Цягнік, стой! Раз-два!

Відаць, нашы чыноўнікі разлічваюць, што ў час летніх адпачынкаў прасцей працягнуць праз парламент непапулярныя законы. Такія, як, напрыклад, так званы «закон Раўкова» — новыя правілы прызыву ў войска. Маўляў, ваенкаматы істотна недабіраюць прызыўнікоў з-за нядобрасумленных «ухілістаў», якім немагчыма ўручыць позву. І Мінабароны пайшло па звыклым шляху «закручвання гаек».

army_legs.jpg

Галоўныя навіны закона: адтэрміноўка для атрымання адукацыі будзе прадстаўляцца толькі адзін раз. То-бок, калі маладзён адвучыўся ў ВНУ, то перад магістратурай ён павінен будзе адслужыць у арміі. Калі малады чалавек адвучыўся ў каледжы або іншай установе сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то перад паступленнем у ВНУ ён павінен будзе адслу­жыць у арміі.

«Ухілістам» не трэба будзе ўручаць позву асабіста: дастатковым будзе факт адпраўкі позвы прызыўніку, а калі ён яе па нейкіх прычынах не атрымаў, — гэта яго праблемы.

Адсутнасць законных падстаў для непраходжання службы ў войску прывядзе да таго, што чалавека ўнясуць у спіс невыязных з Беларусі. Тых, хто не служыў, не маючы на гэта падстаў, будзе забаронена браць на працу на дзяржаўную службу, у Следчы камітэт, МНС, КДК і міліцыю.

Таксама прадугледжаны змены ў Кодэкс аб адукацыі. Прапануецца дазволіць выпускнікам, якім трэба адпрацаваць па размеркаванні, замяніць размеркаванне службай па кантракце «не менш тэрміну абавязковай працы». У гэтым выпадку ім не трэба будзе кампенсаваць грошы, выдаткаваныя на навучанне.

Новаўвядзенні не закрануць тых, каму да моманту ўступлення закона ў сілу споўніцца 27 гадоў. Але калі на момант увода дакумента ў дзеянне малады чалавек ужо атрымаў адну адтэрміноўку ад войска для атрымання/працягу адукацыі, то права на другую адтэрміноўку ў яго ўжо не будзе.

Гэтыя драконаўскія захады выклікалі шок у спецыялістаў. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін лічыць такія ініцыятывы «катастрофай». Па-першае, знізіцца ўзровень адукаванасці моладзі — не факт, што пасля войска чалавек, які хацеў пайсці ў аспірантуру/магістратуру, працягне свой шлях. Па-другое, забарона прымаць «не служылых» у органы дзяржкіравання падарве тыя самыя органы дзяржкіравання: чыноўнікаў у нас значна больш, чым увесь склад войска. Па-трэцяе, наўрад ці чалавек, які пайшоў у войска «з-пад бізуна», стане нармальным вайсковым спецыялістам.

Толькі за суткі пад петыцыяй з патрабаваннем да парламента адхіліць гэты законапраект падпісаліся 10 тысяч (!) чалавек. Падпісалася б, можа быць, і больш, але «закон Раўкова» паспрабавалі працягнуць тэрмінова: шырока вядома пра яго стала 24 чэрвеня, а ўжо 26 чэрвеня парламент разглядаў і прыняў дакумент у першым чытанні. 28 чэрвеня за закот прагаласавалі ў другім чытанні. Перад галасаваннем у другім чытанні выступіла толькі адна дэпутатка — Ганна Канапацкая. Яна звярнула ўвагу, што закон выклікаў негатыўную рэакцыю ў грамадстве, і заклікала калег прыняць узважанае рашэнне. У выніку за прыняцце законапраекта прагаласавалі 85 дэпутатаў, супраць — 9.

Што тут можна сказаць? Каб маладзёны ішлі ў войска, трэба не толькі нармальнае патрыятычнае выхаванне (якім, дарэчы, павінны займацца не ў войску, а ў тых самых навучальных установах, у якія будучыя прызыўнікі проста не трапяць). Патрэбнае нармальнае войска, у якім была б немагчымая «справа Коржыча». Патрэбная нармальная адказнасць, каб сваякі ў выпадку «справы Коржыча» ці «справы Арцёма Басцюка» (ён таксама, паводле меркавання родных, быў забіты ў вайсковай частцы ў Барысаве) былі ўпэўненыя, што злачынцы панеслі патрэбную кару, каб забойства не ператваралася ў «нестатутныя адносіны».

Карацей, найперш трэба навесці парадак у самім войску, каб людзі не баялася туды ісці. А справы, кшталту «справы Коржыча», выклікаюць у бацькоў маладзёнаў толькі адну эмоцыю: «Не пушчу свайго ў войска!» І тут ужо нават не толькі ад маладзёна «ўхіленне» залежыць…

Дарэчы, наконт «парадку». «Рука руку мые» ў нас не толькі ў арміі. Намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук паведаміў, што пракуратура «не выявіла» незаконных дзеянняў міліцыянтаў у час масавай «праверкі» прадстаўнікоў цыганскай дыяспары ў Магілёўскай вобласці. Нагадаем, у траўні засіліўся супрацоўнік ДАІ Патаповіч, але перад гэтым даслаў паведамленне, што яго выкралі цыгане. Міліцыя вельмі жорстка «прашарсціла» ўсю дыяспару. На дзеянні супрацоўнікаў МУС наракаў нават Лукашэнка, а кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава вымушаная была паехаць да цыганаў і там публічна прасіць прабачэння.

Дык вось, па меркаванні Стука, «у супрацоўнікаў міліцыі былі ўсе падставы такім чынам масава правяраць прадстаўнікоў цыганскай дыяспары». Пракуратура выявіла «нязначныя працэсуальныя парушэнні з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія пасля ліквідавалі». «Акрамя таго, ніводнай заявы (з нагоды дзеянняў міліцыі) ад асоб цыганскай нацыянальнасці не паступіла», — сказаў Стук.

Цікава, за што тады выбачалася Качанава і на што наракаў Лукашэнка? Ці, паводле меркавання намесніка генпракурора, Аляксандр Рыгоравіч павінен узяць свае словы назад? І як быць з Качанавай, якая паабяцала цыганам, што «ўсе скаргі будуць разгледжаныя», а Стук, як ён кажа, ніводнай не бачыў?

І дагэтуль у нас працягваецца «баданне» з уладамі наконт сумнавядомага антынаркатычнага 328-га артыкулу Крымінальнага кодэкса. Яго «змякчэнне» не задаволіла грамадскасць. Зараз да гэтага змагання, падаецца, падключаецца ААН, і яе структура — Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Прынамсі, каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса СААЗ у Беларусі Вячаслаў Гранько распавёў, што, паводле дадзеных апошніх даследаванняў, на аднаго «адкрытага» спажыўца ін’екцыйных наркотыкаў прыходзіцца пяць «схаваных». А не лечацца беларусы ад нарказалежнасці, бо баяцца патрапіць у поле зроку УУС.

Сістэма ААН у Беларусі ў красавіку накіравала ліст у парламент, дзе выказала занепакоенасць жорсткай крыміналізацыяй ужывання наркотыкаў і прапанавала альтэрнатыўныя варыянты. Напрыклад, у Эстоніі чалавек, што трапіўся на наркотыках, выбірае, лячыцца яму або ісці ў турму.

Можа, дэпутатам варта прыслухацца да грамадства і ААН?