва Польшчы ўжо рукі пацірае), мы ўжываем ядзерную зброю. І Расія за нас уцягваецца», — цытуе Лукашэнку «Голас Амерыкі».
«Ядзерная зброя, якая размешчана ў Беларусі па настойлівых просьбах Лукашэнкі, не знаходзіцца ў яго руках»
Незалежны ваенны эксперт Юрый Фёдараў лічыць, што ў словах Пуціна, сказаных ім на пасяджэнні Савета бяспекі РФ, пра змены ў ядзернай дактрыне няма нічога новага, паколькі ўсё гэта было і ў ранейшых версіях ядзернай дактрыны. «Якая, між іншым, дагэтуль дзейнічае, таму што пакуль указ аб новай дактрыне, наколькі можна меркаваць, не падпісаны. У старой версіі гаварылася пра тое, што напад на саюзнікаў можа разглядацца як прычына для прымянення ядзернай зброі», — адзначыў Фёдараў у гутарцы з карэспандэнтам «Голаса Амерыкі».
А прыведзеныя вышэй словы самаабвешчанага кіраўніка Беларусі ён каментуе наступным чынам: «Лукашэнка вельмі баіцца таго, што ва ўмовах нейкага народнага абурэння, новай рэвалюцыі, будзе ўмяшанне з боку, напрыклад, Польшчы. Прывід падобнага ўмяшання яго пераследуе, і, адпаведна, ён хоча мець у сваім распараджэнні ядзерную зброю, якой можна палохаць заходніх суседзяў. Але справа ў тым, што ядзерная зброя, якая размешчана ў Беларусі, хоць і з'явілася па настойлівых просьбах Лукашэнкі, не знаходзіцца ў яго руках. І гэта трэба разумець. Абсалютна дакладна, што загад аб яе ўжыванні можа быць дадзены толькі з Масквы».
Заява Пуціна пра тое, што дапамога Украіне краін, якія валодаюць ядзернай зброяй, фактычна, робіць іх цэллю для расійскай ядзернай зброі, на думку эксперта, трэба расцэньваць як наўпроставую пагрозу Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША.
Глядзіце таксама

На пытанне карэспандэнта «Голаса Амерыкі», чаму гэтая новая-старая дактрына заяўлена менавіта цяпер, Юрый Фёдараў адказаў:
«На мой погляд, гэта не звязана з візітам Зяленскага ў ЗША. Хутчэй прычына ў тым, што УСУ ўтрымліваюць шэраг тэрыторый у Курскай вобласці. І дзяржавамі-чальцамі NATO абмяркоўваецца пытанне дазволу Украіне выкарыстоўваць зброю, якая пастаўляецца на поўную далёкасць. Такога дазволу пакуль няма, але для Крамля гэта было б даволі хваравітым, прычым не столькі з ваеннага, колькі з унутрыпалітычнага пункту гледжання».
Апошнім часам праз няўдачы расійскага войска на фронце Пуцін атрымлівае нямала крытыкі з боку так званых «раззлаваных патрыётаў». «У прыватнасці, яны папракаюць яго ў тым, што ён не прадпрымае належных мер, і гэтая крытыка пранікае нават у шматлікія ток-шоу на федэральных тэлеканалах. І паколькі прыкладна такая ж па танальнасці крытыка была адным з аргументаў, якія выкарыстаў Прыгожын падчас яго леташняга бунту,што не сустрэў супраціву з боку сілавікоў, то гэта вельмі турбуе Пуціна», заключае Юрый Фёдараў.
«Не дай бог, калі гэта будзе калісьці рэалізавана менавіта з тэрыторыі Беларусі»
Прадстаўнік па нацыянальнай бяспецы і абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук ахарактарызаваў шматгадовыя ўзаемаадносіны Пуціна і Лукашэнкі як «дыялог шчырых сяброў, якія трымаюць у сябе за спінай нажы».
«Падобна на тое, што яны не ўзгаднілі пытанне абароны расійскай ядзернай зброяй Беларусі, таму што звычайна гаваркі беларускі дыктатар не спяшаецца каментаваць гэтую навіну. Лукашэнка разумее, што Пуцін канчаткова яго прыбіў да авантуры расійска-ўкраінскай вайны, а ён усімі фібрамі душы хацеў бы пазбегнуць долі Мілошавіча, Кадафі або Хусэйна. Але, падобна, не атрымаецца яму ад гэтага адкруціцца, бо Пуцін яшчэ раз намаляваў буйную мішэнь на Беларусі і на самім Лукашэнку», — падзяліўся ён меркаваннем у гутарцы з карэспандэнтам «Голаса Амерыкі».
І дадае, што Беларусь, якая вельмі пацярпела ад Чарнобыля, у выпадку рэалізацыі гэтых пагроз рызыкуе атрымаць зваротны ўдар, прычым такой сілы, пра якую цяпер можна толькі здагадвацца. «Я заўсёды са здзіўленнем слухаю расійскіх прапагандыстаў, якія размахваюць ядзернай дубінай і ніколі не кажуць пра тое, што яны не манапалісты ядзернай зброі на планеце. Ёсць краіны, якія падпісвалі Будапешцкі мемарандум і ўзялі на сябе адказнасць за лёсы Украіны і Беларусі, з тэрыторыі якіх была выведзена ядзерная зброя. Чаму за гэта трымаецца Пуцін? Верагодна, таму што на яго вельмі моцна паўплывалі падзеі 2020 года, калі яны правялі спецаперацыю па пралангацыі паўнамоцтваў Лукашэнкі, але нешта выйшла з-пад кантролю, калі па ўсёй Беларусі на вуліцы выйшлі сотні тысяч людзей. І самае страшным для гэтых двух дыктатараў аказалася тое, што людзі выйшлі па бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сцягамі», — згадвае Вадзім Кабанчук.
Глядзіце таксама

Ён таксама лічыць, што словы Пуціна пра магчымасць прымянення ядзернай зброі супраць краін Захаду ў выпадку пагрозы бяспецы Беларусі — прамы працяг інфармацыі пра размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскай ЯЗ.
«Хоць на сённяшні дзень няма пацверджаных даных, што ядзерная зброя ўжо размешчаная ў Беларусі, але ёсць інфармацыя, што рыхтуецца інфраструктура. Да нас даходзяць звесткі, што аднаўляюцца базы захоўвання, якія былі пабудаваныя ў часы СССР, а потым былі закансерваваныя і закінутыя. Таксама ўзмоцнены рэжым аховы на некаторых аб'ектах, якія размешчаны ў тых жа месцах на паўднёвым захадзе Беларусі ў раёне Палесся», — расказвае прадстаўнік па нацыянальнай бяспецы і абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
І рэзюмуе, што магчымасць запуску ракет з ядзернымі боегалоўкамі з'яўляецца прэрагатывай Расіі: «Не думаю, што Лукашэнку хтосьці дасць ключы ад "кнопкі". І не дай бог, калі гэта будзе калісьці рэалізавана менавіта з тэрыторыі Беларусі. Гэта ж могуць быць не наземныя пускавыя ўстаноўкі задзейнічаныя, а можа зайсці самалёт з паветранай прасторы нашай краіны і зрабіць удар у любы бок».