Чароўная моц інтэрнэту

Усе мы памятаем, як Лукашэнка называў інтэрнет «вялікай сметніцай». А на гэтым тыдні высветлілася, што для таго, каб лазіць па гэтай сметніцы, у кіраўніка дзяржавы ёсць спецыяльна навучаны чалавек. І можа, нават, не адзін.

internet_history_3.jpg


«Мне дакладаюць, што нярэдка паведамленні на выплату збору паступаюць ад падатковых інспекцый грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках, нават салдатам тэрміновай службы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай знакамітаму дэкрэту аб лайдацтве. 

Калі наш правадыр сказаў «нярэдка», — гэта значыць, для яго зрабілі адпаведную падборку. А дзе найбольш такіх абуральных фактаў? Зразумела, гэта аповеды людзей у сацыяльных сетках.

Заўважым, што Лукашэнка не згадаў пра яшчэ больш цікавыя выпадкі — калі падатковая дасылала «лісты шчасця» даўно памерлым людзям. Значыць, гэтую інфармацыю, каб зусім ужо не шакаваць кіраўніка дзяржавы, адфільтравалі. Каб Рыгоравіч «сёрфіў» сам, ён бы на яе абавязкова наткнуўся, балазе, выпадкаў хапае. Значыць, ёсць адмысловыя людзі, якія вызначаюць, што чытаць Аляксандру Рыгоравічу ў інтэрнэце, а што — не.

Сама нарада на сенсацыю не цягне — і без таго было зразумела, што дэкрэт трэба дапрацоўваць. Вось каб падатковая адказала б на пытанне, адкуль дармаеды будуць браць грошы, каб заплаціць падатак, — гэта было б ужо нешта. А так — проста пашырыцца спіс тых, хто гэты падатак плаціць не павінен. Ён і без нарады ў Лукашэнкі пашыраўся ўжо некалькі разоў.

Адзінае, што мы даведаліся, — гэта лічбы. У 2013–2014 гадах, калі актыўна абмяркоўвалася неабходнасць увядзення такога падатку, прадстаўнікі ўлады заяўлялі, што ў краіне налічваецца амаль паўмільёна «дармаедаў». За год дзеяння дэкрэту падаткавікі знайшлі толькі 73 тысячы лайдакоў, якім былі разасланыя паведамленні. А пагадзіліся з тым, што яны дармаеды, толькі 9500 чалавек, якія заплацілі ў бюджэт 2,8 мільёна рублёў.

Тым, хто чытае інтэрнэт замест Лукашэнкі, на гэтым тыдні таксама ўскладнілі працу. Міністэрства сувязі паспрабавала заблакаваць у краіне самы вядомы ў свеце сродак інтэрнэт-бяспекі, праз які можна заходзіць у інтэрнэт ананімна, — праграму Тor. Пры гэтым у міністэрстве паведамілі, што абмяжоўваецца не ананімны доступ у інтэрнэт, а наведванне забароненых сайтаў.

У Мінсувязі нагадалі, што, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Беларусі, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаныя абмяжоўваць доступ да рэсурсаў, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой забаронены. У той жа час ёсць інструменты (проксі-серверы, ананімныя сеткі тыпу Tor і іншыя), якія дазваляюць карыстальнікам атрымліваць доступ да заблакаваных інтэрнэт-рэсурсаў. У адпаведнасці з палажэннем аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у інтэрнэце, такія інструменты таксама падлягаюць блакаванню.

Аднак нагадваем, што заблакаваць Tor яшчэ не атрымалася ніводнай краіне ў свеце, у тым ліку Кітаю. Пакорпаўшыся ў настройках Tor, карыстальнікі сістэмы лёгка абышлі блакаванне.

Дый прагрэс не стаіць на месцы. Некаторыя найбольш распаўсюджаныя браўзеры (напрыклад, Opera і Mozilla) ужо дадалі ў сваю структуру VPN — інструмент, які дазваляе рабіць тое ж, што і Tor: абыходзіць нацыянальную блакіроўку сайтаў ды заставацца ананімным у інтэрнэце. Раней VPNам не карысталіся, бо ён быў грувасткім і платным, а зараз — лёгкі і бясплатны.

А яшчэ на тыдні да нас завітала маштабная дэлегацыя з Сенату Польшчы. Польскія дэпутаты сустрэліся з Лукашэнкам, са сваімі калегамі і нашымі апазіцыянерамі ды ўсклалі вянкі ў Курапатах. У выніку маршалак сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі, размаўляючы з журналістамі, сказаў, што «працэс дэмакратызацыі Беларусі ідзе, у нас ёсць два шляхі — гава­рыць ці не гаварыць з сённяшняй беларускай уладай. І як з уладай, так і з апазіцыяй, мы прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі размаўляць трэба».

Адказваючы на пытанне TUT.BY, ці азначае гэты візіт прызнанне беларускага парламента як легітымнага, маршалак Сейма паўтарыў, што ў Польшчы ёсць два выйсця: весці дыялог ці не весці яго: «Трэба, каб гэты працэс быў паступовым, без нейкіх рэзкіх крокаў». «Толькі цярпенне і настойлівасць прывядуць нас да паляпшэння адносін і дэмакратызацыі», — адзначыў ён.

Што на гэта можна сказаць? Шкада Польшчу, асабліва, калі яна па-ранейшаму жадае дэмакратызаваць Беларусь шляхам дыялогу.

Затое жыве і перамагае справа апазіцыянера Уладзіміра Падгола. Гэта ён, дзеля абмежавання наркатрафіку і алкаголю, прапанаваў увесці кантроль на мяжы з Расіяй. Але прасоўваў ён ідэю фактычна самотна, нават не ведаючы, што прыхільнікаў у яго багата.

Жыхар Магілёва Антон Касцоў пайшоў іншым шляхам: ён стварыў на рэсурсе petitions.by петыцыю, у якой зазначыў: «Адсутнасць мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расійскай Федэрацыяй пагражае эканамічнай і грамадскай бяспецы нашай краіны. Паводле дадзеных МУС РБ, больш за 60% кантрабанднага тавару экспартуецца менавіта з Расійскай Федэрацыі. Ценявы рынак няякаснага алкаголю з Расіі складае ў сярэднім каля 200 мільёнаў долараў ЗША штогод у грашовым эквіваленце. Найбольш небяспечнай з’яўляецца бясконцая плынь нелегальных наркатычных і псіхатропных рэчываў з суседняй краіны».

Петыцыя была створана 23 верасня, і яе падпісаў 551 чалавек. Дакумент быў накіраваны ў Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў, і 6 снежня Касцову адказалі з апарату Саўміна, што яго прапанова перанакіраваная для разгляду ў памежны і мытны камітэты краіны.

Як вядома, Падгол на гэтай глебе пасварыўся з АГП і БНФ — з апошнім не столькі з-за ідэі, колькі з-за формы, у якой ён прапагандаваў стварэнне мяжы з Расіяй. 550 падпісантаў петыцыі Касцова — гэта больш паловы колькасці грамадзян, неабходных для стварэння ўласнай палітычнай партыі.